Акiян пад высокiм чырвоным сонцам здаваўся чарнейшым, чым звычайна. Рыжы туман на гарызонце спалучаў яго з небам. Дзень быў неверагодна гарачы i, здавалася, абяцаў адну з тых страшных вiхур, якiя зрэдку, некалькi разоў за год, бушуюць на планеце. Ёсць падставы меркаваць, што адзiны жыхар планеты кантралюе клiмат i сам выклiкае вiхуры.
Яшчэ некалькi месяцаў мне выпадала глядзець на яго з iлюмiнатара, з вышынi назiраць за свабодай белага золата i стомленай чырванi, якiя час ад часу пералiваюцца ў нейкiм вадкiм вывяржэннi, у срабрыстым пухiры сiметрыяды, сачыць за рухам нахiленых супраць ветру тонкiх «мiгценнiкаў», сустракацца з напаўразбуранымi мiмоiдамi, якiя асыпаюцца. Калi-небудзь усе экраны вiдэафонаў загавораць, засвецяцца, ажыве даўно змоўклая электронная сiгналiзацыя, якую прывядуць у рух iмпульсы, пасланыя здалёку, з адлегласцi сотнi тысяч кiламетраў. Сiгналы нагадаюць аб наблiжэннi металiчнага велiкана, якi з працяглымi грымотамi гравiтатараў апусцiцца над Акiянам. Гэта будзе або «Улiс», або «Праметэй», а мо нейкi iншы вялiзны крэйсер далёкага касмiчнага плавання. Калi я апушчуся па трапе з пляскатай страхi Станцыi, то ўбачу на палубах шэрагi масiўных робатаў у белых панцырах. Робаты не тое, што людзi яны бязгрэшныя i бязвiнныя, яны выконваюць кожны загад — ажно да знiшчэння сябе або перашкоды на шляху, калi такая праграма закладзена ў крышталях памяцi. А затым карабель мякка ўздымецца, паляцiць хутчэй за гук, пакiдаючы за сабой грукат, якi дасягне Акiяна i будзе нагадваць розныя басовыя актавы. Ад думкi пра вяртанне дамоў твары людзей прасвятлеюць.
Але ў мяне няма дома. Зямля? Я думаў пра вялiзныя, шумныя, шматлюдныя гарады, у якiх я згублюся, знiкну, як мог знiкнуць дзве цi тры ночы таму, калi хацеў кiнуцца ў Акiян, што цяжка варочаў хвалi ў цемры. Я патану ў натоўпе. Буду маўклiвы, уважлiвы, i таму мяне пачнуць паважаць у грамадстве, у мяне з’явiцца шмат знаёмых, нават сяброў, будуць жанчыны, а мо толькi адна жанчына. Нейкi час я буду прымушаць сябе ўсмiхацца, кланяцца, уставаць, выконваць тысячу дробных дзеянняў, з якiх складаецца зямное жыццё, пакуль не прывыкну. З’явяцца новыя захапленнi, новыя заняткi, але я не здолею ўжо нiчым захапiцца цалкам. Нiчым i нiкiм. Магчыма, ноччу я буду пазiраць туды, дзе скопiшча касмiчнага пылу чорнай заслонай хавае на небе ззянне двух сонцаў, згадваць усё, нават тое, пра што я зараз думаю, згадваць з паблажлiвай усмешкай, у якой будзе крыху горычы i перавагi, маё шаленства i надзея. У далейшым я не буду горшым за таго Кельвiна, якi быў гатовы ахвяраваць усiм дзеля справы — дзеля Кантакту. I нiхто не будзе мець права асудзiць мяне.
У пакой увайшоў Снаўт. Ён азiрнуўся навокал, пасля паглядзеў на мяне; я ўстаў i падышоў да стала.
— Ты нешта хацеў?
— Мне здаецца, табе няма чаго рабiць?.. — спытаўся Снаўт, мiргаючы. — Я мог бы прапанаваць табе сякiя-такiя разлiкi, праўда, не надта тэрмiновыя…
— Дзякуй, — усмiхнуўся я, — але гэта непатрэбна.
— Ты так лiчыш? — спытаўся ён, пазiраючы ў акно.
— Так. Я думаў пра розныя рэчы i…
— Я хачу, каб ты менш думаў.
— Ах, ты зусiм не ведаеш, у чым справа. Скажы мне… ты верыш у Бога?
Снаўт пранiзлiва зiрнуў на мяне.
— Што? Хто сёння верыць…
Яго вочы гарэлi неспакоем.
— Усё гэта не так проста, — пачаў я знарок абыякавым голасам. — Мяне цiкавiць не традыцыйна зямны Бог. Я не надта дасведчаны ў рэлiгiях i мо нiчога новага не прыдумаў, але ты часам не ведаеш, цi iснавала калi-небудзь вера ў Бога… няўдачнiка?
— Няўдачнiка? — здзiвiўся Снаўт. — Як ты гэта разумееш? У пэўным сэнсе Бог кожнай рэлiгii быў няўдачнiкам, бо яго надзялялi чалавечымi рысамi, толькi перабольшанымi. Бог Старога запавету, напрыклад, прагнуў пакланення i ахвяраў, зайздросцiў iншым багам… грэцкiя багi з-за сваiх сварак i сямейных звадак таксама былi па-чалавечы няўдачнiкамi…
— Не, — перапынiў я яго, — я маю на ўвазе Бога, недасканаласць — галоўная, iманентная рыса. Гэта Бог, абмежаваны ў сваiм усёведаннi, усемагутнасцi, ён памыляецца ў прадказаннях будучынi сваiх пачынанняў, лёс якiх залежыць ад абставiн i можа палохаць. Гэта Бог… калека, якi заўсёды прагне больш, чым можа, i не адразу разумее гэта. Бог, якi сканструяваў гадзiннiк, а не час, якi ён паказвае, вынайшаў сiстэмы цi механiзмы, што служаць пэўным мэтам, а яны перараслi гэтыя мэты i здрадзiлi iм. Ён стварыў бясконцасць, якая павiнна была засведчыць яго ўсемагутнасць, а стала прычынай яго поўнага паражэння.
— Некалi манiхейства… — няўпэўнена пачаў Снаўт.
Дзiўная стрыманасць, з якой ён звяртаўся да мяне апошнiм часам, знiкла.
Читать дальше