Скамароха свіснуў, клічучы да сябе людзей, і штурхануў нагою сабаку.
– Дарэмна свішчаш: ніхто не пачуе. Шуміць вецер, лье дождж, і сабаку не абудзіш.
– Чаго ты блукаеш па свеце? Навошта ты ўсё выведваеш?
– Я – пасланец Белае Сарокі, даведаўся пра твае памысныя думкі і прывабныя намеры.
– І хто ж тая Белая Сарока, якую ты ўспомніў?
– О! Белая Сарока мудрасцю свет здзіўляе, яе твар – цуд прыгажосці, постаць высокая, велічная; адзенне з дарагіх дыяментаў і перлаў, жыве ў палацы, якога ты яшчэ ніколі не бачыў; ёй кланяюцца багатыя паны і мудрыя галовы, духі па яе загадзе здабываюць скарбы з зямлі і мора, дзікіх мядзведзяў прывучыла да сябе, і яны, як пакорлівыя сабакі, заўсёды гатовыя ёй служыць. Словам, яна мацнейшая за ўсіх чарнакніжнікаў. Толькі часам убіраецца ў пёры белае птушкі, калі хоча бачыць тых, хто спрыяе ёй; і іх узнагароджвае, узбагачае, робіць шчаслівымі.
Бледны Скамароха, гледзячы на пасланца, вымавіў:
– Дзіўныя і незразумелыя рэчы мне гаворыш.
– Заўтра гэтай парою я буду ў цябе, і Белая Сарока прыляціць пад твой дах адпачыць. Пастарайся прыняць яе добра і будзь у размове абачлівы; апоўначы лёкаі няхай не заходзяць у твой пакой, няхай першы візіт гэтае пані будзе таемны.
Ён адчыніў вакно, паглядзеў угору:
– Хмары разышліся, толькі вецер шуміць. Здаецца, стрэлы перуноў не спаткаюць мяне на дарозе, не міне і паўгадзіны, як буду размаўляць пра цябе з Белай Сарокаю.
Сказаў гэта і выскачыў у вакно. Гаспадар бачыў толькі, быццам нейкі чорны звер прабег праз панадворак і імгненна знік.
Доўга Скамароха стаяў, нібыта слуп, сярод пакоя; нейкая трывога апанавала думкі, і дрыготка прабегла па целе. Што значыць гэты прывід? Няўжо гэта відма? А можа, злы дух хоча ўблытаць яго ў нейкае няшчасце? На сцяне прабіў гадзіннік.
Скамароха глянуў на яго і ўбачыў, што ўжо поўнач. Свіснуў. Сабака прачнуўся, натапырыў поўсць, вочы загарэліся агнём, і ён, скуголячы, абышоў пакой. Прыбеглі лёкаі і, стоячы ля дзвярэй, чакалі панскага загаду.
– Таму з паўгадзіны, не больш, я клікаў вас да сябе, але аніводзін не з’явіўся.
Што гэта значыць? Мружыце вочы на святле – спалі, мала вам ночы, гультаі!
П е р ш ы л ё к а й. Не ведаю, пане, што гэта такое, але на нас напала нейкая туга. Мы доўга сядзелі моўчкі, не маглі слова прамовіць адзін да аднаго. Потым адчулі ў сабе незвычайны цяжар, стомленыя вочы не маглі глядзець, і мы ўсе мімаволі заснулі.
Скамароха нейкі час стаяў задуманы.
– А ці мроілася вам што-небудзь у сне?
П е р ш ы л ё к а й. Мне сніўся дзіўны сон: бачыў старога пана нябожчыка, быццам з ім пераходзіў нейкую пустэльню, дзе шмат было страшных гадзюк. Яны ўвесь час заступалі пану дарогу, нібыта хацелі ўтнуць. Ён, журботны, не кажучы мне ані слова, усё далей і далей ішоў сярод нейкіх скалаў. Потым бачыў я мясцовасць, зусім не падобную да нашых ваколіц, і нейкія руіны. На захадзе ў чорных хмарах гасла сонца і шумеў голы лес. Я ўбачыў недалёка ад дарогі жахлівых звяроў і закрычаў: “Пане, давайце вернемся дахаты. Нас напаткае цёмная ноч, а падарожжа небяспечнае”. – “О, доўгая і страшная будзе ноч, – адказаў ён мне, плачучы. – Не хутка звон і ранішняя малітва прывітаюць узыход сонца, гэтых звяроў я не баюся, але цябе яны могуць загрызці, дык не адыходзься ад мяне”. Тут пачвары кінуліся на нас. Я перапалохаўся і страціў прытомнасць, а цяпер вось абудзіўся і яшчэ дрыжу ад страху.
Д р у г і л ё к а й. А мне здавалася, што я хадзіў ля каламутнае рэчкі, а на берагах з аднаго і другога боку тырчалі камяні, і яны былі падобныя да нейкіх сядзячых людзей у доўгіх брудных апранахах. Потым мне сустрэўся волат, тоўсты, шыракаплечы, вочы страшныя. Хацеў ад яго ўцячы, але ногі мае былі нібы закутыя ў кайданы, з месца зрушыцца не мог. Ён падышоў да мяне і выцяў так моцна, што я заляцеў амаль на самую сярэдзіну рэчкі. Калі мяне несла вада, я крычаў, просячы дапамогі, ды на мой крык толькі камяні адказвалі дзікім смехам, і гул ад іх здзекаў лунаў над берагамі. Пасля я ўбачыў: здалёк мой бацька падымаў да неба рукі і маці млела, бо мне не маглі дапамагчы. Затым зноў нечаканая перамена: я стаяў над нейкаю прорваю і там мяне зноў спаткаў той страшны чалавек. Ён папхнуў мяне ў прорву – і я імгненна прачнуўся ў вялікім страху.
Т р э ц і л ё к а й. Мне снілася бура. Яна зрывала дахі з дамоў, а вецер нёс нейкага шатана і скінуў яго перад самым ганкам…
– Годзе, годзе ўжо слухаць гэтае глупства; шум ветру і вільготнае паветра наслалі на вас цяжар і санлівасць, а гарачая кроў абудзіла ў галовах мудрагелістыя мроі. Ідзіце да сябе і кладзіцеся спаць.
Читать дальше