Што?! Што! Ня можа быць! Можа гэта ня той Кавэрда? Цi-ж адзiны Кавэрда на сьвеце! Але — Барыс! Гэтае самае iмя. Але скуль-жа ён узяўся ў Варшаве? Дык-жа ён нiколi ня выяжджаў! Дзiўна! He, немагчыма! Хiба гэта ня ён — ня той з «Беларускай Рады…»
Як за саломiнку, хапаўся я за думку, што — «можа гэта iншы Кавэрда…»
* * *
На другi дзень я бачыўся з маткай. Старэнькая мела спалоханы твар. У камандатуры, пры чырвонаармейцах, нельга было гаварыць адкрыта.
Пасьля звычайных пытаньняў наконт здароўя, прынесеных прадуктаў i да г. п., матка здолела толькi сказаць:
— Ax, гэта яшчэ ня ўсё… Страшныя рэчы!.. Сам даведаешся… Не пытайся… Разумееш?
* * *
У гэты дзень ня было ўвечары паверкi. Мабыць, усе былi страшэнна занятыя. Былi важнейшыя на галаве справы.
Гэта не варажыла нiчога добрага. Уначы мы збудзiлiся, чуючы нейкi нязвычайны рух у калiдоры, нейкiя галасы, тупат ног. Адчынялiся й зачынялiся дзьверы камараў. Уканцы й дзьверы нашае камары адчынiлiся i ўпхнулi да нас яшчэ каля дваццацёх кватарантаў. Ужо й бяз iх было няўсьцерп цесна, спалi мы ня толькi на нарах, але й на падлозе, адзiн пры адным, — цяпер ужо нельга было й падумаць, каб нехта мог прылегчы. Каб зьмясцiць новых арыштантаў, мы былi прымушаны падняцца са сваiх нараў, сабраць i вынесьцi iх у калiдор ды разьмясьцiцца, як хто мог, пераважна стоячы, у перапоўненай камары.
Што-ж гэта сталася? Скуль гэтулькi новых арыштантаў?
Гэта была рэакцыя на варшаўскi стрэл Кавэрды, якi адбiўся рэхам па ўсiм СССР.
Пасьля, на этапах, а яшчэ пазьней у Салавецкiм лягеры, я спатыкаўся з людзьмi, якiя на пытаньне, за што iх арыштавалi, адказвалi каротка: «Я войкавец». Гэта слова выясьняла ўсё. Гэта азначала, што вiны нiякае ня было, што арышт адбыўся ў часе тэрору, якi шалеў пасьля забойства паўпрэда, i што чалавек гэты сяньня пакутуе ў савецкiх вастрогах як «хаўрусьнiк» Кавэдры.
Ня ведаю, цi знойдзеш на вялiзарнай тэрыторыi Савецкага Саюзу хаця адзiн куток, дзе-б пасьля забойства Войкава «мстящая рука пролетариата» не расправiлася са сваймi «клясавымi ворагамi», кiдаючы iх у вастрогi, высылаючы ў паўночныя тайгi, расстрэльваючы. Хто быў гэтым ворагам? Кожны, хто калiсьцi нешта меў — цi то дом, цi нейкае прадпрыёмства, хто працаваў перад рэвалюцыяй у колiшнiх урадавых установах, кожны, хто хацеў жыць iндывiдуальным жыцьцём, ухiляючыся ад савецкай сучаснасьцi, кожны, хто, стоячы ў чарзе перад савецкiм каапэратывам, каб купiць на картачку крыху нейкiх прадуктаў, меў адвагу заскрыгатаць зубамi, — кожны квалiфiкаваўся, як вораг савецкага ладу.
У гэтым самым часе здарылася яшчэ нешта, што давяло чэкiстых да шалёнае злосьцi. Недзе на дарозе памiж прыгранiчнай станцыяй Стоўпцамi й Менскам выскачыла з рэек аўто-дрэзiна, у якой ехаў вiцэ-старшыня Менскага ГПУ тав. Апанскi, Карытаў i iнш., вязучы, як кажуць, схопленага на гранiцы шпiёна. У часе катастрофы Апанскi й шофэр былi забiтыя, Карытаў атрымаў раны, а надгранiчная здабыча — шпiён — уцёк шчасьлiва.
Савецкая прэса ў прычынах катастрофы бачыла справу рук контррэвалюцыянэраў. У горадзе, аднак, хадзiлi чуткi, якiя дайшлi i да нас у падвал, што сапраўднай прычынай катастрофы было п'янства Апанскага, якi «пад п'яную руку» загадаў шофэру даць машыне надта вялiкую скорасьць.
Дрэзiна ляцела, як шалёная. У вадным месцы быў лёгкi закрут. Раптам ваганэтка саскочыла з тору й грымнулася на пару мэтраў у бок.
Гэтак расказвалi.
* * *
3 прычыны разгрому «Грамады» на менскiх фабрыках i розных прадпрыёмствах адбывалiся мiтынгi пратэсту.
Цяпер, пасьля катастрофы з Апанскiм, апрача гэтага пачалiся вулiчныя дэманстрацыi перад вокнамi польскага пасольства.
Палажэньне было гарачае.
Я прадчуваў, што апошнiя падзеi будуць мець уплыў на мой лёс.
Гэтак i сталася.
— Аляхновiч, на дапрос!
Вось табе маеш! Дык-жа Пятроў сказаў, што справа закончана. А тут вось табе: новыя допыты.
Значыцца, прадчуваньнi зьдзейсьнiлiся.
Але. Значыцца, гэта ў справе Кавэрды. Ня йнакш!
За гэткае знаёмства мяне не пагладзяць па галаве
Пэрспэктыва: грузавiк, тры залатнiкi, падарожжа на месяц…
Не вясёла.
Ну, Бог бацька!..
— Аляхновiч! Скарэй вылятай! Iдзем наверх!
— Ужо, ужо! Iду!
О, як-жа-ж ацяжалi мае ногi! Як цяжка было ўзьбiрацца на трэйцi паверх! Каплi поту выступiлi на лоб.
Пятроў надзiва спакойна мяне спаткаў, нават ветла.
— А, Аляхновiч! Калi ласка… Сядайце вось там, пры гэтым стале… Вось папера, чарнiла… Пiшэце ўсё, што ведаеце аб Кавэрду.
Читать дальше