— Што ж, добра, — згадзілася маці. — Толькі будзь асцярожны. Не пападзіся каму-небудзь на вочы.
Том прабраўся ў задні канец грузавіка.
— Я вазьму вось гэтую коўдру. Як назад паедзеце, ма, шукайце тую трубу.
— Толькі глядзі, не рызыкуй, — сказала маці ўмольна. — Будзь асцярожны.
— Буду, — сказаў Том. — Абавязкова. — Ён пералез цераз задні борт і пайшоў берагам. — Добрай ночы! — гукнуў ён.
Маці бачыла, як яго постаць злілася з цемрай і знікла ў хмызняку каля рэчкі.
— Дай бог каб усё добра скончылася, — прамовіла маці.
Эл запытаўся:
— Цяпер назад паедзем?
— Давай, — сказаў бацька.
— Ты толькі едзь паволі, — папрасіла маці. — Хачу ўбачыць тую трубу, пра якую ён гаварыў. Абавязкова трэба ўбачыць.
Дарога была вузкая, і Элу давялося добра паманеўраваць, перш чым ён развярнуў машыну. Ён паволі павёў яе назад да таварных вагонаў. Святло фар выхапіла з цемры сходкі каля шырокіх дзвярэй. У вагонах было цёмна. Навокал нідзе ні душы. Эл выключыў фары.
— Вы з дзядзькам Джонам лезьце наверх, — сказаў ён Ружы Сарона. — А я буду спаць у кабіне.
Дзядзька Джон памог Ружы Сарона пералезці цераз борт. Маці ссунула ў кучу посуд. Усе ўлегліся ў задняй частцы машыны, цесна прыціснуўшыся адзін да аднаго.
У адным з вагонаў, захліпаючыся, зайшлося плачам дзіця. Аднекуль выбег сабака і, прынюхваючыся да слядоў і сапучы, памалу абышоў вакол грузавіка Джоўдаў. З рэчкі даносілася ціхае цурчанне вады.
Патрабуюцца зборшчыкі бавоўны — плакаты ўздоўж дарогі, лісткі, аранжавыя лісткі: Патрабуюцца зборшчыкі бавоўны.
Сюды, па гэтай дарозе, напісана на іх.
Цёмна-зялёныя сцяблы ўжо задравянелі, ацяжэлыя каробачкі ўчэпіста трымаюць свой груз. Белае валакно выпірае з іх, як зерне з кукурузнага катаха.
Нам каб толькі рукамі дакрануцца да гэтых каробачак. Далікатна, кончыкамі пальцаў.
Я ўмелы зборшчык.
Вунь з кім трэба гаварыць, вунь з ім.
Хачу наняцца на збор бавоўны.
Мяшок ёсць?
Ды не, няма.
За мяшок — даляр. Вылічым з палучкі за першыя паўтараста фунтаў. Першы збор з поля — восемдзесят цэнтаў за сто фунтаў. Другі збор — дзевяноста. Вось табе мяшок. Адзін даляр. Калі цяпер грошай няма, вылічым з палучкі за першыя паўтараста фунтаў сабранай бавоўны. Цана правільная, сам разумееш.
Зусім правільная цана. Добры баваўняны мяшок, яго хопіць на ўвесь сезон. Калі ніз пратрэцца ад цягання, перавернеш другім канцом і зашыеш. Падраны канец разрэж. А калі парвуцца абодва канцы, палатно ж застанецца — добрае палатно! На трусікі пойдзе. Ці на начную кашулю. Ды што тут казаць, баваўняны мяшок — добрая рэч.
Прывяжы яго да пояса. Асядлай яго і цягні за сабой між ног. Спярша цягаць яго лёгка. Пальцы зрываюць пушыстыя галоўкі, рукі прабіраюцца ў мяшок, што ў цябе між ног. Малыя дзеці ідуць ззаду, ім баваўняных мяшкоў не даюць, няхай бяруць джутавы альбо кладуць у бацькоўскі. Пакрысе мяшок цяжэе, дык нахіліся, цягні наперад. Я майстар збіраць бавоўну. Пальцы самі ўсё робяць. А ты ходзіш па міжраддзі, перамаўляешся з суседзямі, часам спяваеш, пакуль мяшок яшчэ не вельмі цяжкі. Пальцы не памыляюцца. Пальцы — яны ведаюць. Вочы бачаць усё, але ты працуеш, нібы не гледзячы.
Перамаўляюцца цераз грады…
— У нашых краях была адна жанчына, імя яе называць не буду, і аднойчы яна раптам нарадзіла мурынчыка. Ніхто такога не чакаў. Мурына таго так і не знайшлі. А яна з тае пары так галавы і не падняла. А ўспомніў я пра яе таму… што яна была добрая зборшчыца.
Цяпер мяшок ацяжэў, цягай яго поцягам за сабой. Напніся і цягні яго, як ламавы конь. А дзеці збіраюць у бацькаў мяшок. Ураджай добры выдаўся тут. У нізінах, праўда, ствалы танчэйшыя — тонкія і дравяністыя. Нідзе такой бавоўны не бачыў, як тут, у Каліфорніі. Валакно доўгае — лепшай бавоўны ніколі не бачыў. Зямля пад ёй хутка гіне. Вось чалавек, напрыклад, наважыўся купіць сабе ўчастак… Не трэба купляць, арандуй яго. Калі зямля пад бавоўнай спустошыцца, пераедзеш на другое месца.
Людзі ланцугом ідуць па полі. Пальцы самі ўсё робяць. Дапытлівыя пальцы снуюць сярод лісця, знаходзяць каробачкі, табе і глядзець не трэба.
Я і сляпы мог бы збіраць, далібог. Чуццём каробачку знаходжу. Абіраю чыста, як мяцёлкай падмятаю.
Ну вось, мяшок поўны. Цяпер нясі яго на вагу. Спрачайся. Вагаўшчык кажа, ты камянёў наклаў. А сам ён што? Вага ў яго паказвае няправільна. Іншы раз ён праўду кажа — камяні ў мяшку ёсць. Іншы раз твая праўда — вага фальшывая. А бывае, што вы абодва маеце рацыю: і камяні ёсць, і вага фальшывая. Але заўсёды спрачайся, пярэч. Пасля гэтага чалавекам сябе адчуваеш. І ён сябе чалавекам адчувае. Што, там камяні? Можа, адзін які і трапіў туды. На чвэрць фунта цягне? Заўсёды спрачайся.
Читать дальше