Успомнiўшы, падумаўшы пра ўсё гэта, Гай Дубровiч паглядзеў на сына, шырока ўсмiхнуўся i сказаў:
— Вiтаем цябе, Зямля Славянiя.
I пакланiўся ў пояс лiпам, дубам, двухпавярховаму каменнадраўлянаму будынку, усяму Чорнаму Хутару.
Iх сустрэў робат-вартаўнiк па iменi Дулеб. Радуючыся гаспадарам, ён узняў у прывiтаннi доўгую жалезную руку, сцiснутую ў кулак. З кулака вылецела зялёная ракета.
— Усё спакойна, Дулеб? — спытаў Клён. Робат зiрнуў на падлетка, зiрнуў, падалося, з вясёлай хiтрынкаю, але ў першую чаргу робат-вартаўнiк абавязаны размаўляць з дарослымi, паўнапраўнымi грамадзянамi Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi. I таму ён сказаў, павярнуўшыся да Гая:
— У электроннай сетцы два разы падала напружанне. На другiм паверсе, у кабiнеце, у тры гадзiны ночы рыпеў паркет.
— Цi не хочаш ты сказаць, Дулеб, што там хадзiў прывiд? — iранiчна перапынiў яго Клён.
Робат строга паглядзеў на падлетка, потым павярнуўся да старэйшага па ўзросце, размерана прамовiў:
— Паркет рыпеў. Тады ж, роўна ў тры гадзiны ночы i дзве хвiлiны, насупраць акна, якое маецца ў кабiнеце, мной заўважаны з боку двара празрыстабелы шар дыяметрам у тры метры дваццаць сантыметраў. Ён бясшумна падплываў да акна. Ярка свяцiў месяц, i часам шар як бы знiкаў з поля зроку, пэўна, раствараючыся ў месячных промнях.
— Ты i нагаворыш, Дулеб. Кiнь палохаць, — зноў умяшаўся Клён, але голас ужо быў трохi цiшэйшы, не такi звонкi.
— Гэта быў КЛА, [1] КЛА — Касмiчны лятаючы аб'ект. Прыкладна да паловы XXI стагоддзя называўся НЛА — Неапазнаны лятаючы аб'ект.
— цвёрда сказаў Дулеб. — У Школе Робатаў я вывучаў iх. Маецца пяць класаў, адзiнаццаць падкласаў, светлая i цёмная афарбоўка, трыццаць тры вiды канфiгурацыi. Бурдзугалараф, якi прылятаў на Зямлю ў 1999 годзе, быў камандзiрам самага прымiтыўнага КЛА. Ён…
— Хопiць-хопiць, — перапынiў робата Гай. — Усе мы ведаем, што ты самы разумны, самы iнфармаваны.
Ад такiх слоў гаспадара шчокi ў Дулеба — два адпалiраваныя да бляску пукатыя металiчныя кружочкi — ярка запунсавелiся. Робаты вельмi любяць, калi iх хваляць.
— Глядзi, не пусцi слязу, — пстрыкнуў робату пальцамi ў самы лоб Клён.
Дулеб iранiчна i горда зiрнуў на яго, нiчога не сказаў. I было ў позiрку, у павароце галавы нешта дужа падобнае на позiрк аравiйскага вярблюда.
— Не крыўдуй! — крыкнуў яму, узбягаючы на веранду дома, Дубровiч-малодшы i зноў не стрымаўся: — Усе кажуць, што ты самы мудры робат. Адкажы, што азначае тваё iмя?
— Дулебы, саюз усходнеславянскiх плямёнаў на тэрыторыi Заходняй Валынi. У VII стагоддзi апынулiся пад уладай авараў, або обраў. З X стагоддзя ў складзе Кiеўскай Русi пад iмем бужан i валынян, — бадзёра адрапартаваў робат.
— Ну, ты й даеш, — захоплена прысвiснуў Клён.
Бацька i сын спачатку распранулiся i паплавалi ў басейне, сценкi якога былi абкладзены рознакаляровымi керамiчнымi плiткамi. Вада пахла бярозавым лiсцем, навальнiчным дажджом. Скура ў Дубровiчаў была асляпляльна белая, бо мода на загар, прынамсi, у Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi, даўно прайшла людзi пазбягалi пякучых сонечных прамянёў. Абцёрлiся калянымi рушнiкамi i ў прасторных iльняных кашулях i ў такiх жа штанах пайшлi распальваць камiн. Ён быў зроблены ў выглядзе магутнага чырвонацаглянага зубра, што, падкурчыўшы ногi i раскрыўшы пашчу, ляжаў каля глухой сцяны вялiкай залы. Неўзабаве ў гэтай пашчы радасна заскакала полымя. Клён кiдаў туды сухiя паленцы, кавалачкi антрацыту. Потым сын i бацька, глянуўшы адзiн на аднаго, адначасова кiнулi ў агонь жоўтыя шарыкi пахучай смалы. Пачуўся лёгкi трэск.
— Мой шарык спадабаўся прашчуру, i ён узяў яго, — радасна сказаў Клён, убачыўшы, як некалькi кропель блiскучай смалы ўпалi на чорны, круглай формы камень, умураваны ў под камiна. Такi рытуал дайшоў да iх, людзей ХХIII стагоддзя, з сiвой даўнiны. Некалi чалавек, назаўсёды адыходзячы ў далёкi чужы край, браў з сабою камень з роднага ачага i клаў яго ў новы ачаг. Камень гэткi называўся прашчурам.
— Аб чым ты зараз падумаў? — цiха спытаў у бацькi сын, бо ў такiя iмгненнi, калi вочы пазiралi на агонь, на камень-прашчур, а ў агнi згарала смала, задумвалася патаемнае жаданне.
— Хачу, каб мы ўсе былi шчаслiвыя: наша мама, ты i я, — пранiкнёна сказаў Гай Дубровiч.
Вялiкая Эра Плюралiзму навучыла зямлян мудрай i, як усё мудрае, простай iсцiне: шчасце грамадства пачынаецца са шчасця кожнага, узятага паасобку, чалавека. I яшчэ: не можа быць шчаслiвай i вялiкай краiна, у якой жыве ў няшчасцi маленькi чалавек.
— А ты аб чым падумаў? — у сваю чаргу, спытаў бацька ў сына.
Читать дальше