Шутовiч Вiктар — каталiцкi святар у Менску, пазней — у Барысаве.
У яжоўскай турме ў Менску ў 1938 г... — беспадстаўна арыштаваны пiсьменнiк праседзеў у менскай турме амаль 8 месяцаў (з iх шэсць — у камеры-адзiночцы).
Лупсякоў Мiкола (1919–1972) — празаiк; нарадзiўся ў Маскве, адкуль сям'я вярнулася на радзiму ў 1921 г. (Жлобiншчына; бацька пiсьменнiка Радзiвон — былы матрос з лiнкора «Петрапаўласк», а пазней ледакола «Таймыр»); М. Лупсякоў пачаў пiсаць яшчэ ў школе (меў нават перапiску з К. Чорным), першае апавяданне апублiкаў у 1935 г., калi скончыў Папаратнянскую няпоўную сярэднюю школу i паступiў на рабфак пры БДУ, а праз год — на лiтаратурны факультэт Менскага педiнстытута (скончыў у 1941 г.).; у 1944–1945 працаваў у рэдакцыi часопiса «Беларусь».
Бэндэ Лукаш (1903–1961) — крытык i лiтаратуразнавец вульгарна-сацыялагiчнага кiрунку.
Клiмковiч Мiхась (1899–1954) — паэт, драматург, празаiк, крытык; старшыня аргкамiтэта (1932–1934), а пазней (1934–1938) — старшыня праўлення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi.
Александровiч Андрэй (1906–1963) — паэт, празаiк, грамадскi дзеяч; дэлегат першага Ўсесаюзнага з'езда пiсьменнiкаў (1934) i VIII Надзвычайнага з'езда Саветаў СССР (1936; уваходзiў у рэдакцыйную камiсiю па канчатковым рэдагаваннi тэксту Канстытуцыi СССР), намеснiк старшынi Праўлення СП БССР (1934–1937); на пасадзе дырэктара Iнстытута мовы АН БССР прымаў удзел у падрыхтоўцы рэформы правапiсу беларускай мовы (1937).
Модаль (Модэль) Мiхась (Мендэль Моўшавiч; 1904–1980) — крытык, тэатразнавец; вучыўся на медычным (да 1924) i педагагiчным (да 1926) факультэтах БДУ, аднак нiводзiн з iх не скончыў. Працаваў пераважна ў сферы партапарату: сакратаром аддзела агiтацыi i прапаганды ЦК КПБ (1923–1925), узначальваў тэатральны аддзел Упраўлення па справах мастацтваў пры Саўмiне (1935–1937), быў адказным сакратаром СП БССР (1940–1941); падчас вайны працаваў дырэктарам тэатра iмя Ахунбаева ў Ташкенце, у 1943–1944 — дырэктар тэатра iмя Маякоўскага (Узбекiстан), у 1944–1948 — загадчык лiтаратурнай часткi тэатра оперы i балета ў Менску.
...Марыля … жонка ксяндза... — паводле канонаў каталiцкага абраду ксяндзы жонак не маюць (цэлiбат); Марыля Шутавiчанка, сястра вядомага заходнебеларускага дзеяча, рэдактара часопiса «Калоссе» Янкi Шутовiча была ахмiстрыняй (хатняй гаспадыняй) ксяндза Адама Станкевiча.
Станкевiч Адам (1892–1949) — гiсторык, публiцыст, выдавец, лiтаратуразнавец, грамадска-палiтычны дзеяч, асветнiк, беларускi каталiцкi святар.
Сергiевiч Пётра (1900–1984) — беларускi жывапiсец i графiк.