Пра Янку Купалу і Яўгена Хлябцэвіча можна расказваць шмат. Тым больш, што пачатак даўно зроблены літаратуразнаўцам Віталем Скалабанам, які яшчэ ў 1985 годзе апублікаваў у часопісе “Нёман” першы цікавы артыкул “Купала і Хлябцэвіч”. Пасля былі ў друку і шэраг іншых публікацый.
Янка Купала і Андрэй Пракапчук
У канцы 1920-х гадоў жыццё ў Менску было рознае: са сваімі радасцямі і засмучэннямі. Такой радасцю і разам з тым засмучэннем для доктара медыцынскіх навук са Слонімшчыны Андрэя Пракапчука (1896-1970) адбылося знаёмства з Янкам Купалам. Засмучэннем таму, што яго блізкае знаёмства з Купалам пачалося з прычыны хваробы песняра.
Аднойчы Андрэю Якаўлевічу патэлефанавалі ў менскую клініку і паведамілі, што тэрмінова патрэбна яго кансультацыя: захварэў Янка Купала, ёсць падазрэнне на дэрматыт, бо трэці дзень паэт скардзіцца на тое, што ў яго баліць скура на твары, пячэ, ён не можа да яе дакрануцца. І тэмпература падскочыла — 38,9...
Некалькі дзён Андрэй Пракапчук літаральна не адыходзіў ад паэта, і нарэшце лячэнне дало свае вынікі: Янка Купала паправіўся, павесялеў. На сэрцы ў доктара адлягло...
З таго часу Андрэй Якаўлевіч даволі часта бываў у доме народнага песняра і любіў там бываць, дзе заўсёды было людна, там збіралася літаратурная моладзь, гарачая, цікавая і разумная. І з Якубам Коласам ён пазнаёміўся ў Купалы, у яго гасцінным доме, дзе такой шчырай і ветлівай гаспадыняй увіхалася цётка Ўладзя, яго жонка.
Збярогся да сённяшніх дзён чацвёрты том збору твораў Янкі Купалы, выдадзены ў 1940 годзе. На ім дароўны надпіс: “Дарагому прафесару, акадэміку А.Я.Пракапчуку на добрую памяць. Шчыра адданы Янка Купала. 21.04.1940 г.г., Мінск.”.
У кастрычніку 1940 года Янка Купала і Андрэй Пракапчук наведалі Гродна. Гэта, відаць, і была іх апошняя сумесная паездка па роднай Беларусі...
“O Litwo, Ojczyzno moja” —
Пакінуў нам Адам Міцкевіч.
“Дзе ж мой дом, дзе мой люд?
Дзе Айчызна мая?” —
Пытаецца ў нас Янка Купала.
Янка Купала і беларуская эміграцыя
У сваёй кнізе “Беларуская эміграцыя” (Мн., 1991.С. 14) Барыс Сачанка згадаў адзін выпадак, пра які яму расказваў Андрэй Макаёнак. Было гэта ў 1973 годзе. У Араў-парку ў горадзе Манро паблізу Нью-Ёрка Андрэй Макаёнак разам са скульптарам Анатолем Анікейчыкам адкрывалі помнік Янку Купалу. На свята сабраліся тысячы людзей. І калі Андрэй Макаёнак пачаў чытаць верш Янкі Купалы “Брату на чужыне” і дайшоў да слоў:
Ці помніш ты сваю матулю,
Што над калыскаю тваей
Пяяла песню-байку “люлі”,
Снуючы ў думках рой надзей?
– пачуўся плач. Андрэй Макаёнак ажно схамянуўся, бо, не думаў, што гэты верш так кагосьці ўразіць, кране. А самыя апошнія словы:
Край беларускі, мірны, сумны,
Свой родны край ці помніш ты? – патанулі ў воплесках і рыданнях...
А Вітаўт Кіпель у сваёй кнізе “Беларусы ў ЗША” (Менск, 1993. С. 260) згадвае развагі аднаго беларуса: “У нядзелю 30 траўня я прыйшоў з сябрамі ў Араў-парк... Перш-наперш я наведаў помнікі Т. Шаўчэнку, А. С. Пушкіну, Ўолту Ўітману і, ведама ж, майму земляку Янку Купалу. Гледзячы на Купалу, я думаў: вось мы тут у Амерыцы думаем, што мы расейцы. Але ж у сапраўднасці мы беларусы...”. Вось якое значэнне меў і мае помнік Янку Купалу для нашых эмігрантаў у далёкай краіне.
Наогул, на чужыне беларусам ніколі не было лёгка, якой бы багатай і шчырай гэтая чужына не была. Беларусы заўсёды хацелі і хочуць жыць дома. Але лёс для многіх складваўся неспрыяльна. І там, далёка ад роднай Бацькаўшчыны, многіх нашых суайчыннікаў ад настальгіі лячылі творы беларускіх песняроў — Янкі Купалы і Якуба Коласа. Асабліва тых, хто апынуўся на чужыне ў час Першай і Другой сусветных войнаў. Мікола Ганько, калі ў 1993 годзе наведаў Бацькаўшчыну, сказаў: “Вырастаючы ў таварыстве пісьменнікаў, паэтаў і гісторыкаў, я моцна палюбіў паэзію з Янкам Купалам на чале. Калі прыходзіла хандра, я звычайна браў творы Купалы. Гэта была мая маральная апора, з якой я чэрпаў сілу да далейшага жыцця...”.
Янка Купала даваў сілы ўсёй беларускай эміграцыі ХХ стагоддзя. Шмат хто з эмігрантаў ведалі Купалу асабіста, былі ў яго дома, сустракаліся, гутарылі. Пра песняра далёка ад дому згадалі ў сваіх успамінах Іна Рытар, Аўген Калубовіч, Мікола Шыла, Мікола Куліковіч-Шчаглоў і іншыя. А ў 1923 годзе сам Янка Купала пісаў у Чыкага пісьмо Янку Чарапуку-Змагару, у якім хадайнічаў за беларускіх студэнтаў і прасіў дапамогі для тых, хто вучыўся ў Вільні і ў Празе. І просьбу Купалы беларускія эмігранты выканалі.
Читать дальше