Да гэтае ўстановы належыць таксама выкананьне сьмяротнага прысуду, калi калегiя ГПУ ў Маскве на падставе праведзенага на месцы ў Салоўках праз ИСО сьледзтва засуджае на кару сьмерцi.
Аб кажным вялiкшым праступку, як: спроба ўцячы, сабатаж i да таго падобнае, — перш вядуць сьледзтва агенты салавецкага ИСО, а пасьля справа перасылаецца на разгляд маскоўскай калегii ГПУ. У Салавецкай гутарцы гэта называецца «дастаць цэнтральную справу» — бяда таму, чыя справа пайшла ў Маскву.
Як у Саветах на волi жыцьцё аблытана, — быццам нявiдочнай сеткай павучыньня — сеткаю «сэксотаў», якiя ўсюды прынюхваюцца, шукаючы «контр-рэвалюцыi», — як там кажная ўстанова, завод, фабрыка мае ў сваiх мурох вочы й вушы ГПУ, ды часта асобы аднае сям'i зь недаверам глядзяць адзiн на аднаго, — гэтак сама й тут, на Салоўках, кажная рота, кажнае прадпрыёмства, кажная камара мае свайго тайнага канфiдэнта ИСО.
Хто молiцца — мусiць рабiць гэта цiшком. Хто хоча зь нечым даверыцца прыяцелю — шэпчаць яму на вуха, азiраючыся, каб «сэксот» не падлавiў якога адарванага сказу ды не сфабрыкаваў зь яго пры дапамозе собскае фантазii нейкага абвiнавачаньня.
Калi супроць вязьня пачынаецца справа, дык яго перад-усiм пераводзяць iзь ягонае роты ў «iзалятар». Гэта — вязьнiца ў вастрозе. У iзалятары забаронена курыць, паёк зьменшаны, вязень сядзiць увесь час адзiн. Закратаваныя вокны ягонай камары прыкрытыя звонку шчытам, каб пазбавiць яго ня толькi ўсякае магчымасьцi лучэньня з вонкавым сьветам, але й сонечнага сьвятла.
Ня вылучаны й мукi маральныя. Будзяць, прыкладам, вязьня ўначы i пытаюцца, як ягонае прозьвiшча, iмя, iмя бацькi. Гэткiя пытаньнi задаюць заўсёды, бяручы на расстрэл. Дык вязень, думаючы, што ўжо прабiла для яго апошняя часiна, здушаным голасам адказвае на пытаньнi, a кат з усьмешкаю гаворыць:
— Ну, сьпi! Гэтую ночку можаш яшчэ праспаць спакойна! — ды йдзе далей.
Расстрэлы адбываюцца галоўным чынам увечары. На загад ИСО спыняецца ў лягеры ўсялякi рух. Каманданты ротаў пiльнуюць, каб нiхто вонкi ня выходзiў. Тых, хто ў гэтым часе на працы, не выпушчаюць за муры прадпрыёмства. У iзалятар уваходзяць урадаўцы й выводзяць стуль засуджаных у вадным нацелiве, зьвязаных парамi за рукi.
Як розна трымаюцца людзi перад аблiччам сьмерцi!
Iндывiдуальнасьць кажнага выяўляецца ў гэты мамэнт найбольш яскрава.
Адзiн кiдаецца на калены, скуголiць, хапае сваiх катаў за ногi: «Таварышы! Пачакайце! Яшчэ часiнку!» i да г. п. Iншы iз страшнымi праклёнамi, з вачыма, набраклымi крывёй, кiдаецца на канвой, але хутка — пасьля моцнага ўдару кулаком па галаве — цiшэе. Яшчэ iншы галёкае, пяе распусныя песьнi, як быццам сваiм крыкам хоча заглушыць у сабе страх сьмерцi.
Але бальшыня йдзе пакорна, як жывёла на бойню. Hori ня слухаюцца, млеюць, чалавека цягнуць пад рукi, падганяюць ударамi ў сьпiну, каб не аставаўся, не затрымлiваўся, не спыняў паходу сьмерцi…
Раней, як ужо гаварылася, расстрэльвалi на могiльнiку. Засуджаныя станавiлiся на краi выкапанай ямы, i тутака адзiн iз супрацоўнiкаў ИСО, часта сам начальнiк, тав. Дехтерев, страляў iм ззаду ў галаву з нагану.
Пазьней месца расстрэлау было зьменена.
Дык-жа тут блiзка была «женрота». Улада, мусiць, прызнала, што жанкам ня гожа прыглядацца да расстрэлаў, i перанесьлi экзэкуцыi ў дызэнфэкцыйную камару — у межах крамлёўскiх муроў. У лёхах камары ня было чуваць стрэлаў, да таго-ж туды было блiзка ад iзалятара — колькi дзесяткаў мэтраў цераз плошчу.
Па сканчэньнi экзэкуцыi прыяжджалi вазы iз «сельхозу», i трупы адвозiлi на могiльнiк — да загадзя нарыхтаванай ямы.
Яшчэ пазьней расстрэлы былi перанесеныя за 10 вёрст ад Крамля — у мясцовасьць Савацьцёва. Там-жа была зарганiзавана карная рота, у якой зачынялi кандыдатаў на той сьвет.
х х х
У вадзiн веснавы дзень 1929 году разышлася ў лягеры шаптаная вестка, што заарыштавалi больш за 70 асоб. Арышт адбыўся быццам iз прычыны абвiнавачаньня ў змове, якая мела на мэце захапiць адзiн з параплаваў.
Праз пару месяцаў каля 30 асобаў звольнiлi.
Нiчога даведацца ад iх ня было нiякае магчымасьцi, бо яны зацята маўчалi. Выдаваць таямнiцы сьледства было станоўка забаронена. Усё гэта будзе пахавана ў кучах спраў ИСО ды кашмарных успамiнаў таго, хто выйшаў жывым зь цяжкое прыгоды.
Мiналi месяцы, i мы ўжо забылiся на замкнёных у iзалятары сваiх таварышоў.
У вадзiн восеньскi вечар у канцэрт чаек, якiя варочалiся з жыраваньня над морам, уварваўся новы, гэтаксама непрыемны голас. Перад iзалятарам стаяў сабака i, выцягнуўшы морду ў кiрунку аднаго з закрытых шчытамi вакон, дзiка выў.
Читать дальше