На мяне глядзіць жанчына ў чырвоным паліто й грукае ў шыбу, вочы чорныя, вусны скрыўленыя. Я ледзь ня страціў прытомнасьць, мая каханая падскочыла, накінула на сябе плед і ўтаропілася круглымі вачыма на прыхадня… Крык, лямант, я адчыняю дзьверы на гаўбец і з жахам і злосьцю крычу. І адначасова вакно, чырвонае паліто, ноч, усё гэтае невялікае інтэр’ернае хоку распадаецца на тысячы аскепкаў, як толькі жанчына скокае з гаўбца.
У нас першы паверх, і мясцовая старая алькагалічка, пагнаная ў шыю са сьвята, вырашыла вярнуцца на яго праз гаўбец, а дамы ў нашым раёне, як і амаль ва ўсіх раёнах горада, падобныя – салатавага колеру… Тут нават цьвярозьнік пераблытаць можа.
Раней да мяне так завітвалі толькі коткі, але розьніца адчувальная: мяккая хада коткі, вуркатаньне, а тут – старая баба ў чырвоным паліто сярод ночы.
Наш двор – Стамбул Котак. Іх тут каля дваццаці пад пад’ездам, і кожная адрозная па колерах, па характары: тэмпэрамэнтныя й у яблыкі, лагодныя і белыя, яскравыя й пэгія, рахманыя і блакітна-шэрыя, ганарлівыя, свавольныя, брудныя, лахматыя, пухнатыя, вялікія тыгровыя, маленькія і пантэрныя, гнуткія й салодкія, фанабэрыстыя й пабітыя жыцьцём. Коткі жывуць пад машынамі і на машынах, пад каруселямі і на дахах дзіцячых домікаў, у падвалах і ў пад’ездах, на сьметніцы й на клюмбах, яны гуляюцца й мяўкаюць, б’юцца й забаўляюцца, заляцаюцца й грэюцца на сонцы, мерзнуць пад кватэрамі й хаваюцца на чужых гаўбцах ад дажджоў і сьнегу, нябачна трапляюць у чужыя кватэры й гайдаюцца на фортках як каскадзёры. Котак у нашым двары ўсе ведаюць, бачаць, любяць, кормяць і песьцяць, жывецца ім тут, як у цэнтры турэцкай сталіцы, – прывольна.
Пасьля чатырох ночы я так і не заснуў, праляжаў пры сьвятле з кнігаю, бессэнсоўна перагортваючы старонкі… Пакуль не надышоў час зьбірацца на працу ў гатэль.
Жонка заснула хутка – раніцою на працу: хто б што ні казаў, хто б тут ноччу ні біўся ў шыбы, ёсьць раніца й ёсьць грэбаная праца.
Дванаццаць ночы, апошні вячэрні самалёт прызямліўся каля адзінаццатай, амаль усе пасажыры, расейскія бізнэсоўцы, на таксоўках дабраліся да гатэлю, і амаль усе яны, пятнаццаць мужчын, былі разьмешчаныя на трэцім паверсе… Цішыня ў калідорах, начны мэнэджар Хасан сноўдае, трымаючыся сьценак, яго сумныя вочы амаль нічога не перадаюць, ніякай інфармацыі з глыбіні, проста сумныя стомленыя вочы чалавека, які ўжо пяць год запар працуе кожную ноч у гатэлі. На трэцім паверсе заселены пажыцьцёва прэзыдэнт гатэлю й групы кампаній міжнароднай сеткі гатэляў Ніндзя. Цяпер ён часта наведвае Менск, разводзіцца з жонкай-беларускай, зь якой у яго два сыны й дваццаць год шчасьлівага жыцьця. Ён пасьпеў ужо намыліць начнога мэнэджара, і той нагадваў брынзу, белую й разламаную на кавалкі.
Менавіта на трэці паверх, пераблытаўшы ліфты, падняліся тры асобы, дзьверы адчыніліся, і яны апынуліся ў напаўцёмным калідоры, у якім не было нічога, акрамя паху парфумы начнога мэнэджара.
Тры асобы – гэта Сьвета (трыццаць год), яе сяброўка Валя (трыццаць год) і Вальчын мужык Саша (трыццаць пяць год). Яны прыехалі ў начны клюб, які месьціцца на трэцім паверсе па-над казыно, што знаходзіцца ў гатэлі ў левым крыле. Начны клюб мае свой асобны ліфт. Каб патрапіць у клюб, ня трэба мець спэцыяльных ведаў, навыкаў альбо валодаць нейкім сакрэтам. Дастаткова проста націснуць на кнопку, каб прыехаў патрэбны ліфт, знутры ўвесь у чырвоным шоўку, сесьці ў яго й націснуць на трэці паверх… Але госьці патрапілі ў суседні, сіні ліфт, які даставіў іх да гатэльных нумароў… Трэба адзначыць, Сьвета й Валя былі п’янымі й вясёлымі, Сьветцы хацелася мужыка, бо яна нядаўна разышлася са сваім старым, а Вальцы хацелася яшчэ выпіць, а Сашку хацелася сцаць і спаць.
– Блядзь, дзе гэта мы? – Валька пазірала няўцямна ў змрочную прастору.
Яны ўтрох, ледзь перасоўваючы ногі, бадзяліся па калідоры з нумарамі, пакуль не знайшлі лесьвіцу, якая завівалася ўверх і ўніз (а трэба дадаць, што гатэльная частка, дзе разьмяшчаліся нумары, была скразной, то-бок з кожнага паверху была магчымасьць бачыць першы паверх і рэцэпцыю, карацей – італійскі дворык). Валька прапанавала спусьціцца і на рэцэпцыі запытацца пра клюб, бо яны адназначна ня там, дзе мусяць быць, і яшчэ Валька прапанавала зьехаць на парэнчах уніз, так будзе весялей і хутчэй.
Камэры зафіксавалі, як нейкая п’яная баба на неверагоднай хуткасьці зьяжджае ўніз да другога паверху. Потым наступныя камэры фіксуюць, як тая ж баба, узрадаваная ўдаламу спуску, ізноў ускараскалася на парэнчы, каб ехаць на першы паверх. Сьвета задзірае да грудзей спадніцу, закідвае нагу на парэнчы і, перавесіўшыся празь іх п’яным целам, звальваецца ў скразную адтуліну, што вядзе да нулявога паверху, дзе месьціцца пэрсанал гатэлю… Камэра далей фіксуе, як на другім паверсе Сьвета б’ецца аб парэнчы галавою й каменем падае на мармур нулявога паверху.
Читать дальше