— Дык-жа кажу, што нiчога важнага… Калi-б было нешта паважнае, дык я сказаў-бы.
— А, разумею! яны забаранiлi табе расказваць… О, Божухна мой, Божа!..
* * *
У гэтую ноч мацi i сын спалi неспакойным сном.
На другi дзень Попутчiк быў у прызначаным месцы, чакаючы тав. Карытава.
Роўна а 8-й гадзiне ўвечары прыйшоў Карытаў у даўгой чырвонаармейскай шынэлi, выглядам сваiм нiчым ня розьнячыся ад iншых вайсковых, якiя прыходзiлi да сталоўкi № 1.
(Даўней, перад рэвалюцыяй гэта быў рэстаран Фрыца пад Маскоўскай гасьцiнiцай. Калiсьцi гэта быў першарадны рэстаран, цяпер брудная савецкая сталоўка з падлогай, пасыпанай апiлкамi.)
Карытаў не падыйшоў да столiка Попутчiка, але кiўнуў яму галавой, каб iшоў.
Попутчiк устаў i пайшоў за Карытавым.
Iшлi нядоўга. 3 Савецкай вулiцы павярнулi ў нейкi завулачак, пасьля iшлi па нейкай слаба асьветленай вулiцы, урэшце затрымалiся перад брамкай, што вяла ў садок, у глыбi якога стаяў аднапаверхавы дом.
Дом быў новы. Калiдор, пачынаючыся ад уваходных дзьвярэй, меў з абодвух бакоў дзьверы, якiя вялi ў малыя паасобныя кватэры.
Гэта было «общежитие» супрацоўнiкаў ГПУ.
Тут жылi й iхныя вяльможы.
Карытаў адчынiў дзьверы да аднэй з кватэр.
Усяго з мэбляў было тут толькi: отамана, стол i крэслы. Апрача гэтага, у рагу пакою стаяў фортэп'ян, на якiм былi расстаўленыя закуска i выпiўка, прыгатаваныя дзеля «товарищеской чашки чаю». Побач савецкае манаполькi стаялi тут бутэлькi з крымскiм вiном, на талерках — халодная закуска: розныя рыбы, кансэрвы, мяса, iкра…
Карытаў узяў палiто Попутчiка, каб павесiць у суседнiм пакоi.
— Ах, ня турбуйцеся, таварыш, я сам… — i з гэтымi словамi Попутчiк прашмыгнуў у другi пакой, дзе пры ручной швэйнай машыне сядзела нейкая маладая жанчына.
Дзеля таго, што Карытаў не сьпяшаўся, каб пазнаёмiць госьця з дамай, Попутчiк галянтна пакланiўся перад незнаёмай, сказаў сваё прозьвiшча i пацалаваў ручку.
Вярнулiся ў першы пакой. Гепiстка засталася на сваiм месцы.
Гутарка ня клеiлася. Добра, што пачалi ўжо зьбiрацца госьцi, «старыя знаёмыя — Гродзiс, Гендзiн, пасьля зьявiўся нейкi пануры тып, у якога ўвесь твар быў пакалечаны воспай. Усе тытулавалi яго „товарищ прокурор“».
Ня было яшчэ толькi Апанскага.
— Ня будзем яго чакаць. Ён прыйдзе пазьней, мае шмат работы, — сказаў Гродзiс.
Селi за стол, куды перакачавалi з фортэп'яну настаўленыя там закускi i бутэлькi.
Ужо пасьля першай чаркi запанаваў цёплы прыяцельскi настрой. Пасьля другой Попутчiку захацелася… сказаць тост.
— Таварышы! — клiкнуў, устаўшы з чаркай у руцэ. — Калi, прыехаўшы ў Менск, на другi дзень ранiцой я глянуў праз вакно… Я пабачыў ехаўшыя на вулiцы вазы з цэглай… Цэглай! Таварышы!.. Гэта сымбалiчна! Гэта надзвычайна!.. Цэгла — таварышы!.. Цэгла — гэта будаўляны матар'ял, з цэглы будуюцца новыя дамы… I ў гэтую часiну, як нiколi дасюль, я ўцямiў, я адчуў ува ўсёй глыбiнi, куды я прыехаў… Я прыехаў у краiну Вялiкага Будаўнiцтва! У краiну, дзе iдзець ломка старых формаў жыцьця, каб на iхных руiнах пабудаваць новы лад, лад справядлiвы, дзе няма эксплёатацыi працоўных… Таварышы! Я п'ю гэтую чарку за савецкае будаўнiцтва!
* * *
Гродзiс пiў шмат i запрашаў гасьця апаражняць чаркi. Менш пiў Гендзiн. Карытаў не аставаўся ад Гродзiса. Таварыш пракурор зусiм ня пiў i нiчога не казаў. Толькi глядзеў панура на стол, кiдаючы ад часу да часу свой цяжкi погляд на Попутчiка.
Маладая жанчына ўвесь час заставалася ў сваiм пакойчыку, не праяўляючы нiякага знаку жыцьця.
Ня было таксама чуваць, каб працавала швэйная машына.
Пасьля прыйшоў i Апанскi. Спазьнiўшыся, ён налiў сабе адразу цэлую шклянку гарэлкi, выпiў яе адным махам i закусiў iкрой.
Галоўнай асобай гэтага вечара быў госьць, Попутчiк. Ён найбольш гаварыў, яго найбольш ахвоча слухалi, яму налiвалi чарку, падавалi закуску. А ён, пад уплывам сымпатычнай атмасфэры, якая вытварылася сярод новых ягоных прыяцеляў, расказваў. Казаў аб тым, якi ён шчасьлiвы, што ўрэшце прыехаў у БССР, як яму было «душна» ў капiталiстычнай дзяржаве, казаў аб сваiх лiтаратурных канцэпцыях, аб спадзяваным прыезьдзе жонкi з дзяцьмi, якiх хацеў узгадаваць у духу савецкiм…
— Попутчiк (дый нiхто, мусiць, з беларусаў) ня ведаў, што гэтай сучаснасьцi, якой ён гэтак захоплiваўся, днi ўжо зьлiчаныя, што ўсе гэтыя «дасягненьнi», уся гэтая беларусiзацыя ўжо нядоўгавечныя. Што пройдзе ня шмат часу i зьменiцца курс. Пачнуцца «нацдэмаўскiя» працэсы. Людзi на найвышэйшых становiшчах скончаць сваё жыцьцё самагубствам або будуць расстрэлены ў ГПУ. Што вось за гэтую работу, якая цяпер карыстаецца багаславенствам згары i ўсялякiмi грашовымi ды iншымi падтрыманьнямi, гэтыя людзi будуць абвiнавачаны ў «искривлении» нацыянальнай палiтыкi, «уклоне», у контррэвалюцыi, лучэньнi з дэфэнзывай, фашызьме, шпiянажы, збройным паўстаньнi i няма ведама яшчэ ў чым — i, хто не разьвiтаецца са сваiм жыцьцём, як Iгнатоўскi i Чарвякоў,— паедуць на Салоўкi, Туркестан, Нарым — у концэнтрацыйныя лягеры, а хто й шмат блiжэй: грузавiком у Камароўскi лес, дзе атрымае за сваю савецкую лёяльнасьць заплату з нагану.
Читать дальше