— Ты звар’яцеў! — выдыхнуў я.
— Ты так лiчыш? Ну… а калi… вярнуць яе, тваю ракету? Гэта магчыма. Яна мае дыстанцыйнае кiраванне. Мы вернем ракету i…
— Перастань!
— I гэта табе не падабаецца? Ёсць яшчэ адзiн спосаб, вельмi просты. Нават не трэба вяртаць яе на Станцыю. Няхай сабе лётае. Мы проста звяжамся з ёю па радыё, калi яна жывая, то адгукнецца i…
— Там ужо даўно скончыўся кiсларод! — з цяжкасцю выцiснуў я.
— Мо яна абыходзiцца без кiслароду… Ну што, паспрабуем?
— Снаўт… Снаўт…
— Кельвiн… Кельвiн… — злосна перадражнiў ён мяне. — Божа, што ты за чалавек. Каго ты хочаш ашчаслiвiць? Уратаваць? Сябе? Яе? Якую? Гэтую цi тую? На абедзвюх не хопiць адвагi? Бачыш сам, да чаго гэта даводзiць. Апошнi раз кажу табе: тут сiтуацыя — па-за ўсялякай мараллю.
Раптам я пачуў тое ж самае шамаценне, нiбыта нехта пазногцямi драпаў сцяну. Мяне агарнула абыякавасць: усё выглядала дробным, крыху смешным, малазначным, быццам у перавернутым бiноклi.
— Ну добра, — сказаў я. — Што, па-твойму, я мушу зрабiць? Знiшчыць яе? На наступны дзень з’явiцца такая ж, хiба не так? I яшчэ раз? I так штодзённа? Да якога часу? Навошта? Што гэта мне дасць? А табе? Сарторыусу? Станцыi?
— Пачакай, спачатку скажы ты. Ты паляцiш разам з ёй i, дапусцiм, убачыш сам, што з ёю адбудзецца. Праз некалькi хвiлiн перад табой з’явiцца…
— Што? — з’едлiва спытаўся я. — Пачвара? Дэман? Што?
— Не. Звычайная, сама звычайная агонiя. Хiба ты сапраўды паверыў у iх несмяротнасць? Кажу табе — яны гiнуць… Што ты будзеш рабiць тады? Вернешся… па новую?
— Перастань!!! — гукнуў я, сцiскаючы кулакi.
Снаўт, прымружыўшы вочы, пазiраў на мяне i паблажлiва ўсмiхаўся.
— Ага, табе не падабаецца? Ведаеш, на тваiм месцы я не распачынаў бы гэтай гаворкi. Лепш займiся чым-небудзь iншым, напрыклад, пачнi лупцаваць дубцамi у знак адплаты — Акiян. Што ты хочаш? Значыць, так… — Снаўт хiтравата памахаў рукой i падняў вочы ўгору, на столь, нiбыта некага праводзiў позiркам, — тады ты станеш нягоднiкам? А хiба цяпер не нягоднiк? Усмiхаешся, калi хочацца плакаць, прытвараешся радасным i спакойным, калi гатовы валасы рваць, — i ты не нягоднiк? А што, калi тут нельга не быць нягоднiкам? Што тады? Закацiць iстэрыку перад Снаўтам, якi ва ўсiм вiнаваты, так? Акрамя ўсяго, ты яшчэ iдыёт, мой ты дарагi…
— Ты гаворыш пра сябе, — сказаў я i апусцiў галаву, — я… кахаю яе.
— Каго? Свае ўспамiны?
— Не. Яе. Я расказаў табе, што яна спрабавала зрабiць. На такое пойдзе не кожны… жывы чалавек.
— Ты ж сам прызнаешся, калi кажаш…
— Не лавi мяне на слове.
— Добра. Значыць, яна цябе кахае. А ты — хочаш кахаць. Гэта розныя рэчы.
— Ты памыляешся.
— Я шкадую, Кельвiн, але ты сам расказаў мне пра свае iнтымныя справы. Не кахаеш. Кахаеш. Яна згодна ахвяраваць сваiм жыццём. Ты таксама. Вельмi чуллiва, узвышана — усё што хочаш. Але тут гэта недарэчна. Недарэчна. Разумееш? Не, ты не хочаш зразумець. Сiлы, якiмi мы не кiруем, зацягнулi цябе ў вiр, а яна — частка яго. Фаза. Цыкл, што паўтараецца. Калi б яна была… калi б за табой ганялася пачвара, гатовая дзеля цябе на ўсё, ты пазбавiўся б ад яе без усялякiх ваганняў. Праўда?
— Праўда.
— А калi… калi… iменна таму яна непачвара? Гэта звязвае табе рукi? А мо трэба, каб твае рукi былi звязаныя?
— Яшчэ адна гiпотэза. У бiблiятэках iх ужо мiльён. Досыць, Снаўт, яна… Я не хачу з табой пра гэта гаварыць.
— Ну i не гавары. Ты ж сам пачаў. Але ты ўсё ж падумай, што ў рэшце рэшт яна толькi люстэрка, у якiм адбiваецца частка твайго мозга. Яна цудоўная таму, што цудоўнымi былi твае ўспамiны. Ты даў рэцэпт. Кругазварот памяцi!
— Чаго ты хочаш? Каб я… каб я пазбавiўся ад яе? Я ўжо ў цябе пытаўся: навошта мне гэта рабiць? Ты не адказаў.
— Адкажу зараз. Я не запрашаў цябе, не распачынаў гэтай гаворкi, не чапаў тваiх спраў. Я нiчога табе не загадваю, нiчога не забараняю, я не рабiў бы гэтага, каб нават мог. Ты, ты прыйшоў сюды i выклаў мне ўсё, ведаеш чаму? Не? Ты хочаш скiнуць з сябе ўсё. Скiнуць. Я добра ўяўляю, якое ў цябе становiшча, мой дарагi. Так, так! Не перапыняй мяне. Я нiчога табе не забараняю, але ты ты сам хочаш, каб я табе перашкодзiў. Калi б я стаў на тваiм шляху, мажлiва, ты расквасiў бы мне галаву — мне, звычайнаму чалавеку, такому ж, як i ты, i сам адчуваў бы сябе чалавекам. А так ты не можаш саўладаць i таму распачынаеш спрэчку са мной… дакладней, з самiм сабой! Ты яшчэ скажы, што не перажывеш, калi яна раптам знiкне… Добра, не кажы нiчога.
— Ну, ведаеш! Я прыйшоў, каб расказаць табе, зусiм даверлiва, што я збiраюся разам з ёю пакiнуць Станцыю, — адбiваўся я, але мае словы прагучалi непераканаўча нават для мяне.
Читать дальше