— Я пра яго кажу. Я. Цяпер.
— Ты хочаш ажаніцца са мною?
— Хачу.
— Чаму?..»
Я лічыўся ў банку фантастычна перспектыўным кліентам і ўжо меў крэдытную картку «Дайнэр Клаб». Так, распісваемся ўздоўж пункцірнай лініі. Раз! І ў руках у мяне два білеты першага класа (гуляць дык гуляць!) на самалёт у Горад Закаханых.
Калі я прыйшоў дамоў, Джэні была вельмі бледная і нездаровая, але я спадзяваўся, што мая адмысловая ідэя верне на яе шчокі румянец.
— Угадайце, місіс Барэт, што ў мяне за сюрпрыз вам.
— Ты вылецеў са службы, — «угадала» мая жонка-аптымістка.
— Не вылецеў, а лячу. І разам з табою, — паказаў я ёй білеты. — Уверх, уверх — і далёка. Заўтра ўвечары ў Парыж.
— Лухта, Олівэр, — сказала яна ціха. Аднак мякка, без звычайнае насмешкі. Нават з нейкай пяшчотаю — Лухта, Олівэр.
— Эй, што гэта значыць — «лухта»? Растлумач, калі ласка.
— Гэта значыць, Олі, — зноў ціха сказала яна, — што ўсё будзе зусім інакш.
— Што — будзе інакш?
— Я не хачу ў Парыж. Мне не патрэбны Парыж. Мне патрэбны адзін ты…
— Ну, гэта табе гарантавана, крошка, — перапыніў я яе з прытворнай весялосцю.
— А яшчэ мне патрэбны час, — прадоўжыла яна, — якога ты не можаш мне даць.
Тады я паглядзеў ёй у вочы. У іх была невыразная роспач. Зразумелая мне аднаму. Яна нібыта прабачэння прасіла. Прасіла ў мяне.
Мы стаялі моўчкі, абняўшыся. Божа, калі нехта з нас заплача, няхай тады заплача і другі! Аднак лепш, каб ніхто.
Неўзабаве Джэні расказала, што адчула сябе «зусім пагана» і зноў пайшла да доктара — не парады прасіць, папытацца: «Скажыце мне нарэшце, што са мною адбываецца, скажыце дзеля ўсяго святога!»
І ён сказаў.
У мяне з'явілася дзіўнае пачуццё віны за тое, што не я першы зрабіў гэта. Яна здагадалася і наўмысна пачала вярзці нейкую лухту.
— Ён з Ейла, Олі.
— Хто — ён, Джэн?
— Акерман. Гематолаг. Самы сапраўдны ейлец. Такіх толькі там сустрэнеш.
— А-а, — працягнуў я, разумеючы, што яна хоча неяк аблегчыць гэтую жудасную хвілю. І ў тон ёй папытаўся: — Але чытаць і пісаць ён, прынамсі, умее?
— Гэта яшчэ трэба высветліць, — усміхнулася місіс Барэт, выпускніца Рэдкліфа 1964 года. — Але гаварыць ён умее, у гэтым я ўпэўнілася. А мне якраз пагаварыць і хацелася.
— Тады даруй гэтаму ейльскаму лекару, што ён адтуль. О'кэй?
— О'кэй.
Ва ўсякім разе, цяпер я не баяўся вяртацца дамоў, мяне ўжо не палохала змушанасць «паводзіць сябе нармалёва»… А дні ж, якія мы пражывём разам, можна было злічыць на пальцах…
Нам трэба было багата чаго абмеркаваць — рэчы, якія, вядома, нячаста абмяркоўваюць дваццацічатырохгадовыя муж і жонка.
— Я спадзяюся, ты будзеш моцны, як сапраўдны хакейны бізон, — сказала яна.
— Буду, буду, — адказваў я, пытаючыся ў сябе, ці адчувае Джэні, якая заўсёды і ўсё разумее, што нават сама моцны хакейны бізон можа быць прыгнечаны адчаем.
— Ты ж павінен падтрымаць Філа, — працягвала яна. — Яму будзе цяжэй за ўсіх. А ты, урэшце, застанешся ўсяго толькі вясёлым удаўцом.
— Я не буду вясёлым, — перапыніў я яе.
— Ты будзеш вясёлым і зараз прысягнеш мне ў гэтым! Я хачу, каб ты быў вясёлым. О'кэй?
— О'кэй.
— О'кэй.
Гэта здарылася прыкладна праз месяц, пасля абеду. Джэні, як і раней, гатавала сама, бо настойвала на гэтым. Праўда, урэшце я пераканаў яе дазволіць мне прыбіраць са стала (хоць кожны раз яна даводзіла мне, што гэта не «мужчынская праца»), я прыбіраў посуд, а Джэні грала Шапэна ў суседнім пакоі. Раптам музыка абарвалася. Я адразу зазірнуў у гасцёўню…
— Ты ў парадку, Джэн? — спытаўся я, маючы, вядома, на ўвазе — адносна ў парадку.
— Ці дастаткова ты багаты, каб заплаціць за таксоўку? — адказала яна пытаннем.
— Што за размова! — усміхнуўся я. — Куды ты хацела б паехаць?
— Здаецца, у бальніцу, — адказала яна.
Пачаліся таропкія зборы, і ў гэтай мітусні да мяне раптам дайшло: вось яно… надышло… Зараз Джэні выйдзе з гэтага пакоя і ніколі ўжо сюды не вернецца. Яна сядзела ў фатэлі, а я клаў ёй у валізку сякія-такія рэчы. Пра што яна цяпер думала, апошні раз акідваючы позіркам наш пакой? Што хацела запомніць?
Нічога. Яна сядзела нерухома, вочы яе ўтаропіліся ў нейкую пустату.
— Эй, — сказаў я ёй. — Хочаш узяць з сабою што-небудзь асаблівае?
— Што?.. Не. — Яна пакруціла галавою, потым, быццам згадаўшы, сказала: — Цябе.
Злавіць таксоўку гэтым часам было дужа нялёгка: усе спяшаліся ў тэатры, яшчэ кудысь… Паліцэйскі з усяе сілы дзьмуў у свой свісток і размахваў рукамі, нібыта ашалелы хакейны суддзя. Джэні стаяла моўчкі, прытуліўшыся да мяне, а я дзесьці ў душы спадзяваўся, што таксоўкі не будзе і мая Джэні назаўжды застанецца стаяць, прытуліўшыся да мяне. Аднак таксоўка ўсё-такі з'явілася. Вадзіцель — нам пашанцавала — быў чалавек вясёлы. Пачуўшы, што нам трэба ў шпіталь Маўнт-Сінай і як мага хутчэй, ён выканаў цэлую праграму падтрымкі.
Читать дальше