7. Фiлiпоўскi
Чаму я ўвесь час трапляю ў незразумелыя сiтуацыi?
Тутэйшыя жыхары набрылi на мквацракi? Клаўдзя нажэрлася iх да непрытомнасцi... Цяпер гэты iдыёт Салдаценкаў трапiў на другую зону. I як гэта яму ўдалося? Паеўшы мквацракаў, альбо, па-тутэйшаму, лясных агурочкаў, Салдаценкаў, як i Клаўдзя, раздвоiўся. Што мне цяпер рабiць з iмi? Ну добра, Клаўдзя. Яна недарэка. З ёй было лягчэй. Сказаў, што сястра ў яе знайшлася Паверыла, дурнiца. Адправiў яе двайнiка калясiць па лесе, i канцы ў ваду. Страгач, праўда, за яе атрымаў ад старэйшага назiральнiка. Ну, добра. Але Салдаценкаў... Яму так проста мазгi не ўставiш. Ды я ўжо i страгачом не абыдуся. Перарвуць камандзiроўку, i пiшы прапала - нi табе сутачных, нi адпачынку... Хопiць з мяне i таго, што на ўскраiну Галактыкi загналi. Нi табе лагуны, нi больш-менш прыдатнага возера з цёплай вадой. Адна ванна... А з якой цяжкасцю я яе дастаў... Куды нi звяртаўся - не прызначана, i ўсё. А як пераплацiў - калi ласка. На месца прывезлi, самi паставiлi. I даволi нiшто сабе. Праўда, за гэта вымову ад старэйшага назiральнiка атрымаў. Але цi справа ў вымове? Хоць гэтая прадуха, а ёсць у мяне... Ну што ж, няхай Салдаценкаў адзiн пакуль паблукае па Зоне. Але каго я сюды вярну? Першага, значыць, сапраўднага Салдаценкава, цi яго копiю? Калi копiю - скандалу не прамiнуць. А iдзi ж ты разбярыся, дзе сапраўдны Салдаценкаў, а дзе яго копiя. Праўда, гэты, што тупае сюды, на турбазу, спакойны такi, цiхi. А той, якога я пакуль у лесе пакiнуў, жвавы. Усё яму не сядзiцца... Няхай пакуль пазмагаецца ў лесе з траўкай i туманам. А калi ён прарвецца праз зоны? Знiшчыць нельга. Каб не забiць сапраўдны экземпляр. Як бы замяць усё гэта? I трэба ж было яму набрысцi на мой агародзiк! Няма нiякай карысцi ад нашых старажоў тут, на Зямлi. На ўсiх планетах яны спраўлялiся, а тут... Мне ж - разлiчвайся...
Што рабiць? Сустрэць таго Салдаценкава, якi вяртаецца, ды ў яго выпытаць усё? Ну i што з таго? А што б зрабiў у такой сiтуацыi галоўны? Не, пра гэта лепш не думаць! Падагрэць ваду, зрабiць ванну i плюхнуцца ў яе... Каб усе нягоды растварылiся. Галоўны яшчэ не ведае пра копiю Салдаценкава. Зразумела, вартаўнiкi паведамяць яму. Але праз суткi. Не раней. Што будзе тады са мной? Звольняць з работы на Зямлi. Няхай сабе!
* * *
...Вада прыемна зажурчала ў газавай калонцы i ўжо гарачым струменьчыкам палiлася ў ванну. Праз паўгадзiны я, скiнуўшы з сябе абрыдлую адзежу Фiлiпоўскага, ступiў у прывабны пенны раствор i расплыўся, наколькi дазволiў аб'ём ванны, утапiўшы ў пене нават свой думаючы бугарок. У вершалiнах сосен выў вецер. Ён закалыхваў мяне, i я, не ўважаючы на заклапочанасць будучыняй, заснуў.
8. Клаўдзя
Мяне толькi што нехта нябачны падштурхнуў да акна. А можа, гэта так здалося? Ведаю, што павiнна была iсцi на кухню - праз дзесяць хвiлiн пачыналася раздача вячэры, але я нiбы прыкiпела каля шкла. Убачыла, як Мiкалай вяртаўся з лесу, i зразумела, чаму цалюткi дзень месца сабе не знаходзiла. Я хацела яго ўбачыць. Хоць мелькам. У мяне ад учарашняга вечара быў голад па iм. I тут мяне нiбы прарвала радасць, калi ўбачыла, як ён мерна крочыў па дарожцы да турбазы. Мне стала душна, i я, стоячы ля акна, стала важдацца з застаўкай. Акно нарэшце з рыпеннем расчынiлася, i халаднаватае, пахучае сасновае паветра ўварвалася ў пакой. Спалохана грукнула клямка на веснiчках.
Пакiнуўшы расчыненае акно, выбегла з хацiнкi. Мiкалай iшоў проста на мяне. Схавалася за сасну. Праз хвiлiну ўбачыць! Няўжо сапраўды закахалася? Думала, што гэта так, дарэмныя размовы. Але ж не, прыйшоў i мой час!
- Коля! - я, смеючыся, выскачыла адразу перад iм з-за сасны. - Прывiтанне!
Ён паглядзеў на мяне быццам на пустое месца! Мне здалося, што густыя бровы яго жаласна заламалiся i рэзка палезлi ўверх. На момант спынiўся. Пакруцiў пальцам ля скронi i, абышоўшы мяне, яшчэ радасную, моўчкi пайшоў далей, да свайго домiка.
- Ко-ля! - з надрывам у голасе паклiкала я яго, адчуваючы, як усё далей i далей ён аддаляецца ад мяне.
Мiкалай павярнуў галаву i, груба вылаяўшыся, пхнуў нагой трухлявы пень, якi стаяў побач, зноў пакрочыў наперад.
Не вытрымала i заплакала. Недарэка я, неадукаваная. Зразумела, iнстытутаў, як Мiкалай, не канчала. Так, сельская дзесяцiгодка. Толькi атэстат атрымала. А ў вёсцы якое вучэнне? То пасадка, то праполка, то збор ураджаю... I ўся навука... Пабегла да яго, а ён... Быццам ад пракажонай шарахнуўся. Вось i вер iм, гарадскiм. Учора ўвечары ледзьве што ў каханнi не прызнаваўся, два разы пацалаваў, а сёння... Лепш i не ўспамiнаць. У яго толькi твар высакародны, а душа... Цёмная-цёмная. Вядома, што крыўдна. Я думала, што ён сапраўды ўсё... Як з цацкай, што надакучыла, - ён са мною...
Читать дальше