Мажны дзядзечка з партфелем — напэўна, з жыллёвай службы, — папярэдзіў Магдаліну, што ўсе рэчы належыць вывезці з дзяржаўнай кватэры ў бліжэйшыя пару дзён. І то для яе робяць палёгку з увагі на жыццёвую нявопытнасць. І Магда засталася адна.
Дзяўчына апусцілася на цвёрдую скураную канапу і нарэшце паспрабавала асэнсаваць усё, што з ёй адбылося. Аж галаву абхапіла і застагнала — ад немагчымасці ўсё вытлумачыць. Нават уласныя ўчынкі. Адчайны запал, які падтрымліваў Магдаліну гэтыя дні, згас. І яна засталася сам-насам з такой пустэчай вакол, якую раней адчуваць не даводзілася. Нашто стары ўлез у яе жыццё?! Навошта яна ўвязалася ў важданіну з непатрэбнымі паперамі і паламанай мэбляй? І яшчэ гэты крумкач…
Карл Карлавіч, нібыта адчуў ейны настрой, таксама захрыпеў-застагнаў, заварушыў крыламі… Магда схамянулася — ён жа, мабыць, галодны… І ў гэтай цеснай клетцы… Крумкач нязграбна ступіў на падлогу. Магда аддала яму палову булкі, наліла ў кубак свежай вады і зноў бяссіла апусцілася на канапу.
— Што ж нам з табой рабіць, Карл Карлавіч?
Карл Карлавіч яшчэ раз стукнуў моцнай дзюбай з наліплымі хлебнымі акрушынкамі ў падлогу і таксама натапырыўся, скурчыўся, нібы чорны мніх ад смяротнага грэху. Вяртацца дадому… Напэўна, каб бацька быў жывы, зразумеў бы… А цяпер трэба нешта тлумачыць маці, Марку…
Магдаліна зноў застагнала, згадаўшы свайго жаніха. Марк Ялецкі, станоўчы, надзейны, іранічны Марк, проста не паверыць у выпадак. Абавязкова вырашыць, што яна, горкае несвядомае дзіця, утварыла чарговае глупства.
Марк прыкмеціў Магду, калі яна неяк зайшла ў ягоную рэдакцыю. Правіў ейныя літаратурныя спробы. Забяспечваў кнігамі. Вадзіў на «тусоўкі». І ў рэшце рэшт само па сабе вырашылася, што Магдаліна стане ягонай жонкай. Марк быў на дзесяць гадоў старэйшы, пяць год таму развёўся. Былая жонка, вядомая артыстка, дамаглася «волі творчага самавыяўлення». І Ялецкі абвясціў, што сам «выхавае» сабе нявесту, бездакорную дзяўчыну. Магда аказалася для гэтага ўдзячным «матэрыялам» і шчыра імкнулася адпавядаць ідэалам Марка, прымаючы яго беражлівае апякунства. Ад часу недарэчнай гібелі бацькі дзяўчына ўпершыню адчувала такую абароненасць.
Марк доўга абдумваў мару Магдаліны пра Літінстытут. Урэшце вырашыў, што нядрэнна «навесці лоск» на будучую жонку. Ажаніцца са сціплай бібліятэкаркай і ажаніцца са студэнткай прэстыжнага ВНУ — розніца… Ён пераканаў Магду больш не пасылаць на творчы конкурс вершы, а сабраць артыкулы і падацца на літаратурную крытыку. Творчыя магчымасці Магды Марк ацэньваў досыць рэалістычна, таму адразу сказаў, што года ў Маскве з яе будзе досыць. Да таго ж, уздыхаў ён з затоенай скрухай, гэта будзе ім выпрабаваннем. Яны абодва — вольныя творчыя людзі, і іх лучнасць мусіць быць добраахвотнай. У цноту нявесты ён верыць непахісна.
Небарака Марк сам не падазраваў, як глыбока зачапіла ягонае сэрца юная бібліятэкарка з зялёнымі вачыма, з характарам свавольным, як веснавая ручаіна…
У дзверы пакоя нясмела пастукалі. Крумкач узляцеў на шафу. Знаёмая па першым наведванні кватэры суседка працягнула Магдзе невялікі скрутак.
— Вось… Іван Канстанцінавіч незадоўга да смерці прасіў мяне схаваць, і калі што — перадаць вам. Асабіста ў рукі і без сведкаў.
Магда няўважна ўзяла пакунак. Але суседка не спяшалася сыходзіць. Абвяла позіркам пакой.
— Каго цяпер паселяць? Не дай Бог, якіх алкашоў… Прасілі ў начальства, каб каму з нас пакой адпісалі. Дык не, не выходзіць па плошчы. Бюракраты. Будуць падсяляць. З Іванам Канстанцінавічам добра было. Ціха. Часам які цвік забіць дапаможа. А куды ж вы гэтую мэблю падзенеце? Забераце? Магда паціснула плячыма.
— Навошта яна мне?
— Ну чаму, шафа вунь якая зручная… Змястоўная… У мяне б у пакоі якраз стала…
Магдаліна ўнутрана ўсміхнулася гэткай наіўнай хітрасці.
— Ну дык забірайце яе сабе… І канапу таксама. І ўвогуле… Я толькі кнігі і дакументы забяру. А астатняе — самі глядзіце…
Суседка ўзрадавалася, пачала нешта шчабятаць пра тое, як любіла нябожчыка і якім ён добрым чалавекам быў. Таму і памёр так хутка, не мучыўся. Лёг і не прачнуўся.
З шафы пачуўся хрыплы роспачны крык. Магдаліна ажно пачырванела ад сораму — як яна магла забыцца пра птушку? Можа, раздобраная суседка і Карла Карлавіча прытуліць? Але кабета грэбліва скрывілася ў бок крумкача:
— Цьху… Сіла нячыстая… напалохала… І вось жыве ж такая поскудзь, і чалавека перажыве!
І Магдаліна нічога не сказала ёй. І засталася ў чужым пакоі, з чужымі рэчамі і сам-насам са сваёй бядой…
Читать дальше