— Ты хочаш яго знiшчыць? — спытаўся Снаўт. — Навошта?
— Iдзi! Пакiнь мяне!
— Не пайду.
— Снаўт!
Я пазiраў яму ў вочы. Ён адмоўна пакруцiў галавой.
— Чаго ты хочаш? Чаго ты ад мяне дабiваешся?
Снаўт падышоў да стала.
— Добра. Пададзiм рапарт.
Я адвярнуўся i зноў замiтусiўся па пакоi.
— Сядай.
— Адчапiся.
— Ёсць два пытаннi. Першае — факты. Другое — нашы жаданнi.
— I пра гэта трэба гаварыць менавiта цяпер?
— Так, цяпер.
— Не хачу. Разумееш? Гэта мяне не датычыць!
— Апошнi раз мы паслалi паведамленне перад смерцю Гiбарыяна. Больш як два месяцы таму. Мы абавязаны падрабязна далажыць пра працэс з’яўлення…
— Ты змоўкнеш? — Я схапiў яго за руку.
— Бi мяне, калi хочаш, але я ўсё адно не змоўкну.
Я выпусцiў яго руку.
— Рабi што хочаш.
— Разумееш, Сарторыус паспрабуе схаваць пэўныя факты. Я амаль упэўнены ў гэтым.
— А ты не будзеш?
— Не. Зараз не. Гэта не толькi наша справа. Ты ж разумееш, пра што гаворка. Акiян выявiў здольнасць да разумных дзеянняў, здольнасць да арганiчнага сiнтэзу вышэйшага парадку, якi нам не вядомы. Акiян ведае будову, мiкраструктуру, абмен рэчываў нашага арганiзма…
— Добра, — пачаў я. — Чаму ты замоўк? Акiян правёў на нас серыю… серыю доследаў. Псiхiчная вiвiсекцыя. Заснаваная на ведах, украдзеных у нас. Ён не ўлiчыў тое, да чаго мы iмкнёмся.
— Кельвiн, гэта ўжо не факты, нават не вывады. Гэта гiпотэзы. У пэўным сэнсе ён лiчыўся з тым, чаго хацела нейкая абмежаваная, глыбока схаваная частка нашай свядомасцi. Гэта мог быць — падарунак…
— Падарунак! Божа мой!
Я засмяяўся.
— Перастань! — крыкнуў Снаўт, хапаючы мяне за руку.
Я сцiснуў яму пальцы. Я сцiскаў iх усё мацней i мацней, аж пакуль не хруснулi суставы. Снаўт спакойна, прымружваючы вочы, пазiраў на мяне. Я адпусцiў руку i адышоўся ў кут. Стоячы тварам да сцяны, я прамовiў:
— Пастараюся без iстэрыкi.
— Дробязь. Што мы будзем патрабаваць?
— Кажы ты. Я не маю сiлы. Яна сказала што-небудзь перад тым, як?..
— Не. Нiчога. Я лiчу, што зараз з’явiўся шанц…
— Шанц? Якi шанц? Якi?.. А-а… — прамовiў я цiшэй, пазiраючы яму ў вочы, i раптам усё зразумеў. — Кантакт? Зноў Кантакт? Нам усё мала? I ты, ты сам, i ўвесь гэты вар’яцкi дом… Кантакт? Не, не, не. Без мяне.
— Чаму? — спытаўся Снаўт абсалютна спакойна. — Кельвiн, ты па-ранейшаму, а зараз яшчэ больш, чым калi-небудзь, насуперак розуму прымаеш яго за чалавека. Ты ненавiдзiш яго.
— А ты хiба не?..
— Не, Кельвiн, ён жа сляпы…
— Сляпы? — паўтарыў я, думаючы, што недачуў.
— Вядома, з нашага пункту погляду. Ён не ўспрымае нас так, як мы ўспрымаем адзiн аднаго. Мы бачым твар, цела i адрознiваем адно аднаго. Для яго гэта празрыстае шкло. Ён пранiк у глыбiню нашай свядомасцi.
