Апынуўшыся пасярод танцпола на караблі, Андрэй узяў у вядучага мікрафон і сказаў: «Тут прысутнічае дзяўчына, якая скарыла маё сэрца…» Усё вакол Надзеі закружылася, яна больш нічога не чула. Толькі інтуітыўна зразумела, калі трэба было сказаць «так» і ўпасці ў яго абдымкі. На яе пальцы ззяў срэбны пярсцёнак з перлінкай і маленькімі празрыстымі каменьчыкамі.
Сябар, з якім было дамоўлена загадзя, вынес два прыгожыя кактэйлі. А на схілах начных гор, дзе звычайна лазерамі пісалі назву карабля, на гэты раз можна было прачытаць: «Надзя, я цябе кахаю».
Веташок, веташок,
Табе неба, зоры,
А мне шчасця, долі.
Табе на прыбытачак,
А мне на здароўейка.
Словы, у каторы раз прагавораныя бабуляй, вярнулі мяне з марской прахалоды да нашага вогнішча, якое ззяла ўжо не так ярка. Старэйшыя збіралі рэчы ― хто зэдлік, хто рашотку, хто міскі з мясам і гароднінай. Кавалак шашлыка тата ўзяў, каб пачаставаць нашага вялізнага чорнага Абібока, які сядзеў на ланцугу і рэдкім браханнем нагадваў пра тое, што і ён быў бы не супраць далучыцца да агульнай бяседы і асабліва да застолля. Татава фігура растварылася ў цемры.
Следам за ім пазнікалі жанчыны. Былі чутныя толькі іх галасы ― яны таксама звярталіся да Абібока.
Месяц перамясціўся па небе. Цяпер ён завіс над старой высокай ігрушай.
Андрэй падкладваў сухія тонкія галінкі ў агонь. Яны ўспыхвалі, ярка асвятлялі нашыя твары ― рабілася так горача, што даводзілася адсоўвацца, ― а пасля гэтак жа хутка гаслі.
Надзея верыла ў мару майго брата, як і Андрэй – у яе. Калі большасць сваякоў была супраць палётаў, калі ён сам вагаўся, звольніцца з войска і пайсці на звычайную працу ці застацца лятаць, жонка падтрымала яго выбар. Ён быў на карысць неба.
Мы яшчэ доўга сядзелі ля цяпельца, гутарылі. Брат распавядаў пра тыя цікавінкі, што бачыў у далёкім Сінгапуры.
У мяне ж мільганула думка, што такія вось вечары з веташком цалкам робяць мяне шчаслівай тут, пасярод нашых палёў.
Цяпла, назапашага той летняй ноччу, мне хапіла на многа халодных восеньскіх вечароў.
Пачало закручвацца яно ў той час, калі ўсе мы ўдавалі з сябе малекул, якія змяніліся пасля чарнобыльскай катастрофы. Бязважкія, распластаныя ў прасторы. Пазбаўленыя гравітацыі. Часам мянялі аблічча на кроплі дажджу Фукусімы. Нібы наліваліся нуклідамі. Апускалі ўніз галаву і рукі. Усё ўнутры пералівалася, перакатвалася з боку ў бок. Расслабленасць. Нішто не стрымлівала ў звыклых межах адчуванняў. Малекула, кропля Фукусімы.
Наш эксперыментальны тэатр ставіў спектакль пра радыеактыўнае забруджванне. У дзень прэм’еры здарыўся тэракт у менскім метро. Гледачы і крытыкі прыехалі агаломшанымі. Было незразумела, ці варта іграць пастаноўку ў такі чорны дзень. Вырашылі, што дзея пра Чарнобыль адпавядае змрочнаму часу і што ёсць у гэтым свой сімвалізм. Адыгралі. Млява і стрымана. У паветры была разліта смерць. І гэта перашкаджала ўяўляць сябе малекулай.
Наш тэатр пачынаўся не з вешалкі. А з двух апантаных студэнтак журфака: «А давайце створым свой тэатр!» – «А давайце». На ролю вярхоўнага гуру абралі яшчэ аднаго свайго ― былога журфакаўца. Ён скончыў тэатразнаўчую магістратуру, працаваў літаратурным рэдактарам у Купалаўскім. Меў варункі ў замежных калясцэнічных тусоўках.
Калі больш дакладна, то сцэнаў у тых тусоўках імкнуліся пазбягаць. Пафасныя ўрачыстыя выступы ― гэта ўжо прамінулы дзень. Выходзіць са сваімі дзеямі ў народ, разварушваць шэры застылы натоўп ― вось што было ў трэндзе.
Заезжыя тэатралы-эстонцы, што зазірнулі ў халодны Менск, надзелі на галовы і рукі доўгія панчохі, пафарбаваліся ад макавак да самых пятак у ярка-ружовы. І ў такім выглядзе палохалі мінакоў, не звыклых да эксперыментаў.
І мы таксама не баяліся прыдумляць. Усё сыходзіла ад яго, нашага вярхоўнага жраца Аўдзея. Спачатку запрасілі Аўдзю, каб проста падзяліўся сваім бачаннем, правёў пару майстар-класаў. Але ён неяк вельмі добра прыжыўся і ўжо сам не хацеў нікуды сыходзіць.
Ну хто яшчэ мог прымусіць нас катацца па падлозе роднага факультэта, робячы выгляд, што канаем ад апрамянення? Каму б іншаму прыйшло ў галаву папрасіць уявіць і паказаць, быццам тонем і ніякай глебы пад нагамі няма, знаходзячыся ў гэты момант ля вакон інтэрната Акадэміі музыкі?
Якія загоны?.. Ніводны комплекс пасля таго тэатра ўва мне не выжыў. Я вярталася з рэпетыцый і гатова была бегчы абдымаць любога знаёмца, які ехаў у супрацьлеглым канцы тралейбуса.
Читать дальше