З-за цёмных аблокаў выплыў таўсташчокі месяц. Пару зорачак, нібы балерыны на падтанцоўцы, выскачылі следам за ім з цемры. Свавольны вецер ганяў хмары, нібы драпіроўкі па сцэне. Калі яны апыналіся блізу начнога свяціла, іх краі афарбоўваліся ў светла-жоўты.
– Зірніце, а вунь ззяе наш палітэх. Ніколі б не падумаў, што яго будзе заўважна адсюль і што ён так добра падсвечаны, ― сказаў багамол, абдымаючы Агатку.
Крыху грузны, але статны і прыгожы, жук-насарог нарэшце выпраміўся і пачаў іграць. Загучалі звонкія гітарныя пераборы. Затым паліліся словы вядомай песні. Яны раствараліся ў чорным наваколлі.
Чым болей слухала яго спеў стракозка, тым больш яе ахоплівала адчуванне, што вось, толькі што, яе працяла маланка і электрычныя разрады яшчэ бягуць па целе. Да гэтага моманту Агатка нібы не заўважала Макса. А цяпер, быццам сляпы, якому вярнуўся зрок, яна ўбачыла святло.
«Ну ўсё, я ўліпла, утрэскалася па самыя вушы. Эх, Агатка, Агатка, што ты цяпер будзеш з гэтым рабіць?» ― падумала сама пра сябе.
Той вечар на вышцы змяніў жыццё легкадумнай стракозкі. Не, яна не перастала лётаць і пераскокваць з лаўкі на лаўку, ад калюжыны да калюжыны. Проста дзесьці ў сэрцы засела маленькае джала. Хтосьці б сказаў, што яно выдзяляе атруту. Але Агатка ведала, што гэта не яд, а нектар.
Кожны носіць сваё сонца з сабою. Так і стракозка да пары да часу вырашыла нікому не паказваць каханне. Трэба толькі дачакацца, калі надыдзе ў іх адносінах пацяпленне… Дзяўчына спрабавала па-ціхаму разысціся са сваім былым маладым чалавекам ― іх агульным сябрам. Хацела незаўважна даць зразумець, што гэта быў нібы курортны раман і час яго прамінуў. Ды багамол не збіраўся адпускаць сваю Агатку. Яна казала сябрам, што яны ўжо разышліся. Ён жа гаварыў, што ў стракозкі цяпер цяжкасці, што ён проста не можа пакінуць яе адну і што іх каханне пераадолее нягоды.
– Мы больш не разам, ― казала яна сябрам.
– Разумеем, разумеем. Ён нам усё патлумачыў, не хвалюйся, ― адказвалі тыя. ― Усё ў вас будзе добра.
Агатка спрабавала давесці, што ніякага добра яна не хоча і так быць не можа. Але ў выніку ўсё заставалася на ранейшых месцах.
Раззлаваны багамол ― тым, што лета стракозкі для яго скончылася, ― аднойчы ўдарыў яе. Гэта паўтарылася зноў. Яна не ведала, як выблытацца з ліпкай сеткі, у якую трапіла.
Макс знаходзіўся на адлегласці літаральна выцягнутай рукі. Яны даволі часта бачыліся ў кампаніі. І Агатка была шчаслівай проста ад таго, што ён побач.
Неяк дзяўчына пазнаёміла Макса са сваёй лепшай сяброўкай Багірай. Яна прыехала ў іх горад на лета з Масквы. Хлопец сур’ёзна закахаўся. Цэлых тры месяцы з захапленнем глядзеў на іншую. Агата пакутавала, але на людзях імкнулася нічым сябе не выдаць.
Прайшло паўгода, Багіра напісала Максу, што ўсё ў іх скончылася і яны больш не пара. Той моцна перажываў, але што зробіш? Адлегласць умее лячыць і такія раны.
Агата ж не магла справіцца з сабой. Унутры яе нешта дало збой. Было страшна, нават жудасна. Яна адчувала сябе вельмі-вельмі адзінокай, нікому не патрэбнай і лішняй. Вырашыла зачыніцца на пэўны час дома, папрасіла сяброў, каб не чапалі.
Быць сам-насам аказалася яшчэ больш невыносна, чым з іншымі. Агата стварыла сабе выдуманую сяброўку ў сеціве. Нават імя ёй прыдумала досыць рэальнае ― Ліля Новік.
Агата пачала перапісвацца са сваім альтэр-эга, і штосьці ў ёй нібы пераключалася ў такія моманты. Падавалася, выдуманы двайнік ― сапраўды жывы і самастойны чалавек.
Ліля дадала ў сябры ў сеціве і Агаціных сяброў. Па манеры зносінаў, яе паведамленнях ніхто нават не здагадваўся, што насамрэч ім піша Агата ― нібы два зусім розныя чалавекі… Натуральна, аднойчы Ліля дадала ў сябры і Макса. Завязалася перапіска ― і добры жук-насарог закахаўся. Часам, калі Агата «прытомнела» і зазірала ў Ліліну перапіску, яе апаноўваў жах. Зноў, зноў яна прывяла ў рукі свайго каханага іншую!
Стракозка нарэшце прыйшла ў сябе. Аднойчы набралася смеласці і выдаліла Лілю з сацсетак. Знішчыла ўсё, што было з ёй звязана. У Макса пачалася паніка: дзе Ліля, што з ёй здарылася? Ён моцна перажываў. Агата ж зноў была ў тупіку. Найбольш яна баялася, што, калі распавядзе ўсё, юнак будзе лічыць яе падманшчыцай. Але хлапца ўсё не пакідала занепакоенасць лёсам зніклай дзяўчыны. Таму яна наважылася і прызналася:
– Так, гэта была я. Стварыла фейкавую старонку і ўвесь гэты час пісала табе ад імя Лілі.
Стракозка апусціла вочы, баючыся, што калі падыме іх на каханага, то ўбачыць дакор.
Читать дальше