Абодва былі прыемна напітыя. Лёгкі ружовы туман стаяў у вачах. Калібераў спытаў сябра, добразычліва і мякка:
— Дык што гэта ты там жонку лаяў?
Павел наліў яму гарэлкі з ледзянога запацелага графінчыка:
— Дурубала яна. Дома грошы да капейкі лічыць, а ў дарогу дае звыш меры, каб людзі не асудзілі. Толькі і жыву, што ў дарозе.
— А ты б некаторыя заробкі хаваў.
— Ды яна і то пра дзве маіх халтуры не ведае… Але што зробіш, з усімі яна знаёмая. Паспрабуй мне хто на мазолю стаць — чорт ведае якім чынам даб'ецца апраўдання. Толькі апошні раз не дапамагла. I вось еду ў Маскву, абароны шукаць. Нічога, я іх, крытыкаў, свінячым хвастом закручу.
— Ды ў чым справа?
— Ну ты ведаеш, што я пачаў з таго, што адкрыў некалькі новых, сапраўдных вершаў Багушэвіча. З гэтага і пайшоў да ззяючых вяршыняў… Але пра гэта хутка забылі… Fortuna саеса еst — фартуна сляпая. I вось падсудобіў мне адзін дабрадзей працяг "Энеіды навыварат". Бум быў такі, што сярод калег стогн стаяў. Ды толькі нядоўга яны стагналі. Адшукалі сучасныя звароты ў мове. Потым мяне падвялі вадзяныя знакі — папера зусім новая. I тут накінуліся яны на мяне ўсім хаўрусам, як на мядзведзя.
— Дык ты што ж, меркаваў, што гэта падробка.
— Охо-хо. Былі, дружа, такія думкі, але спакусіўся. А раптам! Тады ж…
— Лаўраў не хапала… дурань. Гэта танчэй рабіць трэба. Як быццам ты і ўпэўнены, а дзе-небудзь падпусціць намёк, што смелыя гіпотэзы суць пракладванне новых сцежак… Ну нічога, свет не без добрых людзей. У мяне там знаёмы ёсць, дапамагу.
— Эх, Янка, Янка, люблю я цябе. Адны толькі мы з табою людзі, а ўсе астатнія — ракушкі, — расчулена ўздыхнуў Войтаў.
— Ты чакай, чакай. Унь нам наша красуля цецеручка нясе. Каб нават мы з табою былі зусім некарысныя, дык і тое была б з нас карысць, бо мы пакупнікі і, значыцца, садзейнічаем эканамічнаму ўзвышэнню любай радзімы… Вып'ем, Верачка?
— Ну добра ўжо… трошкі… За цецеручка, хлопчыкі, падзякуеце. Самы малады з усіх, якія былі, зусім не жылаваты. I свежанькі… толькі з базы.
Румянілася тонкая хрусткая бульба, пупырчаты салоны агурок дражніў паднябенне, цёмна-карычневае, з румянай скурачкай, мяса сплывала дзікаватым празрыстым тлушчам.
— Ты еш, братка, асцярожна, бо могуць быць шрацінкі. Стрэльнула нейкая свіння замест галавы проста ў кадлуб, а ты зуб зламаеш, — сказаў разнежаны Іван.
— Угм, — буркнуў Войтаў, запускаючы белыя зубы ў ножку.
Іван еў ужо зусім ляніва, больш філасофстваваў:
— Ты, брат, глупства зрабіў з падробкай… як гэты цецярук. А ад гэтага вось цецерука да нас — шлях у многія мільёны год. Мы людзі, а значыць, павінны быць разумнейшымі… Хоць не ўсе, вядома. Твая жонка яшчэ нічога, а я сваю вельмі першыя месяцы папікаў, што яна культурны ўзровень не павышае, не чытае кніг. Вось яна як толькі пабачыць, што я іду, — цоп на канапу ды за кніжку. Заходжу і бачу, што яна тую кніжку дагары нагамі трымае. Ну я і пытаюся, што гэта яна чытае. А яна борздзенька так глянула і адказвае, што цікавая. А назва "Варвары хіхівека". Я было думаў, што яна па-турэцку чытаць пачала, аж зірнуў: "Варвары XX века".
Парагаталі. Выпілі. Іван балбатаў далей:
— Але ж мы не такія. Мы — не цецерукі. Мы людзі. Мы — стаўпы. Таму будзь мудрым, як змій. Мы не дзеці, мы ведаем, што пляваць на гэтую народную літаратуру, што ўся соль толькі ў тым, каб праштурхацца да кармушкі. Але ж скажы пра гэта пры надта ўжо сумленным начальстве — такога дадуць салдацкага хлеба пад зад, што смяротнай гікаўкай загікаеш. Вось і крычым громкія словы.
— Ну-ну, — пакрыўдзіўся Павел, — ты мне народ не руш. Я — ягоная косць.
— Дэмагог ты, прабач. Дэмагогчык. Люблю-у я цябе за шчырасць. Ты хоць памятаеш, як гэтая штука завецца: дзяржак, папярочына, а на ёй драўляныя зубчыкі.
— Чаму не, — змрочна і сур'ёзна адказаў даволі п'яны Войтаў, — я ведаю. "Граблі" гэта штука завецца.
I абодва зноў засмяяліся. За акном ляжала на верхавінах дрэў ноч, ніяк не магла спусціцца на імшары, разводдзі якіх яшчэ адлівалі жоўтым халодным агнём.
Хутка Павел устаў і павёў да свайго купэ асавелага сябра.
— Б-баінькі трэба, Павёлка? Добра, я зараз… зараз. Заўтра нам з табою за труды праведныя брацца…
Рэстаран зусім апусцеў. Толькі цягнік ірваў сваімі агнямі ноч, тахкаў па стыках, будзіў на глухіх азёрах цішыню.
На талерцы, што ўздрыгвала на непрыбраным кутнім століку, засталася толькі адна абгрызеная да белаты костачка.