— Ма, Руці расказала.
— Што расказала?
— Пра Тома.
Вочы ў маці зрабіліся вялікія.
— Расказала? — Маці апусцілася перад Уінфілдам на калені. — Уінфілд, каму?
Хлопчык сумеўся і адступіў назад.
— Яна толькі крышачку расказала.
— Уінфілд! Скажы, што яна гаварыла?
— Яна… Яна печыва сваё не адразу ўсё з'ела. У пачку яшчэ трохі засталося. Адкусвае кавалачак за кавалачкам і паволі жуе і кажа мне: «А ты ўжо шкадуеш, што з'еў усё дарэшты».
— Уінфілд! — павысіла голас маці. — Гавары адразу. — Яна трывожна азірнулася на занавеску. — Разашарна, ідзі, дачушка, пагавары пра што-небудзь з місіс Уэйнрайт, каб яна не падслухала.
— А бульба?
— Я сама пагляджу. Ідзі ж! А то яна падслухоўваць будзе.
Цяжка валочачы ногі, Ружа Сарона пайшла за брызент. Маці сказала:
— Ну, Уінфілд, гавары.
— Я ж гавару. Адкусвае кавалачак за кавалачкам, потым кожнае печыва стала напапалам ламаць, каб даўжэй хапіла.
— Не цягні, гавары!
— А тут дзеці падбеглі, ім таксама захацелася печыва, але Руці грызе яго і грызе і нікога не частуе. Тады яны ўзлаваліся, і адзін хлопчык выхапіў у яе з рук увесь пачак, і ўсе дзеці разбегліся.
— Ты не пра гэта, Уінфілд, ты пра іншае расказвай!
— Я і расказваю. Руці таксама ўзлавалася і пабегла за імі, аднаго ўдарыла, другога, і тады яе адна вялікая дзяўчынка набіла. Руці заплакала і кажа: «Я свайго старэйшага брата паклічу, і ён заб'е цябе». А дзяўчынка тая: «Заб'е? У мяне таксама ёсць старэйшы брат». — Уінфілд ледзь паспяваў пераводзіць дыханне. — Яны пачалі біцца, і бальшуха тая добра ёй усыпала, і Руці сказала, што наш брат заб'е яе брата. А дзяўчынка кажа: «А што, калі мой брат заб'е твайго?» І тады… тады Руці сказала, што наш брат дваіх ужо забіў. А… а тая бальшуха кажа: «Ого! Манюка ты, больш ніхто». А Руці сказала: «Ого? Наш брат цяпер хаваецца, бо забіў чалавека, і твайго брата таксама заб'е». І тады яны пачалі абзываць адна адну рознымі словамі, Руці кінула ў бальшуху камень, і тая пагналася за Руці, а я сюды пабег.
— А мой ты божанька!. Дзіцятка святое ў калысцы! — разгублена ўсклікала маці. — Што ж нам цяпер рабіць? — Яна прыціснула далонь да лба і пацерла пальцамі вочы. — Што ж рабіць цяпер? — Ад печкі, у якой шумна гарэў агонь, пацягнула пахам падгарэлай бульбы. Маці машынальна паднялася і памяшала ў патэльні. — Разашарна! — крыкнула яна. — Ружа Сарона выйшла з-за брызенту. — Глядзі вячэру. А ты, Уінфілд, збегай знайдзі Руці і вядзі яе сюды.
— Ты яе адлупцуеш, ма? — з надзеяй у голасе запытаўся Ўінфілд.
— Не. Лупцоўкай справы не паправіш. І трэба ж было ёй прабалбатацца. Цяпер лупцуй не лупцуй — усё адно. Дык бяжы ж, знайдзі яе і сюды прывядзі.
Уінфілд кінуўся да дзвярэй, наткнуўся на мужчын, якія падымаліся па сходках, і адступіў убок, прапускаючы іх.
Маці ціха сказала:
— Бацька, трэба параіцца. Руці расказала дзецям пра Тома.
— Што?
— Пабілася з імі і ўсё расказала.
— Во паскудніца!
— Яна не наўмысна. Слухай, бацька, ты пабудзь тут, а я паспрабую знайсці Тома, скажу яму. Трэба яго папярэдзіць, няхай сцеражэцца. Ты адсюль нікуды не ідзі, паглядзі, што тут будзе. Я і есці яму занясу.
— Добра, — згадзіўся бацька.
— Ты нічога Руці не кажы. Я сама ёй растлумачу.
У гэты момант у вагон увайшла Руці, за ёю — Уінфілд. Дзяўчынка была ўся перапэцканая. Куточкі перасохлых губ зліпаліся, з пабітага носа яшчэ сачылася кроў. Выгляд у яе быў спалоханы і засаромлены. Твар Уінфілда пераможна ззяў. З-пад ілба азіраючыся, Руці пайшла ў самы кут вагона і села там спінай да сцяны. Сорам і злосць адначасова валодалі ёю.
— Я сказаў ёй, што яна нарабіла, — абвясціў Уінфілд.
Кладучы на алавяную талерку дзве адбіўныя і смажаную бульбу, маці сказала:
— Маўчы, Уінфілд. Не трэба яе больш чапаць, ёй і так дасталося.
Маленькая постаць кінулася да маці. Дзяўчынка абхапіла яе за талію, уткнулася тварам у жывот і ўся затрэслася ад рыданняў. Маці спрабавала вызваліцца, але мурзатыя пальцы ўчэпіста трымалі яе. Маці пяшчотна правяла рукой па валасах дзяўчынкі і паляпала яе лёгенька па плячы:
— Кінь плакаць. Ты ж не наўмысна.
Руці падняла да маці брудны твар са слядамі слёз і крыві.
— Яны забралі маё печыва! — усклікнула яна. — А гэтая бальшуха, сукіна дочка, набіла мяне… — І зноў зарыдала.
— Маўчы! — сказала маці. — Не гавары такіх слоў. Ну, пусці. Мне ісці трэба.
— Што ж ты яе не адлупцуеш, ма? Калі б яна не хвалілася сваім печывам, нічога б не было. Ну, дай ёй лупцоўкі.
Читать дальше