— Ён яшчэ юнак, Ваша высокасць, яму ўсяго семнаццаць.
— Мой улюбёны ўзрост, я кахаю яго!
— Гэта летуценнiк, а не мужчына, ды яшчэ баязлiвец i гультай!
— Я кахаю яго!
— Пакуль вы чыталi, я выклiкаў ягоны вобраз: у яго няма пярэдняга зуба!
— Мне абрыдлi прыгожыя твары з правiльнымi рысамi! Я кахаю яго!
— Ён рудавалосы, увесь у рабацiннi ды яшчэ й неахайны.
— Нiчога, я кахаю яго.
— Ён любiць насякомых i розных гадаў, ягоныя кiшэнi поўныя павукоў ды сараканожак.
— I я iх палюблю.
— Яму падабаюцца вадаспады, кветкi, горы…
— Кахаю яго яшчэ болей!
— Але, — сказаў чарадзей, раптам зрабiўшыся суровым, — я не ўпэўнены, што ён кахае вас!
— А, — ускрыкнула прынцэса, — дык менавiта таму я ў яго й закахалася!!!
Абодва змоўклi. Цень уздыхнуў i споўз на падлогу.
— Не можа быць, каб ён мяне не кахаў, - прамармытала прынцэса. — Мяне ўсе кахаюць, значыць, i ён таксама.
Яна падняла вочы на чарадзея, чакаючы, што ён пацвердзiць, але той знiк. Тут Гэрмiёна заўважыла згубу.
— Чарадзей! Чарадзей! — закрычала яна. — Ты забраў Конрадаў лiст. Вярнi яго!
Але калi чарадзей i пачуў яе, дык не падаў выгляду. Калi Конрадаў лiст быў надрукаваны ў газетах, пасыпалiся абураныя водгукi. Палiчылi, што ягоная прапанова абражае прынцэсу. «Сын лесаруба наймаецца ў мамкi!» — крычалi загалоўкi газет. Вядома, тлумачылi газетчыкi, прынцэса хацела б, каб ёй было на каго абаперцiся ў цяжкiя хвiлiны, i кожны жадаў бы падтрымаць яе, пачынаючы з бацькi-караля. Яна цудоўна магла б абысцiся без сына лесаруба. Але прынцэса не хацела, каб нехта бачыў яе пакуты i пакутаваў праз гэта сам. Таму яна збiрала апошнiя сiлы i прымала цяжкiя ўдары лёсу ў адзiноце. Дзе ўжо хлопцу-недарэку зразумець такiя тонкiя пачуццi, пiсалi газеты, але куды глядзелi ягоныя бацькi?! Двух сыноў яны выхавалi героямi, але трэцi…
Пасля смерцi Рудольфа Конрад быў такi няшчасны, што амаль не выходзiў з лесу: ён хадзiў па толькi яму вядомых сцежках, думаў пра братоў i часам плакаў. Сяброў у яго не было, i таму спачатку ён не тое, што не зважаў, а нават i не ведаў, якiя кплiвыя рэчы кажуць пра яго ўсе навокал. Але добрыя суседзi не маглi не растлумачыць ягоным бацькам, якую ганьбу наклiкаў iх малодшы сын на ўсю правiнцыю. Нават улады пачалi ўжо цiкавiцца, чаму гэта з iх мясцiн нашмат меней валанцёраў змагацца з цмокам, чым з iншых? Тут ужо пачала непакоiцца ўся правiнцыя, бо пайшлi чуткi, што чакаюць афiцыйнага прызыву юнакоў, якiя маглi б прадэманстраваць сваю адданасць i гераiзм каля замкавых муроў.
Конрадавы бацькi ўсё гэта ад яго ўтойвалi. Вядома, iм было вельмi прыкра, што iх сын напiсаў такi недарэчны лiст, але яны бачылi, як цяжка ён перажывае смерць братоў, i не хацелi псаваць яму настрой яшчэ болей.
Але даволi хутка Конрад пра ўсё даведаўся. Часам, калi ён гуляў па лесе, а асаблiва ўначы, зусiм побач пралятаў камень цi кiй. Калi ж ён падлавiў аднаго з нягоднiкаў — хлопца крыху маладзейшага за яго — i запатрабаваў растлумачыць прычыну такой увагi, той абазваў Конрада самымi брыдкiмi мянушкамi i недвухсэнсоўна сказаў, што Конрадаў лiст зганьбiў добрае iмя iх вёскi.
Конрад доўга думаў i нарэшце вырашыў, што яму засталося толькi адно: ён павiнен сам бiцца з цмокам.
Калi яго браты рыхтавалiся да бойкi, дык яны рабiлi розныя фiзiчныя практыкаваннi, выбягалi на прагулкi, нават не паснедаўшы, харчавалiся толькi карыснымi арганiзму пажыўнымi, але зусiм нясмачнымi стравамi. Убачыўшы якi-небудзь куст дзiўнае формы, яны ўяўлялi, што гэта цмок, прышпорвалi каня i раз'юшана накiдвалiся на яго з сякераю. Нiчога такога Конрад не рабiў, ды каб ён нават i паспрабаваў узмахнуць сякерай, не злезшы папярэдне з каня, дык абавязкова звалiўся б, бо добра трымацца на канi так i не навучыўся.
Не захацеў ён i трацiць свае грошы, каб набыць прыгожыя дарагiя даспехi ды шалом з пёрамi. Яго зусiм не турбавала, спадабаецца ён гледачам цi не.
Уся падрыхтоўка была вельмi простая i танная. Адзiнае, над чым яму давялося паламаць галаву, была прамова ў гонар прынцэсы.
Конрад цудоўна ведаў, што павiнен вымавiць словы кахання, бо iначай цмок не з'явiцца. Але пасля смерцi Рудольфа ягоная абыякавасць да прынцэсы перарасла ў варожасць, амаль у нянавiсць. Ён не мог прымусiць сябе сказаць, што кахае яе, нават схлусiць не мог. Таму ён падбiраў такiя выразы, якiя дурному агiднаму цмоку падалiся б словамi кахання, а для прамоўцы азначалi б нешта зусiм iншае.
Конрад, як i ўсе яго папярэднiкi, атрымаў афiцыйны лiст, запячатаны вялiкай чырвонаю пячаткай, у якiм было шмат камплiментаў i вызначаўся час бойкi. Конрад выехаў з дому вельмi рана, яшчэ ў прыцемку. Ён ехаў на канi, якога яму пазычыў бацька: конi цмока не спакушалi. Конрад з задавальненнем пайшоў бы й пешкi, але апроч ежы яму трэба было цягнуць сякеру, а да замка было далёка — семнаццаць мiль. На iм была старая вопратка, бо шкада было псаваць новую. Хлопец цiхенька ехаў па маўклiвых вулiцах, людзi спынялi працу i выходзiлi з хат, каб зiрнуць на яго. Усе ведалi, куды ён едзе, i якi лёс яго чакае. I хоць яны i не вiталi яго голасна, але ж i не кпiлi з яго. Ужо гэта было прыемна.
Читать дальше