Як вызначыць, што з бясконцага патоку інфармацыі з'яўляецца сапраўдным, заслугоўваючым увагі, праўдзівым?
Запытайце ў сябе. Дзесьці там, унутры кожнага з нас, ёсць адказы на ўсе пытанні. Трэба толькі не баяцца і не ленавацца іх задаваць. І тады маўчанне зашэпча, загаворыць, а часам і закрычыць.
Я запытала. Што атрымалася, раскажу ў маіх «казках».
Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, – і тады пераможаш.
У. Караткевіч
Прыкметы і павер’і, якія мы заўважаем на дадзены момант, ёсць адлюстраванне нашай падсвядомасці. Калі мы думаем, што захварэем ад таго, што ў памяшканні скразняк, ці ад таго, што мы самі сябе сурочылі, выхваліўшыся, што ў гэтым годзе ніводнага разу не хварэлі, мы абавязкова захварэем. Калі нам здаецца, што сённяшні паход ў краму скончыцца нічым, то так яно і будзе. Калі мы падсвядома жадаем ад кагосьці-чагосьці пазбавіцца (напрыклад, ад надакучыўшых адносін), то і прыкметы будуць сустракацца адпаведныя: вылеціць цагліна з печы, двор пачне хутка зарастаць крапівай, крумкач праляціць з карканнем над дахам у бок могілак… Прыкметы нібыта пацвярджаюць наша падсвядомае жаданне, апошняе ўзмацняецца, і смерць, хвароба, здрада, безграшоўе не прымусіць сябе доўга чакаць. Варта ж толькі падумаць аб каханні, шчасці, здароўі – і гэтыя думкі неўзабаве быццам магнітам прыцягнуць да вас шчасце ўзаемнага кахання, а дзеля таго, каб быць здаровым, дастаткова ўпэўнена сказаць сабе «я здаровы» і «як верыце, так яно і будзе».
Закрануўшы паняцце веры, неабходна адзначыць, што так, калі вы свята верыце у тое, што перабегшы дарогу чорны кот прыносіць удачу, то не трэба шукаць абходныя шляхі – вам ніякая небяспека не пагражае. Сапраўды, калі вы спакойна ставіцеся да сустрэчы з чалавекам з пустымі вёдрамі – ніякія непрыемнасці дзякуючы гэтаму спатканню вас не напаткаюць, ваша «чаша» застанецца такой жа поўнай, як і раней, а калі вы ідзяце па справе, то яна, безумоўна, удасца. Вера ў тое, што пустыя вёдры азначаюць, што вы справіцеся са ўсім так жа лёгка, як важаць ненапоўненыя вёдры, а не марнуеце час дарма, займаючыся не той справай, прынясе ўдачу. Безумоўна, калі вы запраграмавалі сваю падсвядомасць на тое, што левая рука чухаецца да грошай, то вы абавязкова будзеце іх атрымліваць пасля такой няхітрай рэакцыі арганізма на прыток грашовых сродкаў. Але калі вы дамовіліся з самім сабой, што гэтае ж дзеянне азначае, што з грашыма прыйдзецца развітацца, то неўзабаве вы іх аддасцё або, калі вы не верыце ні ў першае, ні ў другое, жаданне пачухаць рукі будзе сігналізаваць аб тым, што пара ўжо іх памыць.
Аднак калі вам не лішне было б даведацца, якога выніку чакаць ад прыняцця важнага рашэння, дазвольце сабе раскошу звярнуцца да традыцыйных, вякамі ўсталяваных прыкмет і павер’яў, якія здольны ўказаць на выбар правільнага шляху, даць неабходную параду, аказаць дапамогу. Гэтак жа няма нічога дрэннага і ў выкарыстанні прыёмаў белай магіі ва ўласных утылітарных мэтах. Але тут трэба памятаць: магія, нават белая, адносіцца да той катэгорыі рэчаў, за якія рана ці позна прыйдзецца заплаціць. Гэта нармальна, плацім мы і за іншае. Напружанне выклікае толькі той факт, што кошт загадзя невядомы. Бадай што, бяспройгрышным варыянтам у такім разе будзе звяртанне з просьбай да памерлых родзічаў, да любых прадстаўнікоў таго свету (і святых, у тым ліку), папярэдне пачаставаўшы іх рытуальнай ежай ці выканаўшы ахвярапрынашэнне, любое іншае дзеянне, дзе вы спачатку расплачваецеся за тое, што атрымаеце потым. Ёсць толькі адна акалічнасць: вы ўпэўнены, што на самай справе ведаеце, чаго хочаце?!
Не раю з толькі што сказанага зрабіць няправільны вынік, што, калі вы не будзеце ведаць дрэнных прыкмет, то нічога благога з вамі не здарыцца. Гэта вы разумна разважаеце, што нічога такога не ведаеце, а ваша падсвядомасць, у многім заснаваная на памяці роду, лічыць зусім наадварот і, калі яе асэнсавана не перапраграмаваць, а для гэтага, як мінімум, трэба ведаць, што можна і ці варта было б нешта перайначыць, спрацуе гэтак жа добра, як многа вякоў таму дапамагала вашаму далёкаму продку «падсцяліць саломкі» там і тады, дзе і калі было патрэбна.
Якія робім высновы? Так, трэба абавязкова прыслухоўвацца да голасу народнай мудрасці, але пры гэтым памятаць, што вера стаіць над ёй. Вера знаходзіцца на парадак вышэй за любыя прыкметы, павер’і, варожбы, вопыт прошлых пакаленняў. Але не сляпая, а заснаваная на ведах, таму што безагаворачна паверыць, паверыць на самай справе, можна толькі таму, што сам перажыў.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу