Драм!!! Цяжкі ўдар у бок аўтамабіля скалануў легкавік. Ззаду нешта пакацілася, а Уладзіміра матнула ў бок. Рэзка націснуўшы на тармазы, ён даволі хутка спыніў машыну і выбег з яе. На дарозе цямнела нешта… Нешта якое нагадвала вялікага звера.
«Мядзведзь…» – чамусьці пранеслася ў галаве Уладзіміра.
Наблізіўшыся, ён адразу ж адчуў сябе па-дурному з-за гэтай здагадкі. Ляжачы на дарозе звер быў, вядома, значна менш мядзведзя, але ўсё ж на вока важыў не менш за сто кiлаграм. Вялікіх памераў кабан ляжаў на дарозе, і не падаваў ніякіх прыкмет жыцця. Вочы жывёлiны былі зачыненыя. Уладзімір застыў на месцы, пільна гледзячы на звера і не ведаючы, што рабіць. Нечакана яго ўвагу адцягнуў далёкі гук выбуху за лесам, вiдаць, гэты гук зыходзіў з прыхаванай там вёскі. Апусціўшы галаву і зноў пільна паглядзеўшы на ляснога госця, Уладзімір працягнуў да яго руку… У тую ж секунду кабан расплюшчыў вочы, зароў, і рэзка матнуў ікластай галавой, пры гэтым ледзь не ударыўшы чалавека ў калена. Адскочыўшы ад нечаканасці далёка ў бок, Уладзімір пачуў ліхаманкавы стук уласнага сэрца. Вяпрук між тым узняўся і пабрыў у лес.
Падышоўшы да машыны Уладзімір, да свайго здзіўлення, не знайшоў увагнутасць на крыле. Гэта палепшыла яго настрой. Вярнуцца ў салон, завесці матор, уключыць музыку: усё гэта стала справай адной хвіліны. І вось ужо зялёны аўтамабільчык зноў на шляху.
«У старажытнасці варажбіты выкарыстоўвалі жывёл для прадказанняў, цікава, што б на іх варажбiцкi погляд азначаў бы ўдар дзiком у стары корч…» – думаў Уладзімір. Ад гэтых думак ён развесяліўся яшчэ больш і ў выдатным настроі заехаў на вуліцы Гродна.
Шэрая смуга туману пакрывала старадаўні горад. Зіма, пазбаўленая пакладаў снегу і моцнага холаду, панавала ў ім. Адны людзі былі апранутыя ў зімовыя курткі, іншыя – ледзь не ў летнія ўборы. Тратуары здаваліся намаляванымі цёмнымі фарбамі па грубым палатне, а яшчэ далей, праз туман, праступалі абрысы храмаў, якія здаваліся нейкімі прывіднымі замкамі ў змрочных далінах.
Хлопец і дзяўчына стаялі ў скверы Фары Вітаўта. У тры гадзіны дня, яны ўбачылі, як з боку вуліцы Замкавай у сквер увайшоў цёмнавалосы чалавек з невялікай барадой, апрануты ў армейскага пакрою паліто. Ён прыпаркаваўся непадалёк і цяпер ішоў паспешлівым крокам да помніка, каля якога павольна хадзіла маладая пара. Падышоўшы да іх, чалавек сарамліва ўсміхнуўся і, працягнуўшы кожнаму з іх руку, два разы сказаў:
– Уладзімір. Рады пазнаёміцца.
– Віка, – адказала дзяўчына, – вельмі прыемна.
– Мечыслаў, – сказаў яе таварыш.
Знаёмства ў рэальным свеце людзей ведаючых адзін аднаго толькі праз iнэт – можа быць вельмі цікавым, як і пачатак iнэтавай перапіскі людзей, якія ведалі да гэтага адзін аднаго толькі ў жыцці.
Праз трыццаць хвілін усе трое сядзелі з ноўтбукам у адным з гарадскіх кафэ. Адарваўшыся ад кавы, Уладзімір сказаў:
– Пакуль я ехаў да вас мяне ледзь не пратараніў дзік. Гэта быў самы ўражальны кантакт з прыродай у маім жыцці.
Віка і Мечык змяніліся ў твары.
– А ў мяне… – выпалілi яны адначасова.
Мечык усміхнуўся і памаўчаў, даючы зразумець Віцы, што яна можа працягваць.
– А ў мяне, – працягнула Віка, – таксама быў, так бы мовіць, кантакт пакуль я сюды ішла. Матылёк, і, здаецца, гэта рэдкi матылёк – вачнiца. Велізарная проста! І яна ж начная, але прыляцела днём і кружылася ля майго твару вельмі доўга. І падумайце, матылёк зімой! Падаў лёгкі сняжок, калі ён зляцел да мяне.
Апошнія словы дзяўчына сказала трохі бянтэжачыся сваіх вялікіх ведаў аб матылях.
– У мяне была кніжка, ну… аб матылях, – патлумачыла яна, збянтэжыўшыся яшчэ больш.
Мечыслаў усміхнуўся і бразнуў лыжкай аб кубак з капучына. Яму таксама было што расказаць, і ён адсунуў сваю каву трошкi далей.
– Я ішоў сюды… – пачаў Мечык, – у гэты момант яго ўвагу прыцягнуў чалавек, які сядзеў за барнай стойкай, непадалёк ад іх століка. У яго была настолькі невыразная знешнасць, што Мечыслаў, будучы мастаком, не змог бы намаляваць яго партрэт нават з натуры. Гэты чалавек пільна назіраў за іх кампаніяй, але тут жа уткнуўся ў свой келіх з віном, калі гісторык затрымаў на ім погляд.
– Ну дык вось, я ішоў сюды, – працягнуў малады чалавек, выкінуўшы невыразнага наведвальніка бара з галавы, – міма бернардынскага касцёла. І тут да мяне зляцеў сокал, што жыве там, за статуяй святой Алены.
Віка заківала галавой у знак таго, што таксама ў курсе пражывання сокала ў самым цэнтры горада.
Читать дальше