«Дзённiк» упершыню апублiкаваны ў часопiсе «Полымя», 1965, № 4, амаль на цэлую трэць скарочаны рэдактурай i цэнзурай. Публiкацыю суправаджаў грунтоўны артыкул С. Александровiча, даследчыка жыцця i творчасцi К. Чорнага. Яшчэ больш (амаль удвая) скарочаны тэкст «Дзённiка» ў 8-м томе «Збору твораў»: хрушчоўская «адлiга» змянiлася брэжнеўскiмi «прымаразкамi».
Друкуецца паводле часопiса «Полымя» (1988. № 4. С. 155–163), дзе апублiкаваны без скарачэнняў (публiкацыя Р. Раманоўскай). Публiкацыя суправаджалася ўступным словам Васiля Быкава, якi, у прыватнасцi, назваў «Дзённiк» яшчэ адным «красамоўным дакументам эпохi, хвалюючым сведчаннем багатай душы нашага волата слова, вялiкага Кузьмы Чорнага».
Некаторыя стылiстычныя ўдакладненнi зроблены згодна з аўтографам, якi захоўваецца ў сямейным архiве пiсьменнiка. Асаблiвасцi стылю пiсьменнiка (зайходзiў, смрод) як факт аўтарскай мовы празаiка пакiнуты. Рознастылёвасць паасобных слоў (тыпу Менск — Мiнск) унiфiкавана ўбок пераважнага напiсання.
Аўтограф дзённiка ўяўляе сабой малы агульны сшытак памерам 13 х 17,5 см у шэрай вокладцы, дзе захавалася больш як сто старонак. Пагiнацыя праведзена толькi да 77-й старонкi, дзе i зроблены апошнi легендарны запiс «Божа, напiшы за мяне мае раманы…» На фарзацы сшытка аўтограф «Притыцкий». Паводле ўспамiнаў дачкi Кузьмы Чорнага, Рагнеды, Сяргей Прытыцкi i падараваў гэты сшытак «майму бацьку», калi нейкi час жыў разам у Маскве ў гатэлi «Якорь». Мiкалай Карлавiч аддаў сшытак дачцэ, дзе яна занатоўвала любiмыя паэтычныя творы. Потым, калi сшытак спатрэбiўся, аддала яго назад бацьку, папярэдне выразаўшы спiсаныя ёю старонкi.
Запiсы К. Чорнага зроблены пераважна сiнiм атрамантам (хоць пiсьменнiк найбольш любiў чорны атрамант), почырк выразны, буйнаваты (часам, напрыканцы старонкi, запiсы рабiлiся дробнымi лiтарамi, аднак па-ранейшаму выразна).
Сшытак пачынаецца з празаiчных нататак:
с. 1–5. Пачатак рамана «Скiп'ёўскi лес» (канчаецца фразай: «Няма-ведама дзе ён падзеўся i нiякiя пошукi не ўзвялi следства на праўдзiвую дарогу»);
с. 6 — пустая;
с. 7–16. Другi варыянт пачатку рамана «Скiп'ёўскi лес» (апошняя фраза: «Праўдзiвей сказаць, юнацтва яе пачалося разам з вайною. I хоць яна была такая…»);
с. 18 — пустая;
с. 19–22. Трэцi варыянт пачатку рамана «Скiп'ёўскi лес» (апошняя фраза: «Пашла яна замуж толькi выбiўшыся з падлеткаў»);
с. 23–52. Чацвёрты варыянт (самы буйны) пачатку рамана «Скiп'ёўскi лес» (апошняя фраза: «Але гэта ўжо было роўна праз два гады»), прычым на с. 55 ад слоў «...як свой i вядомы здаўных...» пачынаецца кавалак тэксту чорным атрамантам.
с. 53–77. Дзённiк (прычым памiж старонкамi 54-й i 55-й аркуш выразаны нажнiцамi, аднак пагiнацыя захавана). На с. 73 тэкст «5 кастрычнiка. Нiчога не пiсаў…» да фразы «Беларускай iнтэлiгенцыi бадай што ўжо няма, а гэтыя носяць яе iмя i сцiраюць з нашага жыцця беларускi характар» уключна напiсаны сiнiм атрамантам; запiсы ад 11 кастрычнiка (с. 75) i да канца — чорным атрамантам.
2-га лiпеня 1944 г.
Можа, заўтра, а можа, паслязаўтра наша армiя забярэ Менск. Падыходзiць канец нашым пакутам. Дзякаваць богу, i хвароба мая пакрысе пакiдае мяне. Ад часу, калi я захварэў, прайшло ўжо год i сем месяцаў. Не было яшчэ такога, каб мая паправа спынiлася. Увесь час павольна сочыцца ачуньванне. На гэта я спадзяюся на далейшае i гэта трымае маю душу ў жывой раўнавазе. Ужо i цяпер як мае быць, лёгка i многа, як i да хваробы, працую. Якое гэта шчасце! I як я бываю няўдзячан лёсу, калi часамi мяне апаноўвае смутак! Гэтымi днямi я заўважыў, што ўжо добра бачу лiст паперы ўвесь так, каб пiсаць на iм роўным радком, якi б шырокi лiст паперы нi быў. А яшчэ шэсць месяцаў таму, калi пачынаў перапiсваць «Пошукi будучынi», мне была пакута выпiсаць роўна загаловак i першы радок. Я цыркулем мераў раўналежнасць радка ад берага паперы. Учора паслаў у Цiмкавiчы паштоўку, хоць там, можа, яшчэ i немцы. Але пакуль паштоўка туды падпаўзе, то напэўна ўжо берлiнскага гадаўя там не будзе. Сёння быў дождж. На двары мокра. Я пiшу, бачу з вакна мокры дах, i ў душы маёй цiхая радасць, вялiкая: як добра я ўжо бачу! Сем гадзiн. Перад вечарам. Дома са мной толькi адна Iра, любая мая ўцеха! [1] Iра, любая мая ўцеха — так па-сямейнаму называлася дачка пiсьменнiка Рагнеда (нарадзiлася 24 лiстапада 1928 г.).
Заўтра да паўдня трэба напiсаць артыкул для «Известий». Цяжка мне пiсаць па-расейску, а ў iх няма перакладчыка з беларускай мовы… Трэба яшчэ думаць, як бы павячэраць. Ад дрэннай яды (i тае вельмi мала) я апошнiм часам аслабеў.
Читать дальше