Нарэшце на даляглядзе паўстаў замак, i Конраду да драбнiц прыгадалася ўсё, што ён бачыў два гады таму. Ажно душа зайшлася ў хлопца, але ён не спынiўся i мужна паехаў далей.
Конрад не паспеў з'есцi свой сняданак, i торбачка з харчамi так i вiсела ў яго на шыi. Калi ён прыгадаў гэта, яму зрабiлася няёмка i боязна, што людзi пачнуць смяяцца. Але смяяцца амаль не было каму — нiкога не вабiў спектакль, бо ўжо занадта часта яго гулялi.
I ўсё ж, калi ён пад'ехаў блiжэй да замкавых муроў, народ пачаў збiрацца. Нейкi маленькi хлопчык прадудзеў на трубе ў вуха Конрадаваму каню. Той напалохаўся, адскочыў убок, i, як Конрад нi хапаўся за ягоную грыву, конь усё ж яго скiнуў.
Усе вакол зарагаталi. Ну як не пасмяяцца з героя, якi нават на канi ўтрымацца не можа?!
Конрад пасаромеўся зноў залазiць на каня i ўзрадаваўся, калi нейкi добразычлiвы чалавек прапанаваў патрымаць жывёлiну, пакуль Конрад будзе заняты з цмокам.
Конрад уяўляў сабе, як дзiўна ён выглядае: пешкi, у запыленай вопратцы, ды яшчэ з сякерай, на якую ён абапiраўся, як на кiй. Натоўп, якому падабалiся прыгожыя, вясёлыя, зухаватыя героi, прыняў яго вельмi халодна.
Зусiм iначай на яго з'яўленне адрэагавалi ў замку. Прыцiснуўшыся тварам да вакна i стаiўшы дыханне, прынцэса Гэрмiёна назiрала за кожным ягоным крокам. «Гэта ён, гэта мой Конрад! — у захапленнi шаптала яна. — Ах, чарадзей, ну, пачакай яшчэ хвiлiну! Дай мне яшчэ разок зiрнуць на яго!»
Конрад усё блiжэй падыходзiў да замка, яму вельмi хацелася чым-небудзь парадаваць гледачоў, але ён толькi i здолеў, што нервова ўсмiхнуцца. У ягонай кiшэнi ляжала пляшачка з хлараформам, якую ён папярэдне загарнуў у насоўку. Яшчэ нiхто да яго не спрабаваў выкарыстаць супраць цмока што-небудзь, апроч звычайнай сталi.
Раптам Конрад заўважыў, што вакол нiкога не засталося. Гадзiннiк на замкавай вежы прабiў тры разы. Час надышоў!
Конрад павольна зняў капялюш, у якiм ляжала паперка з напiсанай на ёй прамовай на той выпадак, калi раптам усе словы вылецяць з галавы. Потым ён укленчыў i сказаў:
— Найчароўнейшая прынцэса! Нарэшце надышла хвiлiна, якую я так доўга чакаў. З якiмi пачуццямi? Здагадацца не цяжка. Тыя, што прыходзiлi сюды да мяне, узносiлi табе хвалу, дык хто я такi, каб дадаць да iх словаў хоць гук? Але ж я ведаю, што ты, дарагая прынцэса, шануеш не словы, але сэрца, з якога яны сыходзяць.
У гэтую хвiлю скала расчынiлася i над Конрадам навiс цмок. Ён разявiў пашчу, з якой высунуўся доўгi чырвоны язык. Юнак адчуў на сваiм твары гарачы цмокаў подых. Словы замерлi на ягоных вуснах, але, прыгадаўшы, што ў капелюшы ляжыць напiсаная прамова, Конрад дастаў паперку i загаварыў зноў:
— Усе аднолькава кахалi цябе, але не ўсе маглi красамоўна выказаць свае пачуццi. Некаторыя казалi, што iх каханне хоць i вялiкае, але яно ўсяго толькi жолуд, якi з часам ператворыцца ў магутны дуб. Але калi я прыгадваю, што ты зрабiла для мяне: выратавала ад сумнага жыцця ў закiнутай лясной вёсцы; падняла з невядомасцi на вяршыню славы; летуценнiк зрабiўся ваяром, гультай стаў паляваць на цмокаў! — дык у мяне не хапае словаў, каб аддзячыць табе, i я не магу кахаць цябе болей, чым кахаю цяпер!
Сама нервовыя з гледачоў ужо заплюшчылi вочы. А тыя, у каго нервы былi мацнейшыя i хто не зводзiў позiрку з Конрада i з цмока, убачылi незвычайную рэч. Цмок быў нiбыта не ў сабе: ён хiстаў галавою з боку ў бок, доўгi язык лiзаў пыл каля Конрадавых ног. Конрад нязграбна выцягнуў з кiшэнi насоўку, скруцiў яе i кiнуў у цмокаву пашчу. Жывёлiна вылупiла вочы, закхэкала, завiшчала i ўжо не выглядала гэтак жудасна. Конрад падняў сякеру i наважыўся ўдарыць па цмокавай шыi. Удар быў няўмелы (не такi ўдар павiнен быў бы быць у сына лесаруба), але так цi iначай, усе ўбачылi, як з раны на цмокавай шыi пацякла цёмна-зялёная кроў.
Цмок не ўтрымаўся i вывалiўся са скалы зусiм побач з Конрадам, якога шалёнымi крыкамi падбадзёрваў натоўп. Той ударыў яшчэ й яшчэ раз. У цмока быў вельмi здзiўлены i бездапаможны выгляд, цяпер з iм магло б расправiцца нават немаўля. Конрад сек шыю, нiбыта то было спiлаванае дрэва. Ён збiраўся ўжо святкаваць перамогу, калi цмок, сабраўшы апошнiя сiлы, здолеў запаўзцi ў сваю дзiрку. Скала за iм адразу зачынiлася.
Поле бiтвы засталося за Конрадам.
Радасныя крыкi спынiлiся, нiхто не ведаў, што рабiць цяпер, i менш за ўсiх сам Конрад, якi, нiбыта зачараваны, застаўся стаяць каля лесвiцы. Усе, вядома, зразумелi, што цмок моцна паранены, але, можа, ён збiрае сiлы для новай вылазкi?! Цяжка было паверыць, што непераможнага цмока забiў просты сялянскi хлопец.
Читать дальше