Пасля дзядзька апавядаў пра сяброўства асташоў са злым духам і пра ўсё тое, што чуў пра іх ад Родзькі. Пакуль закончылася размова, сабралі на стол.
Павячэраўшы, Андрэй сказаў:
– Дзякуючы гаспадару за гасціннасць, перад сном добра было б расказаць што-небудзь цікавае, але тым часам анічога мне на памяць не прыходзіць. Дык ахвярую пану кніжку, цікавейшую і карыснейшую за ўсе апавяданні. Гэта віленскі каляндар на гэты 1817 год. Тут прачытаеш шмат разумных рэчаў, карысных і цікавых. Тут ёсць парады гаспадару, тут сакрэты, якіх, пэўна, яшчэ пан Завальня не ведаў. Напрыклад, як ахаваць капусту ад вусеняў, як бяліць палатно, як гадаваць свойскіх птушак і як гатаваць воцат, як палепшыць розныя садовыя дрэвы. Апрача таго, ёсць тут загадкі, показкі, апавяданні.
– Вялікі дзякуй. Гаспадару гэтая рэч вельмі патрэбная. Там пішуць і пра змены надвор’я, хоць і не заўсёды ўдала, аднак жа часам каляндар вельмі дапамагае сваімі парадамі адносна сенажаці і жніва. Але раскажы, пане Андрэй, што значаць гэтыя фігуркі: бык, леў, рак, паненка, шалі, блізняты – заўсёды сустракаю іх у календарах, а не разумею, навошта яны тут патрэбныя.
– Гэта знакі на небе, пад якімі нараджаюцца людзі і якія маюць уплыў на іх жыццё. А ўрэшце, не ведаю добра: усе школы не канчаў і па небе яшчэ не падарожнічаў. Янка гэта павінен ведаць лепей.
– У гэтым годзе будзе зацьменне сонца, – сказаў дзядзька, чытаючы каляндар далей.
– Зацьменні сонца людзі прадказваюць, – адказаў Андрэй, – але не могуць прадказаць тое зацьменне, якое можа акунуць іх сэрцы ў смутак.
– У цябе ёсць нейкія непрыемныя весткі? – спытаўся дзядзька.
– Вельмі непрыемную вестку пачуў ад ксяндза-пракуратара. Сумная вестка, але мушу паведаміць пану Завальню. Дай Божа, каб яна не спраўдзілася.
І нешта сказаў па сакрэту.
Бачу смутак на дзядзькавым твары, перапынілася размова, доўга ён сядзеў, апанаваны нейкімі думкамі. Нарэшце прамовіў:
– Час ужо і спаць, можа, прысніцца што-небудзь лепшае. Ужо, пэўна, поўнач мінулася.
Прынеслі ложак у пакой. Андрэй, стомлены дарогаю, хутка заснуў. Дзядзька даўжэй, чым звычайна, шаптаў вячэрнія малітвы і патушыў агонь, калі певень заспяваў ужо другі раз.
Вясна. Веяў цёплы ветрык, грэў сонечны прамень, з кожным днём цямнеючы, раставаў на Нешчардзе лёд. Пуста на ўсім возеры. У паветры лёталі толькі белыя крачкі; ручаі збягалі з пагоркаў, шумела, заліваючы ўсю абалонь, рака, вада пакрывала прыбярэжныя лугі і лясы; высокія бярозы і вербы люстраваліся ў чыстым крышталі. Над палямі спявалі жаўрукі, а ўдалечыні адзываліся жураўліныя крыкі.
У канцы красавіка зямля ўбралася зялёным кілімам. Ужо пастух выгнаў на пашу статак, ужо араты працаваў да захаду сонца. Ясным днём захаплялі вока пекным краявідам горы і лясы, увечары адзываліся ў гаях птушыныя хоры і чароўныя песні салаўёў, уначы на берагах Нешчарды раскладвалі вогнішчы рыбакі; крычалі ў густым чароце качкі і вадзяныя куры.
Сярод весялосці прыроды, сярод добрага надвор’я я быў журботны, мае думкі азмрочыў смутак; адведваў палеткі і лясы, развітваючыся з веснавою роднаю зямлёю; будучыня паўставала ў маіх думках як далёкая, дзікая і страшная пустэльня, дзе мяне могуць спаткаць прорвы, звяры і гадзюкі.
Калі сонца хілілася да вечара, дзядзька, вяртаючыся з поля, паклікаў мяне да сябе і сказаў:
– Чаму ты такі змрочны і задуманы?
– Думаю пра дарогу.
– Калі ты збіраешся пакінуць наш край?
– Хацеў бы заўтра. Ужо наважыўся, і няхай усё споўніцца хутчэй, апрача таго, такое вясновае надвор’е – найлепшы час для падарожнікаў.
– Не трымаю, калі ўжо вырашыў. Будзеш мець заўтра каня і прыпасы на дарогу, але цяпер, перш чым назусім ад’едзеш з гэтага краю, пабудзь у пана Марагоўскага, пана Сівохі і ў сляпога Францішка. Едзеш у той бок, і ад дарогі недалёка трэба будзе ад’язджаць; яны любяць цябе, шчыра зычаць шчаслівага жыцця.
Раніцай, калі ўсё ўжо было прыгатавана, пан Завальня сказаў:
– Янка! Я паўтару табе напамін, які калісьці сам чуў ад свайго бацькі: “Ідзі ў свет, шукай сабе долі, любі Бога, бліжняга і праўду. Апека Творцы цябе не пакіне. Служачы, будзь адданы і працавіты, калі зазнаеш няшчасце, цярпі, у бядзе не паддавайся роспачы, памятай, што на свеце няма нічога вечнага, толькі на небе ад стварэння свету свецяць тыя самыя зоркі і тое ж самае сонца.
Калі спаткаеш дзесьці там шчаслівейшых ад нас людзей, калі ў вёсках і ў гарадах у іх заўсёды песні, музыка і вясёлыя забавы, калі ўся зямля нагадвае пышны сад і штогод добра ўзнагароджвае земляробаў, не забывай пра пакуты сваіх землякоў, няхай твая малітва да Бога лучыцца з іх малітвамі. Можа, калі-небудзь і нашыя дзікія пушчы і лясы загучаць вяселлем, Бог магутны і міласэрны.
Читать дальше