Пра гэта разважае аўтар артыкула. Рыгор Шырма піша, што “векавое няшчасце беларускага народа — няволя”. Таму Якуб Колас “закрасаваў на ніве ў самую раніцу народнага Адраджэньня. Ён прынёс нам высокія ідэі, ён паказаў нам вялікую мудрасьць Красы і Праўды, знайшоў крыніцы той жывой вады, якая робіць нас вольнымі”.
Часопіс “Беларускі летапіс” у першым нумары за 1936 год паводле астрожных пісем паэта публікуе артыкул “Якуб Колас у астрозе”. За арганізацыю ў 1906 годзе нелегальнага з’езда народных настаўнікаў-беларусаў ў Мікалаеўшчыне Якуба Коласа пасадзілі ў астрог на тры гады. У артыкуле чытаем: “Бо і як жа, ці ж то злачынства было дамагацца беларускай школы для беларускіх дзяцей? Дый ці ж адзін толькі царскі ўрад у Расіі глядзеў гэтак на справу беларускай школы?!.”.
У Мінскім астрозе Якуб Колас напісаў 51 верш. Пра гэта таксама згадваецца ў артыкуле. Друкуецца ў часопісе і аўтограф верша “У дарозе”.
Цікава чытаецца ўспамін пра песняра аўтаркі, якая падпісалася крыптанімам А.Р. Асабліва тыя моманты, калі аўтарка разам з Коласам наведала Пецярбург на Каляды 1907 года: “Правадніком па сталіцы быў Колас. Ён падходзіў да кожнага гарадавога на варце, распытваў, як куды выйсьці і вёў пасля мяне, хвалячы гарадавых і прыношаную ім карысьць. Нас асабліва смяшылі гэтыя гутаркі з паліцыяй нелегальнага Коласа. Раз, між іншым, узялася вясьці я. Ішлі мы ў народны дом, на оперу. Вадзіла я свайго спадарожніка аж да стомы, запутаўшыся ў даўгіх і пустых “мяшчанскіх” вуліцах. Доўга не хацела здавацца: нарэшце з сорамам прызналася, што не выблытаюся. Узялі мы возьніка. Той правёў нас за вугал і стаў перад народным домам…”.
Язэп Каранеўскі ў снежаньскім нумары “Беларускага летапісу” за 1936 год аналізуе творчы шлях Якуба Коласа. Аўтар у даволі кароткай форме спыніўся на апавяданнях, аповясцях, паэмах “Новая зямля” і “Сымон-музыка”. Згадаў ён і пра драматычныя творы, але падкрэсліў, што “творы гэтыя зьяўляюцца даволі мернай якасьці і на агульны абраз коласаўскае творчасьці не ўплываюць”.
У канцы артыкула пра творчы шлях Якуба Коласа Язэп Каранеўскі падсумаваў, што “Купала зьяўляецца ідэолёгам беларускага адраджэньня і прарокам народным, Колас жа перадусім мастаком роднага краю, у якога творчасьці знайшлі найбольш поўнае мастацкае выяўленьне ўсе нацыянальныя асаблівасьці беларуса”.
Гэты нумар часопіса надрукаваў урывак з аповесці Якуба Коласа “Дрыгва”, якая была выдадзена асобнай кніжкай у Мінску ў 1934 годзе. Урывак мая назву “На Прыпяці”.
Травенска-чэрвенскі нумар “Беларускага летапісу” за 1937 год адкрываецца артыкулам брата Якуба Коласа М.Міцкевічам “Крыніца пэсымізму ў творчасьці Якуба Коласа”, прысвечаны 30-годдзю паэтычнай творчасці песняра. З яго вынікае, што песімізм у творах Якуба Коласа пачынаецца з рускамоўных вершаў. “Калі чытаеш тыя вершы (яны цяпер перахоўваюцца ў Беларускім Музэі ў Вільні), мімаволі будзіцца жаласьць да аўтара, як да чалавека бяздольнага, няшчаснага”, — піша брат Міцкевіч. Але Якуб Колас ачысціўся і вызваліўся ад песімізму толькі тады, калі адышоў ад чужой школы і стаў вялікім песняром беларускага народа. Менавіта тады, калі літаратар знайшоў красу ў сваім родным — беларускім, калі здабыў веру ў творчыя сілы свайго народа — адразу знік песімізм. “І тады і сам ён, і яго героі на пытаньне: жыцьцё ці сьмерць? — адказалі: жыцьцё!”, — завяршае артыкул М.Міцкевіч.
У кожным нумары пад рубрыкай “Наша хроніка” часопіс друкаваў навіны з розных куткоў Заходняй Беларусі. У красавіку 1937 года, напрыклад, часопіс паведамляў, што моладзь вёскі Новая Весь на Наваградчыне наладзіла адно беларускае мерапрыемства з дэкламацыяй вершаў. Хацелі хлопцы і дзяўчаты таксама арганізаваць і вечар, прысвечаны Якубу Коласу, і папрасілі школьную залу, але дырэктар школы не дазволіў пакарыстацца памяшканнем. З’яўлялася на старонках “Беларускага летапісу” і шэраг іншых інфармацый з жыцця Якуба Коласа.
Доўгай дарога не бывае:
Яна — бясконцая —
Да маці, да роднай хаты, да Янкі Купалы
Дзве паездкі ў Беласток
Упершыню Народны паэт Беларусі Янка Купала наведаў Беласток у кастрычніку-лістападзе 1939 года.
8 кастрычніка 1939 года, разам з групай беларускіх пісьменнікаў — Якубам Коласам, Змітраком Бядулям, Міхасём Клімковічам, Янкам Маўрам, Макарам Паслядовічам і іншымі літаратарамі, Янка Купала выехаў з Мінска ў Беласток. Спачатку пісьменнікі па дарозе наведалі Стоўбцы і Ваўкавыск, а потым завіталі ў Беласток. Магчыма, літаратары ехалі на сваіх машынах — Якуб Колас на сваёй, а Янка Купала — на ўласным “Шаўрале”. З сабой яны вязлі і некаторых пісьменнікаў.
Читать дальше