Узрадаваліся птушкі. Адно перка — глупства. З аднаго перка не абяднееш і не ўзбагацееш. Аддай яго ды ідзі спаць.
Скінуліся па адным пяры і зрабілі саве дзівоснае футра. А паколькі ў кожнай птушкі свой колер, то і апярэнне ў савы з таго часу рознакаляровае. Ёсць пер'і жоўтыя, ёсць бурыя, ёсць рыжыя і шэрыя, белыя і чорныя.
Разляцелася птаства спаць. Села сава перад дуплом. Вартуе. Не спіць. Глядзіць на ўсе вочы. А ў лесе хораша. Месяц вялізны. Усё, нібы ўдзень, відаць.
Выгляне верабей з дупла — сядзіць сава, брыда гэткая. Гараць савіныя вочы, яе дзве залатыя поўні. Яму ўжо і есці хочацца, вераб'ю. Высуне галаву — пільнуе сава, гнюснасць такая. Аж плача верабей.
Тым часам днець пачало. А совы ўдзень нічога не бачаць, спяць. Пачала сава кляваць дзюбай. Пачалі ў яе вочы зліпацца. Нібы хто іх мёдам намазаў.
А птушкі заспалі. Такая ў лесе раса халодная. Так цёпла ў гнязде. Ну, яшчэ хвіліну паспім. Ну, яшчэ другую.
Выглянуў верабей — спіць сава. Дзень на дварэ, ды яшчэ з непрывычкі размарыла яе ў цёплым кажусе. Верабей чакаць не стаў. Выбраўся з дупла і давай лататы.
Толькі праз гадзіну дабудзіліся птушкі савы. Глянулі ў дупло, а вераб'ём там даўно і не пахне.
— Ах ён, нахаба! Ах ён, бусурман, бессаромныя вочы! Ну i ты, сава, добрая! Не падпiльнавала, так? А нашто ж тады мы па перку скiдалiся?!
— А вы чаго праспалі? — спытала сава.
— Добра, яшчэ пагаворым, — закрычалі птушкі. — У пагоню! Хапаць вераб'я!
Ганяліся яны за вераб'ём цэлы год і неяк усё ж злавілі. Хацелі спачатку пакараць яго тым, што звязаць яму крылы. Але потым раздумалі. Прападзе верабей. І калі чалавечы суд павінен трымацца за чалавечнасць, то птушыны павінен трымацца за птушынасць. Таму звязалі вераб'ю не крылы, а ногі.
І стаў з таго часу верабей скакаць адразу дзвюма ножкамі.
А саве ўсе птушкi i да гэтага часу анiяк не могуць дараваць, што яна праспала. Надта ўжо сваiх пер'яў шкада.
І вось варта саве раніцай не дабрацца да дупла і заснуць недзе пад ялінай ці кустом, — тут усе птушкі навальваюцца на яе цэлай хмарай, скубуць ды крычаць:
— Аддай маё пер'е! Ад-дай маё пер-р-р'е!
Не верыш — спытай у старых людзей, у паляўнічых, якія гэта на свае вочы шмат разоў бачылі.
І хаця сава і суцяшае сябе, што арол ды сокал яе не чапаюць, а скубуць яе, бязвінную, адны вароны, сарокі ды пахучыя ўдоды — дрэннае гэта, па-мойму, суцяшэнне.
Дробязь тая — самае гэта нікуды не вартае на свеце. Лепей ужо з арлом схапіцца, абы толькі розная жамяра ды малеча цябе не шчыкалі і не скублі.
…Адзін толькі верабей, нават і цяпер, жыве сабе і не шманае. Ну, ногі скруцілі. Падумаеш, бяда вялікая. Скача сабе на абедзвюх адразу ды заліваецца:
Я — вясёлы верабей,
Я — арол-верабей,
Вельмі смелы верабей,
Верабей,
Верабей,
Вера —
Вера —
бей!