Вяртаючыся назад да дыспетчарскай тым жа шляхам, Дзяніс убачыў жанчыну, якая ляжала на падлозе. Вакол яе стаялі Зіна, Масла і Курва. Кроў ад жанчыны расцяклася чырвонай плямай на цэлы метр.
— А што гэта з Марыяй здарылася? — спалохана спытаў адзін з мужыкоў, з якім ішоў Дзяніс.
— Забілася, — адказала расчырванелая Зіна і адразу ж зачыніла вочы азызлымі далонямі.
Дзяніс, хаваючы прыступ невымернай агіды, хутка пайшоў далей. Упершыню ён убачыў чалавека, які сканаў на яго вачах і адчуванне гэта было не з самых прыемных. Што казаць, калі ён нават нябожчыкаў баяўся і ўсялякімі сродкамі спрабаваў не прысутнічаць на пахаваннях. Потым начамі ён не мог заснуць, яго думкі запаўнялі, усялякага кшталту, жахі з ажылымі трупамі і іншымі анамаліямі паўсядзённага жыцця. Цяпер жа ў яго сэрца закралася самае сапраўднае трапятанне.
— Мужчыны, дапамажыце нам пакласці яе ў куды больш прыстойнае месца, яна ж усё ткі чалавек, а не сабака, — пачуў Дзяніс за спінай зрывісты голас Зіны, але пайшоў далей. Чапаць мерцвяка — пакіньце гэта каму-небудзь іншаму.
Ён вярнуўся да дыспетчарскай, адкуль нядаўна бессаромна кінуўся на ўцёкі і ўбачыў каля майстра Прошына яшчэ з дзясятак чалавек, сярод якіх былі брыгадзір Холадаў, Снайпер і Дзяцел. Дзянісу адразу стала сорамна за праяву слабасці свайго характара і ён ужо чакаў у свой бок вострых слоў і ў бок тых, хто вярнуўся разам з ім, але нічога падобнага не адбылося, толькі Холадаў кінуў на ўсіх уцекачоў здзіўлены позірк і спытаў:
— Чаму вы вярнуліся?
— Ды нейкая падла ўсе дзверы зачыніла, я першы раз бачу, каб яны наогул зачыняліся! — абурана сказаў чарнабароды мужык.
— Як так зачыніліся? — падышоў да яго Снайпер.
— А вось так — на замок з другога боку і баста.
— Гэта падобна на замову, — зласліва працадзіў Холадаў. — Якога лысага тут дзеецца?
— Канвеер, — ціха сказаў майстар Прошын.
Усе прысутныя звярнулі на яго ўстрывожаныя позіркі. Майстар ляжаў, распластаўшыся на халоднай бетоннай падлозе, яго галаву прытрымлівала мажная жанчына, а з рота тоненькім струменьчыкам выцякала кроў. Адарваную руку паклалі побач з ім, нібы звычайную дэталь ці нарыхтоўку.
— Цішэй, мой хлопчык, — па-мацярынску казала яму жанчына, — цішэй, каток, табе нельга гаварыць.
Вочы Прошына ашклянелі ў натужлівым чаканні смерці. Было бачна, што ён намагаўся гаварыць і гаварыць аб многім, але сілы яго пакідалі, вусны сутаргава трэсліся і ён надрыўна ўздыхаў.
Брыгадзір падышоў да ўсіх, хто вярнуўся назад і шэптам сказаў:
— Яму не доўга засталося. Невядома хто на “лініі Краўса” усадзіў яму ў грудзі сталёвую загваздку і адарваў руку.
— Але хто? — пасыпаліся ціхія галасы працоўных. — Хто мог учыніць такое?
— Не ведаю, але адно магу сказаць дакладна — гэты невядомы досыць небяспечны тып і яго трэба асцерагацца.
— Ды што мы ўрэшце важдаемся, — згубіўшы раўнавагу, сказаў Пазаліні, які прыйшоў адразу за Дзянісам. — Трэба пазваніць 101, 102, 103, халера ведае яшчэ куды і выклікаць неабходную дапамогу.
— Ужо спрабавалі, — расчаравана кінуў Снайпер.
— І што?
— Нічога — сувязі няма, абаненты недаступныя.
— Паспрабуйце набраць з майго апарата, — не сунімаўся Пазаліні.
— Толку не будзе, — сказаў Холадаў.
— А вы паспрабуйце, у мяне заўжды добра ловіць.
Холадаў са Снайперам пераглянуліся. Снайпер падышоў да Пазаліні, узяў яго тэлефон, набраў 102, крыху пачакаў, а потым прыціснуў тэлефон да яго вуха.
— Вось дупа, — вылаяўся ён.
У гэты момант Дзяніс пашкадаваў, што забыў сваю Motorola ў гардэробе, прынамсі можна было пераканацца ў словах Снайпера.
— Як быццам Бярмудскі трохкутнік, — загадкава падагульніў Пазаліні.
Паступова вярталіся збеглыя працоўныя, хтосьці са злосцю, хтосьці з абыякавасцю, а хтосьці са спужаным тварам. У паветры лунала трывога. Жанчыны, трапечучы, уздыхалі, а мужчыны голасна перагаворваліся. Урэшце Холадаў ізноў вырашыў узяць кантроль у свае рукі.
— На “Лініі Краўса” узніклі сур’ёзныя непаладкі, якія па невядомым пакуль прычынам скалечылі Максіма. Я збіраюся туды пайсці і высветліць, што там здарылася, мне патрэбны дапамагатыя, пажадана з тых, хто непасрэдна там працуе, — сказаў ён.
— Ага, каб і нас там на шматкі паразрывала, — выкрыкнуў нізкарослы мужык з другой канвеернай веткі.
— Дурняў няма! — падтрымалі яго галасы.
Холадаў, відавочна, чакаў такога павароту падзей, таму стрымана паўтарыў, што яму патрэбны добраахвотнікі па ўласным жаданні.
Читать дальше