— Ну добра. I што з гэтага? Куды ты хiлiш? Калi ён здолеў ажывiць, стварыць чалавека, якi iснуе толькi ў маёй памяцi, i зрабiў гэта так, што яе вочы, рукi, яе голас… голас…
— Кажы! Кажы! Чуеш!!!
— Я кажу… кажу… Так… Далей… голас… з гэтага вынiкае, што ён можа чытаць нас, як кнiгу. Разумееш, што я маю на ўвазе?
— Так. Калi б ён захацеў, то мог бы з намi дамовiцца?
— Вядома. Хiба не ясна?
— Не. Натуральна, не, бо ён мог узяць толькi рэцэпт вытворчасцi, якi складаецца не са слоў. Фiксаваны запiс памяцi мае бялковую структуру, як галоўка сперматазоiда або яйцаклетка. Там, у мозгу, няма нiякiх слоў, пачуццяў. Успамiн чалавека — вобраз, запiсаны мовай нуклеiнавых кiслот на макрамалекулярных асiнхронных крышталях. Такiм чынам, ён узяў у нас тое, што найбольш вытраўлена, моцна забытае, глыбей за ўсё схаванае, разумееш? Але ён мог не ведаць, што гэта, якое мае для нас значэнне… Разумееш, калi б мы маглi стварыць сiметрыяду i кiнулi б яе ў Акiян, ведаючы архiтэктуру, тэхналогiю i будаўнiчы матэрыял, але не асэнсаваўшы, навошта, для чаго яна створана, што яна значыць для Акiяна…
— Гэта магчыма, — сказаў я. — Так, магчыма. У гэтым выпадку ён, вiдаць, наогул не хацеў таптаць нас, ганьбiць. Верагодна. I толькi незнарок…
Губы мае задрыжалi.
— Кельвiн!
— Так, так. Нiчога. Ужо нiчога. Ты добры. Ён — таксама. Усе добрыя. Але навошта? Растлумач мне! Навошта? Навошта ты гэта зрабiў? Што ты ёй сказаў?
— Праўду.
— Праўду, праўду! Што iменна?
— Ты ж ведаеш. Пайшлi да мяне. Будзем пiсаць рапарт. Пайшлi.
— Пачакай. Што ты, уласна, хочаш? Хiба ты хочаш застацца на Станцыi?
— Так, хачу застацца.
Я сядзеў ля вялiзнага iлюмiнатара i глядзеў на Акiян. Рабiць не было чаго. Рапарт, складзены за пяць дзён, зараз уяўляў пучок хваляў, якiя iмчалiся ў пустэчы недзе за сузор’ем Арыёна. Калi пучок дасягне цёмнай, пылавой туманнасцi, што раскiнулася на тэрыторыi васьмi трыльёнаў кубiчных мiль i лавiла любы сiгнал i промень святла, ён патрапiць у першы з ланцуга перадатчыкаў. Адтуль ад аднаго рэтранслятара да другога, скачкамi даўжынёй мiльярд кiламетраў, ён будзе iмчацца па вялiзнай дузе, пакуль апошнi перадатчык, металiчная глыба, дарэшты забiтая дакладнымi прыборамi, з прадаўгаватай пыскай антэннакiравальнiкаў, не збярэ прамянi яшчэ раз i не накiруе iх далей у прастору, да Зямлi. Потым мiнуць месяцы, i гэткi ж пучок энергii, накiраваны з Зямлi, пакiнуўшы пасля сябе баразну iмпульсiўных скажэнняў у гравiтацыйным полi Галактыкi, дасягне касмiчнай хмары, праслiзне, узмоцнены, уздоўж ланцуга свабодна дрэйфуючых рэтранслятараў i на ранейшай хуткасцi паiмчыцца да двайнога сонца Салярыс.
Читать дальше