Агееў з пагорка сышоў на дарогу і пратаптанай ім у быльнягу сцежкай, месцамі слізгаючы нагамі па мокрай зямлі, спусціўся ў самую глыб кар'ера. Зляжалы пясчана-гравійны грунт тут не надта паддаўся дажджу і там, дзе не было лужын, добра трымаў чалавека. Вада ў лужынах стаяла густая і жоўтая, бы апельсінавы сок, і ў глыбокіх мясцінах, мабыць, дасягала яму да пояса. Крыўднае было ў тым, што лівень амаль цалкам затапіў самае патрэбнае яму месца пад навіслым абрывам, на якое ў дадатак да ўсяго яшчэ і рухнула глыба грунту. Агееў нерашуча ступіў на край гэтай глыбы і на яе беражку ля вады зледзеў нешта такое, што змусіла яго ўпусціць з рук рыдлёўку.
Гэта быў абмыты дажджом, зморшчаны і пагнуты жаночы туфель няпэўнага колеру на высокім абцасе, з адкрытым наском і вузенькім раменьчыкам на гузічку — зусім такі, якія перад вайной звалі лодачкамі. Ён амаль сатлеў, доўга праляжаўшы ў зямлі, раскіс ад вільгаці, ледзьве захаваўшы сваю перашапчатковую форму, але ўсім сваім выглядам прымусіў Агеева адчуць нечаканае хваляванне, амаль разгубленасць. Праўда, па меры таго, як ён узрушана круціў знаходку ў руках, мацаюча слізкую скуру, напаўадарваны абцас з рэштаю ржавых цвікоў, хваляванне яго стала марнець пад напорам цвярозых думак: ці мала тут магло знайсціся кінутага абутку, яму ўжо трапляліся і кірзавыя халявы ад ботаў, і дзіравыя дзіцячыя галошыкі, цяпер гэты туфель… Але ж туфель! Ён не запомніў тады, які ў яе быў памер, але іх знаёмства ў тым далёкім годзе пачалося менавіта з туфляў, здаецца, светла-бежавага колеру, якія яна прынесла яму, самазванаму местачковаму шаўцу. Ён яшчэ не ўмеў як трэба падбіць абцасы да мужчынскіх ботаў, а яна папрасіла залапіць насок, і ён нямала папрацаваў тады — у вузкі насок пралазілі толькі два яго пальцы, паспрабуй далезці туды з іголкай! Можа, каму іншаму ён бы адмовіў у гэтым нязручным рамонце, але ёй адмовіць не мог: гэтая дзяўчына прыглянулася яму з першага погляду.
Мабыць, туфель — чыстая тут выпадковасць, трапіў у кар'ер, можа, некалькі гадоў таму, наўрад ці ён мог захавацца тут з сорак першага года, з мешаным пацуццём расчаравання і палёгкі падумаў Агееў і, адклаўшы знаходку, узяўся капаць. Ён капаў і адкідаў прэч вільготны шчэбень, пільна акідваючы позіркам кожны камяк зямлі. Але нічога болей там не было — усё той жа шчэбень, пясок без прыкмет чаго-небудзь іншага, нават звычайнага смецця цяпер там не было. Накапаўшы немалую кучу, прытаміўшыся і спатнеўшы, ён убіў у зямлю рыдлёўку і, адышоўшыся на сухое, прысеў адпачыць.
Неяк вяла і нерашуча пачынаўся дзень, з ночы не было дажджу, але ранак наступіў хмарны, у небе над кар'ерам вісела мяккая малочная смуга, праз якую нідзе не прабівалася сонца. Цяжка было згадаць, якім выдасца дзень — ці прасвятлее да абеду, ці зноў пойдзе дождж і зусім затопіць кар'ер. Тады будзе зусім кепска. Можа, упершыню за праведзены тут час у яго прамільгнула здрадлівая думка: колькі ж можна? Ну, зразумела, яму стала неабходна гэта, спярша цікаўнасць, а пасля і неадольная патрэба паднялі яго з дому і пагналі за сотні кіламетраў у гэты закінуты кар'ер, але ж колькі можна выкладвацца? Ён патраціў тут большую частку лета, змарнаваў столькі сваіх немаладых сіл, напаткаў столькі расчараванняў і столькі перахваляваўся дарма, а чаго ён дамогся? Ранейшая загадка, якая гадамі трывожыла яго свядомасць, ні на сантыметр не наблізілася да сваёй разгадкі, нарадзіла новыя сумненні і новыя праблемы. Ён перавярнуў тут гару зямлі, усё чакаючы ўбачыць хоць штосьці, што магло зберагчыся ў зямлі за чатыры дзесяцігоддзі і што з пэўнаю доляй дакладнасці можна было б аднесці да яе: гузік, грабеньчык, спражку ад паяска, косць, нарэшце. Але нічога такога яму не траплялася, апроч во гэтага туфля, які мог належаць ёй з такой жа падставай, як і тысячам іншых жанчын. У глыбіні душы гэта нават радавала, бо прадоўжыла няпэўнасць і тым самым давала надзею. З самага пачатку надзея была для яго жаданым працягам, яна давала магчымасць жыць, працаваць, пакідаючы хоць маленькую шчылінку для выйсця ў будучыню. Але павінна ж яна ўрэшце набыць хоць маленькае, але пераканаўчае абгрунтаванне, гэтая надзея. Менавіта для надзеі трэба было выключыць з сумнення гэты кар'ер, на якім замкнулася для яго самае важнае, не пераадолеўшы якое немагчыма было разлічваць ні на якую пэўнасць.
Не, не зважаючы ні на што, ён мусіў капаць.
Галоўнае ён ужо зрабіў: ён перакапаў вялізны завал, перацёр у пальцах кубаметры зямлі, засталося меней. Мабыць, ён бы скончыў усё праз тыдзень або дзён праз дзесяць, калі б не гэты нечаканы лівень. Лівень яму сапсаваў усё. Што цяпер рабіць?
Читать дальше