Вільля памялела пасля вайны, як лясы пачалі рэзаць. Зараз гэта не рака, а нейкае непаразуменне. Вышэй Пагоста – яна канава. Зрабілі канавамі Сластоўку, Кабылянку і ўсе малыя рэчкі, што даўней неслі ваду ў Вільлю. Балоты паасушалі, і няма ніякага адстойніка, каб дзе муць садзілася. Уся гэта муць ідзе адразу з поля ў Віллю. Нават ракаў не стала ў рацэ. Першы раз ракаў вывелі, як прыйшлі Саветы і сталі “моллю” ці як тутэйшыя казалі “быдлам”, а не плытамі сплаўляць лес. Не любілі яны(ракі) кару, іх тады знішчылі. У нас платагонаў звалі штырнікі. А после як перасталі моллю слаўляць лес, у 60-70-х ракі паявіліся ў Віллі зноў, не то што многа іх было, як даўней, але ўжо пападаліся. А як зрабілі вадахранілішча, то ўсё, ракі зніклі зусім. Самую вялікую рыбіну злавілі ў Кастыках гадоў 75 назад. Рака была перагарожана бомаю, якраз вышэй царквы, напроць Яўгеля, сабралася бярвенне, затор. І вось людзі заўважылі, што адным месцам бярвенне стала падымацца, як хто боўтаеца і кратае знізу. Сказалі рыбаку аднаму, ён пабяжаў па бярвеннях і ломам ці бусаком і забіў тую рыбіну. Рыбіна была страшэнная, калі нёс на плячах, то цягнулася па зямле: больш чым паўтара метра. Тая рыбіна была тут невядомая, з мора прыйшла.
Леску і нават сеткі вязалі з воласа конскага хваста. Найлепш калі конь быў белы, тады волас быў без колеру, у вадзе нявідзімы для рыбы, так у нас на Чапельшчыну была толькі адна белая кабыла, усе за хлапцы ёй ганяліся. Гаспадар шкадаваў кабылу, рабіўся шалёным згледзіўшы, як хто рваў валасок з хваста, мог і адмясіць як не ўцячэш, і ўжо так злосна лаяўся і кляў, калі хто даносіў на якога хлапца. Такім чынам мы змалку па своему зразумелі, чаму Пільсудскі, ці іншыя маршалы і магутныя уладары краін паважалі і любілі выязжаць на парады менавіта на конях белай масці …
Самае вялікае і страшнае разводдзе было ў 1931 гаду. На тым берагу Віллі, напроць цэрквы была леснічоўка – усадзьба лесніка. І за ноч так паднялася вада, што яны на страсе ратаваліся. І скаціну на страху ўсцягнуў. Пачаў страляць з ружжа, і тады людзі з вёскі пачулі, агледзеліся і на лодках пачалі ратаваць.
Вёска Кастыкі (64 км/446) Вілейскага раёна Мінскай вобласці
Мікалай Мікалаевч Заяц, 1937 г. н. (зап. 2007 г., В.В., С., Ю.У. Расш. Ю.У. Зах):
…Усякай рыбы. Не было вудакоў. Адзін чалавек толькі на ўсю вёску. Сто дваццаць двароў у нас вёска была. Дык адзін чалавек толька ў нас. Пойдзіць там, пяць-дзесяць мінут пасядзіць – і любой вядро наловіш. А цяпер дзе ж табе рыба? Электравуды, сеткі, во машын панаязджае – у Мінску на базары нямашака гэтулькі машын, сколькі на Вілле. Дык дзе ж рыбы будзець? Ды гэтыя – браканьераў поўна.
– А якая рыба вадзілася?
…Шчука, ляшчы, язі, платва, бялюга. А цяпер усё вывелася, нямашака, адны яршы, платва. Па грам семсот, трыста. Шчупачок. Усё павыводзілі. А цяпер мора як зрабілі яшчэ гэта Вялейска. Дык ужо вада начынаець псавацца. Усё – і саляркі, і з машын, з усяга лятуць. Дык гэту рыбу гадка есці.
Віктар Іванавіч Яўгель, 1955 г. н., мясцовы:
Вялізную рыбу з мора злавілі ў Кастыках, можа, у якім 1910 гаду. А стронга лавілася ў сеткі яшчэ да 1965 года. Найчасцей яна пападалася, калі валакавалі, восенню. На дзвюх лодках. Два ўперадзе з вёсламі, такімі лапатамі, а ззаду з канцом сеткі, валакуюць. Пачыналі ад Каменя ці Сцешыц, на конях ці машыне лодкі завязуць і ўніз валакуць. Пападалася вясной бялюга, ці свіння, але яна вельмі кастлявая. А яшчэ лавілі цырту. Менець рыбы стала ў сямідзясятых. Я калі школу канчаў у 1972 годзе, мы прайшлі ад Сцешыц да Суток і толькі аднаго шчупака залавілі на паўтара кілаграма, і па нулям. Ваабшчэ рыбы не было. Хацелі злавіць на выпускны вечар. І рака была той год была мелкая-мелкая, брылі да Суток. А як стала вадахранілішча, рыбы стала столькі многа, як ніколі. Першыя гады. А потым усё меньшэ, меньшэ. Так было і на вадахранілішчы. Даўней лавілі людзі з Кастык і на лучніцу. Пад цячэнне лучыць было лягчэй. А ўжо лепш, чым Ліліі Іванаўны Мойскай, яго «панок» звалі, ніхто не біў васцямі рыбу. Ён так умеў. Еслі гразь пад нізам, мяккае дно очэнь – эта трудно забіць. А ён так: цюк-цюк, рэзка ўперад і назад, і рыба ўжо не сходзіла. Мы з ім езділі на лучніцу, калі яму было пад 80 гадоў. Кажам, шчупак стаіць. А ён дзе-дзе, знаеш, ужо возраст, не так бачыць, і як пабачыў, адразу забіў, не прамазаў, і лодку станавіць не трэба было. Ён, Мойскі, да дзевяноста гадоў не хадзіў, а шустра бегаў так, чух-чух, з бярозавай вудачкай на шчупака, сам невысокі, заўсёды ў гумовых ботах. Глядзіш – туда пабег, і ўжо пабег па берагу разам з цячэннем. Усё на жыўца лавіў. Берага былі тагда харошыя, можна было да вады падысці, асака толькі ў вадзе расла.
Читать дальше