Праз шмат гадоў, можа, калі-небудзь наведаеш гэты край, ужо, пэўна, не ўбачыш тых старых людзей, з якімі столькі разоў размаўлялі ў маім доме, і мяне ўжо на свеце не будзе; магілу маю, можа, хто-небудзь пакажа табе. Бывай здаровы і памятай гэтыя мае словы”.
Праз гадзіну ўжо схаваўся ад мяне высокі лес, што акружаў сядзібу майго дзядзькі, схавалася чыстае люстра і зялёныя берагі возера Нешчарды.
ДРАЎЛЯНЫ ДЗЯДОК І КАБЕТА ІНСЕКТА 173 173 Першая частка (раздзелы “Што здарылася з Драўляным Дзядком” і “Кабета Інсекта”) гэтае аповесці Я. Баршчэўскага была надрукавана ў пятым томіку альманаха “Nіezabudka” на 1844 г. яшчэ да з’яўлення “Шляхціца Завальні”. Другая частка – у восьмым томіку альманаха Казіміра Буйніцкага “Rubon” на 1847 г. ужо пасля выхаду “Шляхціца Завальні”.
Сонца ўжо схавалася на захадзе, неба было чыстае, паветра ціхае, у лесе чуліся мілагучныя і дзікія спевы птушак; блізкі быў час начлегу, і я спяшаўся як найхутчэй пакінуць засень лясоў. Выходзячы ў поле, заўважаю на пагорку прывабны шляхецкі дамок, на ўраджайных нівах даспявалі залатыя каласы, і вялікая чарада кароў, рыкаючы, вярталася з пашы. Ведаючы шчырую беларускую гасціннасць, зварочваю туды на адпачынак пасля дзённага падарожжа.
Бачу чалавека, што вяртаецца з поля, ужо пажылы, з загарэлым тварам, капот з шэрага свойскага сукна, галава сівая, на твары спакой і бадзёрасць.
Здагадаўшыся, што гэта гаспадар, вітаюся і прашу, каб быў ласкавы дазволіць адпачыць з дарогі да наступнага дня.
– Проша, проша, – шчыра адказаў ён. – Цяпер дзень доўгі, можна не спяшаючыся шмат прайсці. Пан Бог, пэўна, накіраваў у Полацак, адсюль яшчэ сорак вёрст дарогі праз пусткі і пясчаныя баравіны, аднаму, а яшчэ пеша, маркотна і нядобра ісці цёмнаю ноччу.
Калі падыходзілі да жытла, два вялікія сабакі спаткалі нас на дзядзінцы і насцярожана пазіралі на мяне.
– Не палохайся, – кажа гаспадар, – чалавека яны не чапаюць, але дзікіх звяроў блізка не падпусцяць і жывёле найлепшыя вартаўнікі, у нашай гаспадарцы такія сабакі вельмі патрэбныя: мноства ваўкоў і мядзведзяў, не раз нападалі на суседскія аборы.
Ён завёў мяне ў святліцу, дзе былі стол, крэслы і іншыя рэчы сваёй работы з бярозы, простыя, але зручныя. На сценах у ракітавых асадах віселі абразы Збавіцеля, Маткі Божае з надпісам унізе: “Klauber Svulpsіt” 174 174 Klauber svulpsіt – Клаўбер напісаў па замове (ці Клаўбер пісаў па жаданню) ад лац. абрэвіятуры s(і) vul(tіs) (scrі)psіt (ці s(і) vul(t) (scrі)psіt).
і гравіраваныя некалі ў полацкай друкарні партрэты св. Ігнацыя Лаёлы, Андрэя Баболі 175 175 Баболя Андрэй (1591–1657) – манах ордэна езуітаў. Вызначыўся сваёй рэлігійнаю дзейнасцю ў Бабруйску і Пінску. Падчас вайны ў 1657 г. быў замардаваны казакамі.
, Францішка Ксаверыя 176 176 Ксаверый Францішак (пам. у 1552) – пакутнік і святы каталіцкае царквы, адзін з першых місіянераў езуіцкага ордэна ў Азіі.
і іншых. На шафе ў куце я заўважыў нейкую драўляную галаву, носам і лысінаю падобную да Сакрата; твар паколаты, пашарпаны і сям-там апалены.
З гароду прыйшла гаспадыня, акружаная дзецьмі; старэйшая дачка, якая звалася Анэля, мела чорныя валасы, стройную постаць, жывы пагляд; прырода яе надзяліла так шчодра, што каштоўныя аздобы і ядваб да яе прыгажосці нічога дадаць не змаглі б. З вялікай прыемнасцю глядзеў я на гэтую шчаслівую сям’ю.
– Ты з нашага павета ці з далёкіх краёў ідзеш? – спыталася гаспадыня.
– Мне з дзяцінства знаёмыя ваколіцы Полацка, але, шукаючы долі, я пражыў шмат гадоў далёка, цяпер адведваю гэты край. О! Якія вялікія змены бачу, толькі горы і лясы захавалі свой даўні выгляд.
– А як даўно пакінуў родны край?
– Ужо таму васемнаццаты год.
Гаспадар, пазіраючы на мяне, кажа:
– Здаецца, што я цябе колісь бачыў у гэтых краях, але прозвішча не магу ўспомніць.
Я назваў яму прозвішча, ён з радасцю схапіў мяне за руку і сказаў:
– Я З… 177 177 У другой частцы аповесці замест крыптаніма З… пададзена поўнае прозвішча гаспадара – пан Зямельскі.
, мы былі калісьці школьнымі таварышамі.
І тут пайшла доўгая гаворка пра шчаслівае мінулае, пра маладых таварышаў і настаўнікаў полацкіх школ, пра знаёмых, хто дзе і як жыве, хто і калі пакінуў бацькаўшчыну, пра старцаў, якія ўжо выбраліся да вечнага дому нашага.
Пасля пан З… зняў з шафы драўляны бюст і сказаў:
– А гэтага Дзядка ці памятаеш? Даўней ён лепш выглядаў, калі, высунуўшыся з-за сцяны праз вузкае вакенца, даваў нам парады і перасцярогі, цяпер можаш бачыць на яго твары, колькі ён мусіў выцерпець, пакуль трапіў сюды да мяне, ён для мяне дарагая памятка. Гледзячы на яго, я ўспамінаю тыя мудрыя перасцярогі і паўтараю іх сваім дзецям. Гэты мой маленькі сынок добра ведае, што дазваляе і што забараняе Драўляны Дзядок.
Читать дальше