Тут пяро мае вывальваецца з рукi… Цяжка пiсаць. Баюся, што чытач не паверыць мне. Гэта такая жудасьць!.. Аднак гэта факт — i зусiм ня вылучны…
Ну, вось:
Жанкi, якiя мелi дзяцей пры грудзёх, даставалi дадатковы паёк для дзiцяцi: жменьку цукру, крыху малака, кусочак шэрага хлеба. Вось-жа здаралася, што мацi аддавала гэны дзiцячы паёк… свайму «хахалю», а дзiця — жмакала ўвесь дзень размочаны матчынаю сьлiнаю драбок чорнага хлеба…
Для дзяцей больш чым аднаго году быў адмысловы прытулак у васобным, чыстым дамочку, у лесе. Колькi гэта было магчыма, савецкiя ўлады старалiся ўзгадоўваць гэных дзяцей як належыць. Спасярод вязьняў-жанок набiралi патрэбную колькасьць нянек, якiм аддавалi дзяцей пад апеку. Прадстаўнiкi ўлады часта наведвалi гэны прытулак i пiльнавалi, каб дзецям ня было крыўды. Быў час, калi емiнныя справы на Салоўках былi лепшыя, дык тады дзяцей кармiлi рысам, малаком, давалi даволi цукру, ды нават дзiцячая кухня атрымлiвала белую пшанiчную муку. Аднак хутка страваваньне лягеру гэтак пагоршылася, што дзiцячая страва мала чым розьнiлася ад стравы вырослых, галоўную складовую частку якое станавiла соленая рыба.
х х х
«Женрота» зьмяшчалася ў двупаверхавым драўляным будынку за мурамi «Крэмля» — пры магiльнiку.
У 1927–30 гадох расстрэлы адбывалiся звычайна на зьмярканьнi на магiльнiку. Тады жанчыны ў сваiм бараку гасiлi агонь i праз вокны прыглядалiся да экзэкуцыi, якая адбывалася на магiльнiку пры сьвятле лiхтарняў.
Раз (было гэта ў 1930 годзе) здарылася, што на магiльнiк прывялi былога чэкiстага С., хахаля панi П. Ён кiраваў лясныя работы на Салоўках i быў тамака засуджаны да расстрэлу за службовыя надужыцьцi. Панi П. (да рэвалюцыi жонка мiлiянэра, расейскага фабрыканта) праз акно свае камары прыгладалася разам iз сваймi таварышкамi… Ведама — быў плач, спазмы, абамленьне, чуханьне…
А праз два тыднi панi П. суцешылася па сваей страце. Новы «зав» заступiў свайго папярэднiка.
Жывуць сьцiпла толькi жанчыны-калекi ды старыя бабы.
Шырака разьвiтая прастытуцыя выклiкала ладнае пашырэньне вэнэрычных хваробаў. Асобы, якiя стаялi блiзка да санiтарных справаў у лягеры, казалi, што каля 80 працэнтаў жанок хварэе на розныя вэнэрычныя хваробы, але толькi палавiна iх шукае лекарскае дапамогi. Дый, памiма гэтага, нястача лекаў не дае магчымасьцi змагацца з вэнэрычнымi хваробамi.
Усё лягернае жыцьцё плыве пад знакам агiднае маскоўскае лаянкi. Лаюцца прачынаючыся, лаюцца iдучы на работу й вяртаючыся з работы, лаюцца, стоячы ў радоўцы, лаюцца, калi радуюцца, i лаюцца, калi сумуюць. Лаюцца пры кажнай нагодзе.
Але такую лаянку, якая чуваць у сьценах «женроты», рэдка пачуеш у мужчынскiх ротах.
Сярод вязьняў ёсьць дактары. Работы яны маюць вельмi багата, бо працэнт хворых на Салоўках вялiзарны. Апрача вэнэрычных хваробаў, тутака хварэюць на цынгу, сухоты, скульлё, ня кажучы аб пошасьцi тыфусу, якая час ад часу выбухае.
Штодня, а 5-й гадзiне ўраньнi расчыняецца галоўная брама «Крэмля» й выяжджае з двума санiтарамi ў белых хвартухох i даўгiх чорных гумовых рукавiцах воз iз устаўленай на iм вялiкай скрыняй. Скрыня можа зьмясьцiць да васьмёх трупаў. Хавалi нябожчыкаў на старым манастырскiм магiльнiку за «женротай», там, дзе адбывалiся расстрэлы. Тамака заўсёды была нарыхтаваная яма, разьлiчаная на больш-менш 200 трупаў. У гэтую яму санiтары скiдалi iз скрынi прывезеныя трупы й пакрывалi яму дошкамi. Дошкi закладалiся ня вельмi шчытна, дык удзень можна было вельмi добра бачыць панакiданыя ў яме бязь нiякага парадку целы мужчынаў i жанок, старых i маладых.
Толькi тады, як у яме набiралася прадугледжаная колькасьць трупаў, яе засыпалi зямлёй.
Называлi мы гэтыя ямы «брацкiмi магiламi». Узiмку брацкiя магiлы не псавалi паветра, але няма чаго й казаць, якi страшэнны смурод iшоў з магiльнiку ўлетку…
х х х
Нiхто самахоць на гэты выкляты абток ня едзе. Не кажу аб вязьнях, але аб вышэйшай нялiчнай адмiнiстрацыi — гэтак званых вольных людзях. Гэта ўсё былыя агенты ГПУ, якiх за розныя драбнейшыя правiннасьцi на службе ссылаюць на Салоўкi, на становiшчы розных начальнiкаў.
А за цяжэйшыя правiннасьцi iх прысылаюць сюды як вязьняў. Дый у такiм выпадку яны далей працуюць у сваёй старой галiне, выконваючы розныя функцыi ў ИСО.
ИСО — «инспекционно-следственный отдел» — вядзе сьледства аб праступках вязьняў, учыненых у часе адбываньня кары, i апрацоўвае характарыстыкi вязьняў на падставе даносаў сваiх супрацоўнiкаў — камарных «сэксотаў».
Читать дальше