Ці памятаеш той дзіўны захад сонца, які бачылі мы колісь, наведваючы гэтыя ваколіцы? Якое цудоўнае было неба! Пасмы густых хмараў расцягнуліся над даляглядам, а іх распаленыя краі гарэлі рубінавым агнём; з воблака лілося, накшталт вадаспаду, чырвонае святло, і, быццам на абразах, залатыя промні, падзеленыя ценямі, стралялі ўгору. Нас захапляў гэты пекны малюнак, а хмары ўсё больш і больш гусцелі, і ўрэшце знікла святло; агонь бліскавіцы прабег па небе, і бузупынна грымела на захадзе. Пастух, гледзячы на неба, сказаў: “Будзе рабінавая 79 79 Рабінавая ноч – назва навальнічнай ночы напрыканцы лета, калі неба скаланаюць грымоты, бліскаюць маланкі, ідзе праліўны дождж, дзьме моцны вецер.
ноч!” – і са сваім статкам паспяшаўся да вёскі. І мы схаваліся ад навальніцы ў хату, якя там славілася дабрынёю і ветлівасцю гаспадара.
О, які страх наводзіць такая рабінавая ноч на люд беларускі! У тую пару, калі на палетках даспявае ўраджай, яна, як найстрашнейшы непрыяцель, пагражае знішчыць усе надзеі земляробаў. Сустракае яе селянін, узносячы вочы да неба, з пацерамі на вуснах і з благаннем касцельных званоў.
Трывожна ў хаце ў нашага гаспадара: катоў і сабак выганяюць, бо уцякаючы ад перуноў, злы дух – паводле веры тутэйшых жыхароў – хаваецца звычайна ў целе гэтых жывёлін; кідаюць на жар свянцоныя зёлкі і пасля кожнае бліскавіцы дрыготкім голасам паўтараюць малітвы.
Змрок навокал: хмары зацьмілі неба і зямлю; перуны, як вогненныя вужакі, снавалі адзін за адным сярод чорных воблакаў; грымоты скаланалі будынак, дождж з градам сек у вокны, вецер выў за сцяною. Мінула поўнач, а пра сон ніхто і не думаў; уся сям’я, сабраўшыся разам, пасылала небу малітвы. Аліна стаяла ля маці, твар яе быў белы, як лілея; з надзеяю і спакоем душы, як анёл-суцяшальнік, казала дзяўчына бацькам пра волю і міласэрнасць Божую.
Атоне! Ты памятаеш тую ноч?! Ты ў той час не чуў ні выцця вятроў, ні навальнічных грымотаў; твае вочы і думкі былі занятыя Алінаю; у душы было найяснейшае надвор’е, бо прамень Алініных вачэй сустракаў твой позірк і пранікаў у сэрца. Гэтая ноч была для цябе светлай мараю. Цяпер, удалечыні ад бацькоўскае зямлі, ці бачыш яшчэ калі-небудзь гэтыя пекныя вочы ў смутным задуменні ці ў сне? Але час усё руйнуе!
Колькі зорак з’явілася на небе; вецер пагнаў на лясы і горы рэшткі хмар; заранка румяніла неба. Узышло сонца; відаць пазрываныя стрэхі некаторых будынкаў; на полі набрынялае вадою калоссе ўпала на зямлю; лугі, пакрытыя пяском, які ручаі нанеслі з пагоркаў; высокія хвоі і вязы ляжалі на зямлі, нібы грэцкія героі пасля слаўнае бітвы пры Фермапілах. Усюды страшныя сляды пакінула навальніца.
Сустракаю стогадовы дуб. Ён вытрываў, перамог непагадзь і віхуры, рабінавыя ночы не адолелі старога героя! Яшчэ раскіне зялёныя шаты, запрашаючы пілігрыма адпачыць у прахалодзе засені. Ён сведка даўняе мінуўшчыны, памятае прадзедаў, і праўнукаў нашых абароніць ад летняе спёкі.
Тут у святочныя дні збіраюцца сяляне з усёй ваколіцы. Я бачыў іх забавы. Яны выносяць з дамоў сталы, і старыя, сеўшы пры гарэлцы, гавораць пра мінулае жыццё, пра суседзяў, паноў і пра палітую потам зямлю, што скупа дзячыць за мазольную працу. Дудар у халадку пад дубам надзімае скураны мех; моладзь пачынае свае залёты, кружыцца кола танцораў. Тут сустрэнеш жаўнера, які, крануты іх гасціннасцю, забудзе пра сваю далёкую радзіну, захоча паскакаць, возьме на вока якую прыгажуню – і ў гэты час ён найшчаслівейшы з людзей.
Недалёка ад гэтых мясцін, над рэчкай Дрысаю, стаіць маёнтак Краснаполь 80 80 Уласнасць паноў Снарскiх.
, акружаны з усіх бакоў лесам. Там ёсць месца, дзе, кажуць, жыў калісьці – яшчэ за паганскімі часамі – князь Бой 81 81 Бой – міфічны беларускі князь.
, што выславіўся на Белай Русі як магутны асілак. Ён княжыў над усім людам з гэтых дзікіх краёў на берагах Дрысы. Яго звычайнай забаваю было паляванне з лукам і стрэламі ў пушчах на ласёў і іншых дзікіх звяроў. Меў ён пару адданых ганчакоў; адзін з іх зваўся Стаўры , другі – Гаўры . Былі яны надзвычай дужыя і кемныя; найстрашнейшы мядзведзь у сутычцы з імі не мог вытрываць; яго адразу ж разрывалі, як харты зайца.
Калі Бой на ловах адыходзіў ад сяброў і акружалі яго ліхадзеі, дык ён разганяў і забіваў іх, пускаючы сваіх дужых сабак. Няраз, калі заблукае ў далёкіх лясах, сабакі, ідучы наперад, выводзілі яго на дарогу і да самага дому.
Шмат разоў гэтыя сабакі ратавалі гаспадара ад небяспекі і былі найпрыемнейшаю забаваю ў яго жыцці. Загадаў ён падданым сваім, каб шанавалі сабак і віталі іх як найважнейшых асобаў з ягонага почту. А калі ад старасці сабакі адзін за адным памерлі, дык за заслугі прызначаны былі ім святыя дні.
Читать дальше