Цераз хвіліну Эдай і Кемп былі ўжо ўнізе. Дзверы стаялі адчыненыя насцеж, і двое паліцэйскіх усё яшчэ глядзелі ў пустату.
— Уцёк, сэр, — паведаміў адзін з іх.
— Мы зараз жа ідзём у цэнтральнае ўпраўленне, — сказаў Эдай. — Адзін з вас няхай знойдзе рамізніка і скажа яму даганяць нас. Ды паспяшайцеся! Дык вось, Кемп, што ж далей?
— Сабак трэба, — сказаў Кемп. — Знайдзіце сабак. Яны яго не бачаць, але чуюць. Знайдзіце сабак.
— Добра, — сказаў Эдай. — Скажу вам па сакрэту, у турэмнага начальства ў Холстэдзе ёсць чалавек, які трымае сабак-сышчыкаў. Дык вось, сабакі. Далей.
— Не забудзьце, — сказаў Кемп, — ежа, якую ён праглыне, будзе бачна. Яна бачна, пакуль засвойваецца арганізмам. Значыць, пасля яды ён павінен хавацца. Трэба абшукаць кожны кусцік, кожны куток. Трэба схаваць усю зброю. Усё, што можа служыць зброяй. Ён нічога не можа доўга насіць з сабой. Усё, што ён можа выкарыстаць, каб нанесці ўдар, трэба схаваць далей.
— Зробім і гэта, — сказаў Эдай. — Ён не ўцячэ ад нас, дайце тэрмін.
— А па дарогах… — пачаў Кемп і запнуўся.
— Што? — спытаўся Эдай.
— Насыпаць тоўчанага шкла. Гэта, вядома, жорстка, але калі падумаць, што ён можа натварыць…
Эдай свіснуў:
— Ці не занадта гэта? Несумленная гульня. Урэшце, загадаю падрыхтаваць на выпадак, калі ён вельмі зарвецца.
— Кажу вам, гэта ўжо не чалавек, а звер, — сказаў Кемп. — Я ні хвіліны не сумняваюся, што ён здзейсніць сваю мару аб тэроры, — варта яму толькі акрыяць пасля ўцёкаў. Мы павінны яго апярэдзіць. Ён сам кінуў выклік чалавецтву, дык няхай яго кроў пральецца на яго галаву!
Раздзел XXVI. Забойства Ўіксціда
Невідзімка, па ўсіх прыкметах, выбег з дома Кемпа ў дзікім шаленстве. Маленькае дзіця, якое гуляла ля веснічак, было паднята ў паветра і з такой сілай адкінута ў бок, што зламала ножку. Пасля гэтага Невідзімка на некалькі гадзін знік. Так ніхто і не даведаўся, куды ён накіраваўся і што рабіў. Але лёгка можна было ўявіць, як ён бег у гарачы чэрвеньскі поўдзень пад гару і далей, па мелавых узгорках за Порт-Бэрдакам, раз'юшана праклінаючы свой лёс — і, нарэшце, замораны і змучаны, знайшоў прытулак у хмызняках Хінтандзіна, дзе разлічваў перачакаць небяспеку і занава абдумаць свае планы барацьбы супраць сабе падобных. Хутчэй за ўсё ён схаваўся менавіта ў гэтай мясцовасці, бо каля дзвюх гадзін папаўдні ён выявіў тут сваю прысутнасць, і прытым самым злавесным, трагічным чынам.
Якім жа быў тады яго настрой і што ён задумаў, можна толькі здагадвацца. Несумненна, ён быў да крайнасці раз'юшаны прадажніцтвам Кемпа — і хаця зусім зразумелыя матывы, якія кіравалі Кемпам, усё ж няцяжка ўявіць сабе гнеў, што павінна была выклікаць такая нечаканая здрада, і нават часткова апраўдаць яго. Магчыма, Невідзімку зноў ахапіла тое пачуццё разгубленасці, якое ён зведаў у час падзей на Оксфард-стрыт, ён жа відавочна вельмі разлічваў, што Кемп паможа яму ажыццявіць жорсткую задуму — падвергнуць чалавецтва тэрору. Як бы там ні было, каля паўдня ён знік — і ніводзін чалавек не бачыў яго. Ніводная жывая істота не ведае, што ён рабіў да паловы трэцяй. Для чалавецтва гэта, магчыма, і лепш, але для яго самога такая бяздзейнасць аказалася пагібельнай.
У гэтыя дзве з паловай гадзіны за справу ўзялося мноства людзей, рассеяных па ўсёй акрузе. Раніцай Невідзімка быў яшчэ проста казкай, пудзілам; у поўдзень жа, дзякуючы сухому, але выразнаму закліку Кемпа, ён стаў ужо цалкам рэальным праціўнікам, якога трэба было параніць, схапіць жывым ці мёртвым, — і ўсё насельніцтва з надзвычайнай хуткасцю стала рыхтавацца да барацьбы. Нават у дзве гадзіны Невідзімка яшчэ мог выратавацца, забраўшыся ў цягнік, але пасля дзвюх гэта стала ўжо немагчымым: па ўсіх чыгуначных лініях, на прасторы вялізнага паралелаграма, паміж Саўтхемптанам, Вінчэстэрам, Брайтанам і Хоршэмам, пасажырскія цягнікі ішлі з закрытымі дзвярамі, а таварны рух амаль спыніўся. У вялікім крузе, радыусам міль у дваццаць вакол Порт-Бэрдака, па дарогах і палях хадзілі групы па тры, па чатыры чалавекі са стрэльбамі, дубінкамі і сабакамі.
Конныя паліцэйскія аб'язджалі навакольныя сёлы, спыняліся каля кожнага дома і папярэджвалі жыхароў, каб яны замыкалі дзверы і не выходзілі з дому без зброі. У тры гадзіны зачыніліся школы і напалоханыя дзеці цеснымі групкамі беглі дадому. Гадзін да чатырох заклік, складзены Кемпам, але падпісаны Эдаем, быў ужо расклеены па ўсёй акрузе. У ім коратка, але ясна былі ўказаны ўсе меры барацьбы: не даваць Невідзімку есці і спаць, быць увесь час напагатове, каб прыняць рашучыя меры, калі ў чым-небудзь выявіцца яго прысутнасць. Дзеянні ўладаў былі такімі хуткімі і энергічнымі, усеагульная вера ў страшную істоту такой моцнай, што да наступлення ночы на прасторы ў некалькі сот квадратных міляў быў уведзены стан аблогі. І яшчэ ў той жа вечар па ўсім напалоханым і насцярожаным краі пранёсся ціхі жах: з вуснаў у вусны перадавалася чутка, маланкавая і верагодная, аб забойстве містэра Ўіксціда.
Читать дальше