Святлана Алексіевіч пражыла (пражывае) свой час магутна. І што тут яшчэ сказаць? Прыміце маё хлапечае захапленне!
КАМЕНЬ СІЗІФА
(Замест эпілога)
Пад такой назвай калісьці даўно я надрукаваў у часопісе "Крыніца" эсэ, справакаванае тэкстам Альбера Камю "Міф пра Сізіфа". Цяпер скарыстаюся абодвума тэкстамі, каб на іх асноведзі завяршыць сваю кнігу.
Толькі спачатку пра майго ўлюбёнца, гэта значыць пра ўласна Сізіфа.
Напэўна, з гісторыі еўрапейскага космасу ніхто так не варты згадак, як ён. Што і натуральна, бо ні ў кім яшчэ інтэгральны модус працы не праяўлены настолькі выразна. (Акрамя хіба міфа пра Вавілонскую вежу, хаця там ідзецца пра глабальную талаку.)
Сізіф, слынны будаўнік і цар Карынфа, не меў і не мае сабе роўных сярод жывых і мёртвых. Ён адзіны, хто прыдумаў закаваць у ланцугі самую Смерць. Гэта ж якім адмыслоўцам мусіў быць чалавек, каб спадобіцца на такое!
Натуральна, з гэтай нечаканкі людзі ў момант развучыліся паміраць (a priori), і Плутон моцна раззлаваўся, бо на ягонае царства ўсе як бы забыліся. Тады ён па-клікаў Гермеса вызваліць Смерць дзеля яе адвечнага ды штодзённага прызначэння.
Аднаго такога ўжо хапіла б, каб славіць Сізіфа ва ўсе вякі і эпохі. Але ж Гамер нездарма назваў яго самым мудрым ды эпічным сярод смяротных. Таму не дзіва, што Сізіф вымудрыў, як яшчэ раз абхітрыць Плутона, каб той адчыніў брамку задушлівага Аіда і выпусціў нашага героя трохі падыхаць свежым паветрам.
Аднак пасля замагільнай цямрэчы Сізіфу пад сонейкам так спадабалася, што ён забыўся на сваё слова гонару. І як яго багі ні ўпрошвалі, чым яму ні пагражалі, ён нікога не слухаўся. Жыў сабе ды жыў, пакуль багі на агульным сходзе не вырашылі, што ўжо досыць ім такі здзек цярпець і не даручылі Меркурыю сілком вярнуць неслуха ў Аід, дзе таму было наканавана да веку цягаць падрыхтаваны камень на загадзя прызначаную гару. А той раз-пораз будзе скочвацца з вяршыні, каб Сізіф заўсёды меў сабе працу, адэкватную яго наравістасці.
У мяне няма сумневу, што боскі сойм на Алімпе быў у захапленні ад сваёй прыдумкі. І вось чаму.
Старажытным грэкам было жыццёва неабходна вялічыць колькасць гармоніі ў свеце, паколькі адно такім спосабам яны маглі адсунуць падалей ад сябе тады яшчэ зусім блізкую мяжу татальнага хаосу. На гэтым і трымалася стратэгія іх сэнсу жыцця, гэтым і мерылася чалавечая сутва і з гэтага быў вымудраны спосаб пакарання Сізіфа: змусіць бясконца дзеіць, але пры гэтым пазбавіць яго дзейнасць магчымасці вялічыць колькасць гармоніі ў свеце.
Вымыкаючы з касмічнага хаосу гармонію, чалавек антычнага ладу, не раўнуючы з намі, адчуваў розніцу паміж вартай і марнай працай, бо менавіта на іх мяжы палягалі канцы і пачаткі ўсяго, што ёсць і чаго не будзе.
Зразумела, у тую пару было немагчыма нават падумаць, быццам здарыцца такі час, калі не будзе асаблівай розніцы, дзе ты цягаеш камень: на будоўлі ці па схіле гары, наперад ведаючы, што ён ніколі не ляжа ні ў падмурак сцяны, ні ва ўласна сцяну.
Карацей, такім чынам багі перарабілі Сізіфа з цара Карынфа ў абсурднага чалавека.
Але для тых, хто нарадзіўся жыць у ХХ стагоддзі ў даўно змайстраванай і неаднойчы рэканструяванай будыніне Еўропы, праблема гарманізацыі хаосу ўжо даўно страціла сваю актуальнасць, пакінуўшы па сабе адно праблему самога дзеяння. Адсюль і вынікла магчымасць "...уяўляць Сізіфа шчаслівым". Болей за тое, цяпер ужо бачыцца нават празмерным заклік Камю: "Трэба ўяўляць." Паводле вымераў нашай эпохі абсурду ў Сізіфа зайздросная доля: ён мае і свой камень, і наканаванне цягаць яго.
А вось мы, пасля смерці Бога, ніякага наканавання ўжо не маем і мець не можам. Мы, як Сізіф, цягаем свой камень штодня на фабрыках і заводах, на палетках і будоўлях, за стырном машын і самалётаў... - толькі кожны раз гэтая праца ў паасобку не абавязковая для жыцця агулам. Яна можа быць, а можа і не быць. Ніводная знічка з гэтага не загарыцца і не згасне.
Цывілізацыя персанальнага Абсурду - так мусіць называцца наша цывілізацыя. І няма ў яе іншага лякала, акрамя Сізіфа.
Камю гаварыў прыгожа і адважна мысліў. Бога няма, а смерць ёсць. У сітуацыі адсутнасці Бога і непазбежнасці смерці жыццё ўсчыняецца ды вершыцца самім чалавекам. Яно ні на што не абапіраецца, нічым не трымаецца, ні да чаго не туліцца. Яно ёсць толькі як ёсць, і ўсё канчаткова мяжуецца крушэннем: "... бачанню чалавека абсурду адкрываецца схоплены агнём і скуты лёдам, празрысты і абмежаваны ў сваіх межах сусвет, дзе ўсё немагчыма, але ўсё дадзена і па-за чым няма нічога, акрамя крушэння і небыцця".
Читать дальше