Марыя Сцяпанаўна тады мяне шчыра супакойвала. Яна, як ніхто, ведала прычыну, што перашкодзіла мне перамагчы ў конкурсе, да якога я рыхтавалася цэлы месяц, адпрацоўваючы навыкі маніпуляцый з секундамерам.
На жаль, па аб’ектыўных прычынах мне не давялося стаць урачом, пра што я заўсёды марыла і нават скончыла падрыхтоўчае аддзяленне Мінскага медыцынскага інстытута, але да гэтага часу не пакідае любоў да прафесіі медыцынскага работніка і захоўваецца мой самы прыгожы і дарагі сэрцу ўбор — белы халат і белая шапачка.
Але ведаеце, мама, я ні пра што не шкадую. Філалогія стала маім жыццём. Сёння я маю гонар і вялікую адказнасць кіраваць лепшай сярод лепшых рэдакцыйных устаноў і кожны месяц, трымаючы ў руках свежы нумар часопіса «Роднае слова», радавацца нашым сумесным з калегамі поспехам. А прафесія медыцынскага работніка, атрыманая ў юнацтве, дапамагае мне пачалавечы ставіцца да людзей, суперажываць чужому гору, успрымаць чужы боль як свой і радавацца, калі радуюцца іншыя.
Перад вяселлем
Заўтра маё вяселле. Людзі кажуць, «у маі жаніцца — век маяцца». Тады пра гэта не ведала. Нечакана для сябе выходжу замуж за хлопца са сваёй вёскі. Пазнаёмілася з ім прыкладна год таму, калі ў нашай школе быў выпускны вечар. Як толькі ўбачыла, сэрца падказала: ён будзе маім мужам. Чаму так інтуітыўна адчула, і сёння не ведаю. Яшчэ зусім не збіралася замуж. Наперадзе была вучоба ў медінстытуце. Ды і ўсё было супраць гэтага шлюбу. Мне б добра падумаць, угледзецца ў факты і знакі, якіх было больш чым дастаткова. Можа, гэта Вы, мама, так аберагалі мяне. А я, зусім маладзенькая, тады не зразумела гэтага.
...І вось заўтра вяселле. З нашай групы медсястрынскага аддзялення выходжу замуж першай. Дзяўчатам не верыцца: занадта сур’ёзнай я была на свае гады. І ўсе ведалі пра маю мару паступіць у медінстытут, стаць урачом, а тут ні з таго ні з сяго — вяселле.
Бацькі будучага мужа Міхаіл Сцяпанавіч і Надзея Васільеўна, якія прынялі мяне ў сваю сям’ю як родную дачку, з самага пачатку прапаноўвалі згуляць вяселле толькі ў іх, але чамусьці розуму не хапіла прыслухацца. Ды і як жа так, у нас новая бацькоўская хата! І мы зрабілі яшчэ адну памылку, пагадзіўшыся ладзіць першы дзень вяселля ў доме бацькі і мачыхі.
Забягаючы наперад скажу, што незвычайныя метамарфозы адбыліся і з вясельным караваем, дзе ў самым цэнтры красаваліся два лебедзі. Засталося толькі дзівіцца, каму спатрэбілася адрэзаць і выкінуць аднаго лебедзя з каравая, які захоўваўся ў новым, чыстым бетонным склепе і куды доступ мелі толькі бацька і мачыха. Калі прыйшла пара дзяліць каравай, яго прынеслі з адной птушачкай. Які трывожны знак! А на раніцу некуды знік і кавалак каравая маладых, які мы з мужам, паклаўшы на стол, з-за хвалявання і няведання народных традыцый, нават не пакаштавалі. А між тым, гэта быў наш першы сямейны хлеб.
...Напярэдадні вяселля я іду на могілкі. Доўга стаю адна каля Вашай, мама, магілкі. Расказваю пра свае планы, сваё каханне і трывогі. Неспакойна ў мяне на душы. І, як пасля пакажа час і нават святочны вясельны дзень, — недарэмна.
Віралэ
Ласкавы позірк любага,
Убору белле шлюбнага.
Вясельны вечар.
Не стала жонкай любаю,
Сустрэлася са згубаю.
А словы — вецер.
Адзінота
Адзінота. Адзінота. Адзінота.
Як развеяць змрочную тугу?
Подых ветру, летні шэпт лістоты
Ў сэрцы назаўсёды зберагу.
Цёплыя дзянькі усё радзей,
Ліст апошні стыне на бярозе —
Цёмны вугалёк з кастра надзей.
Шчасце затрымалася ў дарозе.
Восеньскі марозік лашчыць слота,
Студзіць сэрца горкая пяшчота.
Цяжкая душэўная работа —
Адзінота. Адзінота. Адзінота.
Адна нота.
Участковая медыцынская сястра
1 жніўня 1983 года — мой першы працоўны дзень у якасці ўчастковай медыцынскай сястры Слуцкай гарадской дзіцячай паліклінікі. Прыйшла працаваць на ўчастак пад № 13, які абслугоўваў цэнтральную частку горада — вуліцы Леніна, Жукава, Канановіча, Ленінскую, Віленскую, Капыльскую, частку Чыгуначнага праезду. Участковым педыятрам была ў той час Валянціна Пятроўна Журкоўская, якой я вельмі ўдзячная за разуменне і падтрымку маіх першых прафесійных крокаў.
У гэты перыяд пачалі будаваць новую цэнтральную раённую бальніцу прыкладна на 800 ложкаў. Прызнаюся, мама, я марыла, як толькі здадуць бальніцу ў эксплуатацыю, то абавязкова перайду на працу ў стацыянар. У паліклініцы мне не надта падабалася: здавалася, што мала практычнай работы. Я, якая рыхтавалася да працы хірурга і марыла пра медыцынскі інстытут, гатова была на многае: рабіць уколы, ставіць кропельніцы, дрэнажы, апрацоўваць раны, нават шыць, калі патрэбна, накладваць павязкі, прымаць роды, вызначаць дыягназы і многае-многае іншае, чаму мяне навучылі найлепшыя выкладчыкі-практыкі дзвюх навучальных устаноў.
Читать дальше