Такім чынам, дзяўчына Спак вярнулася ў Хедэбю разам з Марыт Эрыксдотэр. За ўсю дарогу Марыт не вымавіла ні слова. Ужо потым аканомка зразумела, што па дарозе яна, напэўна, абдумвала, як ёй павесці сябе, каб адшукаць пярсцёнак.
Аканомка прайшла з Марыт у дом прама з параднага ганка і ўвяла яе ў спальню. Там усё было па-ранейшаму. Адрыян ляжаў прыгожы і бледны, але ціхі, быццам мярцвяк, а баранэса, не варушачыся сядзела побач, ахоўваючы яго спакой. Толькі калі Марыт Эрыксдотэр падышла да ложка, яна ўзняла вочы.
Як толькі гаспадыня пазнала жанчыну, якая стаяла, гледзячы на яе сына, то апусцілася перад ёю на калені і прыціснулася тварам да падола яе сукенкі.
— Марыт! Марыт! — загаварыла яна. — Забудзь пра ўсё тое зло, якое прычынілі табе Лёвеншольды. Дапамажы яму, Марыт! Дапамажы яму!
Сялянка крыху адступіла назад, але няшчасная маці папаўзла за ёю на каленях.
— Ты не верыш, як я баялася з таго самага часу, калі Генерал пачаў бадзяцца па маёнтку. Я палохалася і ўвесь час чакала. Я ведала, што цяпер яго гнеў накіраваны супраць нас.
Марыт стаяла моўчкі, заплюшчыўшы вочы, і, здавалася, цалкам паглыбілася ў сябе. Аднак дзяўчына Спак была ўпэўнена, што ёй прыемна слухаць аповед баранэсы пра яе пакуты.
— Я хацела пайсці да цябе, Марыт, і паваліцца да тваіх ног, як зараз, і маліць цябе дараваць Лёвеншольдам. Але я не адважылася. Я думала, што табе немагчыма дараваць ім.
— Вы, васпані, і не павінны мяне маліць, — сказала Марыт, — бо так яно і ёсць: дараваць я не магу!
— Але ты ўсё ж тут!
— Я прыйшла дзеля паненкі, яна прасіла мяне прыйсці.
З гэтымі словамі Марыт зайшла з другога боку шырокага ложка. Паклаўшы хвораму руку на грудзі, яна прамармытала некалькі слоў. Пры гэтым насупіла лоб, закаціла вочы і сціснула вусны. Дзяўчына Спак падумала, што яна паводзіць сябе, як і ўсе іншыя знахаркі.
— Будзе жыць, — сказала Марыт, — але запомніце, пані баранэса, што дапамагаю я яму толькі дзеля паненкі.
Тут дзяўчыне Спак падалося, быццам гаспадыня яе хацела яшчэ штосьці сказаць, але спахапілася і прыкусіла губу.
— А цяпер дайце мне, пані баранэса, волю.
— Ты можаш распараджацца ў маёнтку, як табе неабходна. Барон у ад'ездзе. Я папрасіла яго паехаць вярхом насустрач доктару і прыспешыць яго.
Дзяўчына Спак чакала, што Марыт Эрыксдотэр неяк паспрабуе вывесці маладога барона з непрытомнасці, але тая, на яе вялікае расчараванне, нічога падобнага рабіць не стала.
Замест гэтага яна загадала сабраць у кучу ўсё адзенне барона Адрыяна: і тое, якое ён насіў цяпер, і тое, якое апранаў у ранейшыя гады і якое можна было яшчэ адшукаць. Яна хацела бачыць усё, што ён калі-небудзь надзяваў на сябе: і панчохі, і кашулі, і рукавіцы, і шапкі.
У той дзень у Хедэбю толькі і рабілі, што шукалі. Хоць дзяўчына Спак цішком уздыхала аб тым, што Марыт, бадай, усяго толькі звычайная знахарка і варожыць, як усе, яна паспяшалася выцягнуць з розных камодаў і паддашкавых клецяў, з сундукоў і шафаў усё, што належала хвораму. Маладыя баранэсы, якія добра ведалі, што насіў Адрыян, дапамагалі ёй, і неўзабаве яна спусцілася ўніз да Марыт з цэлай кучай адзення.
Марыт расклала адзенне на кухонным стале і пачала разглядваць кожную рэч асобна. Яна адклала ўбок пару старых чаравікаў, таксама пару маленькіх рукавічак і кашулю. Тым часам яна аднатонна і бесперастанку мармытала:
— Пару для ног, пару для рук, адну для цела, адну для галавы! Мне патрэбна яшчэ што-небудзь для галавы, — раптоўна сказала яна ўжо больш спакойна, — мне патрэбна што-небудзь цёплае і мяккае.
Аканомка паказала ёй капелюшы і кепкі, якія яна прынесла.
— Не, гэта павінна быць штосьці цёплае і мяккае, — сказала Марыт. — Хіба ў барона Адрыяна не было якой-небудзь шапачкі з кутасікам, як у іншых хлопчыкаў.
Аканомка толькі збіралася была адказаць, што нічога падобнага яна не бачыла, але кухарка апярэдзіла яе.
— Я ж знайшла сягоння раніцай вунь там, на паліцы, яго старую шапачку з кутасікам, але паненка ўзяла яе ў мяне.
Вось так і здарылася, што дзяўчыне Спак давялося аддаць шапачку, з якой яна намервалася ніколі не расставацца і якую хацела захаваць як найдарагі ўспамін да канца сваіх дзён.
Атрымаўшы шапачку, Марыт зноў пачала мармытаць свае заклінанні. Але цяпер голас яе гучаў па-іншаму. Здавалася, быццам кошка варкатала ад задавальнення.
— Цяпер, — сказала Марыт пасля таго, як яна доўга стаяла, мармычучы, над шапачкай і круцячы яе ў розныя бакі, — цяпер нічога больш не трэба. Але ўсё гэта неабходна пакласці Генералу ў магілу.
Читать дальше