На краi ямы, стрыгучы нагамi, сядзелi чацвёра цi пяцёра хлапчукоў, яны балавалiся (пакуль я iх не спынiў), кiдаючы каменьчыкамi ў жудасную махiну. Затым, паслухаўшы мяне, яны пачалi гуляць у квача, бегаючы вакол дарослых.
Сярод прысутных былi два веласiпедысты, садоўнiк-падзёншчык, якога я тады-сяды наймаў, дзяўчына з дзiцём на руках, мяснiк Грэг са сваiм сынам, некалькi гулякаў i хлопчыкаў, што прыслугоўвалi ў гульнi ў гольф i звычайна сноўдалi каля станцыi. Гаворка была скупою. У той час у Англii нямногiя з простых людзей мелi ўяўленне пра астраномiю. Большасць назiральнiкаў спакойна глядзела на плоскую накрыўку цылiндра, якая знаходзiлася ў тым жа становiшчы, у якiм яе пакiнулi Оджылвi i Гендэрсан. Я думаю, што ўсе былi расчараваныя, убачыўшы замест абгарэлых целаў нерухомую грамадзiну цылiндра; многiя адпраўлялiся дамоў, замест iх прыходзiлi iншыя. Я спусцiўся ў яму, i мне падалося, што я адчуваю слабае ваганне пад нагамi. Накрыўка была нерухомая.
Толькi падышоўшы зусiм блiзка да цылiндра, я ўбачыў яго незвычайны выгляд. На першы погляд цылiндр здаваўся не больш дзiўным, чым перакулены экiпаж цi дрэва, якое ўпала на дарогу. Менш таго, - ён быў падобны на ржавы газавы рэзервуар, заглыблены ў зямлю. Толькi дасведчаны чалавек мог заўважыць, што шэры нагар на цылiндры быў простым вокiсам, што жаўтавата-белы метал, якi паблiскваў пад накрыўкай, меў незвычайнае адценне. Слова "пазазямны" большасцi людзей было незразумелае.
Я ўжо не сумняваўся, што цылiндр упаў з Марса, але не верылася, што ў iм знаходзiлася якая-небудзь жывая iстота. Я меркаваў, што развiнчванне адбываецца аўтаматычна. Нягледзячы на словы Оджылвi, я быў упэўнены, што на Марсе жывуць людзi. Мая фантазiя нарастала: магчыма, унутры знаходзiцца якi-небудзь манускрыпт; а цi зможам яго перакласцi, цi знойдзем там манеты, розныя рэчы? Аднак цылiндр быў занадта вялiкi для гэтага. Карцела паглядзець, што там унутры. Каля адзiнаццацi, бачачы, што нiчога асаблiвага не адбываецца, я вярнуўся дамоў у Мэйбэры. Але ўжо не мог займацца сваiмi абстрактнымi даследаваннямi.
Апоўднi пустка была непазнавальная. Раннi выпуск вячэрнiх газет узбударажыў увесь Лондан:
ПАСЛАННЕ З МАРСА
НЕБЫВАЛАЯ ПАДЗЕЯ ВА ЎОКIНГУ,
iнфармавалi загалоўкi буйным шрыфтам. Акрамя таго, тэлеграма Оджылвi Астранамiчнаму таварыству перапалохала ўсе брытанскiя абсерваторыi.
На дарозе ля пясчанай ямы стаялi паўдзюжыны брычак са станцыi, фаэтон з Чобхема, чыясьцi карэта, безлiч веласiпедыстаў. Нягледзячы на гарачы дзень, шмат народу прыйшло з Уокiнга i Чэртсi, так што сабраўся даволi вялiкi натоўп, было нават некалькi разадзетых дам.
Стаяла ўдушлiвая спякота; на небе нi хмурынкi, нi малейшага ветрыку, i цень можна было знайсцi толькi пад некаторымi соснамi. Верас ужо не гарэў, але раўнiна ледзь не да самага Отэршоў пачарнела i дымiлася. Прадпрымальны гаспадар бакалейнай лаўкi на Чобхемскай дарозе прыслаў свайго сына з ручной цялежкай, нагружанай зялёнымi яблыкамi i бутэлькамi з iмбiрным лiманадам.
Ступiўшы на край ямы, я ўбачыў у ёй групу людзей: Гендэрсана, Оджылвi i высокага сiвавалосага джэнтльмена (як я пасля даведаўся, гэта быў Стэнт, каралеўскi астраном); некалькi рабочых, узброеных рыдлёўкамi i кiркамi, стаялi тут жа. Стэнт выразна i гучна даваў указаннi. Ён узабраўся на накрыўку цылiндра, якая, мабыць, ужо астыла. Твар пачарнеў, градам кацiўся пот па лобе i шчоках: Стэнт яўна быў чымсьцi раздражнёны.
Большая частка цылiндра была адкопана, хоць нiжнi канец усё яшчэ быў у зямлi. У натоўпе вакол ямы Оджылвi ўбачыў мяне, паклiкаў i папрасiў схадзiць да лорда Хiлтана, гаспадара гэтага ўчастка.
Ён гаварыў, што працаваць перашкаджаюць хлапчукi i натоўп, якi ўсе большаў i большаў. Трэба адгарадзiцца ад людзей i адвесцi iх крыху далей. Ён сказаў мне, што з цылiндра даносiцца слабы шум i што рабочыя не змаглi адкруцiць накрыўку, бо не было за што ўхапiцца. Шум, якi даносiўся адтуль, прыглушваўся, магчыма, вельмi тоўстымi сценкамi цылiндра.
Я быў гатовы ахвотна выканаць яго просьбу, спадзеючыся такiм чынам апынуцца ў лiку прывiлеяваных гледачоў пры чаканым ускрыццi цылiндра. Лорда Хiлтана я не заспеў дома, але даведаўся, што яго чакаюць з Лондана шасцiгадзiнным цягнiком: так як было толькi чвэрць шостай, я зайшоў дамоў выпiць шклянку гарбаты, а пасля адправiўся на станцыю, каб перахапiць Хiлтана на дарозе.
IV
ЦЫЛIНДР АДКРЫВАЕЦЦА
Калi я вярнуўся на пустку, сонца ўжо садзiлася. Пастаянна прыбывалi людзi з Уокiнга, дамоў вярталiся толькi двое-трое. Натоўп вакол ямы ўсё павялiчваўся, чарнеючы на лiмонна-жоўтым фоне неба; сабралася за сто чалавек. Штосьцi крычалi; каля ямы адбывалася нейкая таўкатня. Мяне ахапiла трывожнае прадчуванне. Наблiзiўшыся, я пачуў голас Стэнта:
Читать дальше