Маці Ваўчыха, цяжка дыхаючы, кінулася на зямлю каля сваіх ваўчанят, а Бацька Воўк сказаў ёй сурова:
— На гэты раз Шэр-Хан кажа праўду: дзіцяня трэба паказаць Чарадзе. Ты ўсё-такі хочаш пакінуць яго сабе, Маці?
— Пакінуць сабе? — цяжка паводзячы бакамі, сказала Ваўчыха. — Яно прыйшло да нас зусім голае, уночы, адно, і ўсё ж яно не баялася! Зірні, яно ўжо адпіхнула адно з маіх ваўчанят! Гэты кульгавы мяснік забіў бы яго і ўцёк на Вайнгангу, а людзі ў адплату разбурылі б наша логава. Пакінуць яго? Так, я яго пакіну. Ляжы ціха, жабянятка! О Маўглі — бо Жабяняткам Маўглі я назаву цябе, — прыйдзе час, калі ты пачнеш паляваць на Шэр-Хана, як ён паляваў на цябе.
— Але што скажа наша Чарада? — спытаў Бацька Воўк.
Закон Джунгляў гаворыць вельмі ясна, што кожны воўк, пасля таго як завядзе сям'ю, можа пакінуць сваю Чараду. Але як толькі яго ваўчаняты падрастуць і стануць на ногі, ён павінен прывесці іх на Раду Чарады, якая збіраецца звычайна раз у месяц, у час поўні, і паказаць усім астатнім ваўкам. Пасля гэтага ваўчаняты могуць бегаць, дзе ім захочацца, і пакуль яны не забілі свайго першага аленя, няма апраўдання таму з дарослых ваўкоў, які заб'е ваўчаня. Кара за гэта — смерць, калі толькі зловяць забойцу. Падумай з хвіліну, і ты сам зразумееш, што так і павінна быць.
Бацька Воўк пачакаў, пакуль яго ваўчаняты падраслі і пачалі бегаць, і ў адну з тых начэй, калі збіралася Чарада, павёў усіх ваўчанят, Маўглі і Маці Ваўчыху на Скалу Рады. Гэта была вяршыня ўзгорка, усыпаная вялікімі валунамі, за якімі магла схавацца цэлая сотня ваўкоў. Акела, вялікі шэры воўк-адзінец, абраны важаком усёй Чарады за сілу і спрыт, ляжаў на скале, выцягнуўшыся на ўвесь рост. Пад скалой сядзела сорак з лішнім ваўкоў усіх узростаў і сама рознай масці — ад сівых, як барсукі, ветэранаў, што распраўляліся адзін на адзін з буйвалам, да маладых чорных трацякоў, якія ў думках лічылі, што ім гэта таксама пад сілу. Воўк-адзінец ужо каля года быў іхнім важаком. У юнацтве ён два разы трапляў у воўчую пастку, аднойчы людзі яго збілі і кінулі, бо парашылі, што ён здох, так што норавы і звычкі людзей былі яму знаёмыя. На Скале Рады амаль ніхто не размаўляў. Ваўчаняты куляліся пасярэдзіне пляцоўкі, навокал сядзелі іхнія бацькі і маткі. Час ад часу адзін з дарослых ваўкоў нетаропка падымаўся, падыходзіў да якога-небудзь ваўчаняці, пільна глядзеў на яго і, бясшумна ступаючы, вяртаўся на сваё месца. Іншы раз маці выпіхвала сваё ваўчаня на святло месяца, баючыся, што яго не заўважаць. Акела заклікаў са свае скалы:
— Закон вам вядомы, закон вам вядомы! Глядзіце ж, о ваўкі!
І клапатлівыя маці падхоплівалі:
— Глядзіце ж, глядзіце як след, о ваўкі!
Нарэшце — і Маці Ваўчыха ўся натапырылася, калі падышла іх чарга, — Бацька Воўк выпіхнуў на сярэдзіну круга Жабянятка Маўглі. Маўглі сеў на зямлю, засмяяўся і пачаў забаўляцца каменьчыкамі, што паблісквалі ў святле месяца.
Акела ні разу не ўзняў галавы, якую ён паклаў на пярэднія лапы, толькі час ад часу ўсё гэтак жа паўтараў:
— Глядзіце, о ваўкі!
Глухі рык данёсся з-за скалы — голас Шэр-Хана:
— Дзіцяня маё! Аддайце яго мне! Навошта Вольнаму Народу чалавечае дзіцяня?
Але Акела нават і вухам не варухнуў. Ён сказаў толькі:
— Глядзіце, о ваўкі! Навошта Вольнаму Народу слухаць чужакоў? Глядзіце як след!
Ваўкі глуха загырчалі хорам, і адзін з маладых чатырохгадовых ваўкоў у адказ Акелу паўтарыў пытанне Шэр-Хана:
— Навошта Вольнаму Народу чалавечае дзіцяня?
А Закон Джунгляў гаворыць, што калі пачынаецца спрэчка аб тым, ці можна прыняць дзіцяня ў Чараду, на яго карысць павінны выказацца сама менш два ваўкі з Чарады, але не бацька і не маці.
— Хто за гэтае дзіцяня? — спытаў Акела. — Хто з Вольнага Народа хоча гаварыць?
Адказу не было, і Маці Ваўчыха падрыхтавалася да бою, які, як яна ведала, будзе для яе апошні, калі справа дойдзе да бойкі.
Тут падняўся на заднія лапы і забурчаў адзіны звер іншай пароды, якога дапускаюць на Раду Чарады, — Балу, лянівы буры мядзведзь, які вучыць ваўчанят Закону Джунгляў, стары Балу, які можа блукаць, дзе ён хоча, бо ён есць толькі арэхі, мёд і карэнне.
— Чалавечае дзіцяня? Ну што ж, — сказаў ён, — я за дзіцяня. Яно нікому не зробіць шкоды. Я не майстар гаварыць, але кажу праўду. Няхай сабе яно бегае з Чарадой. Давайце прымем дзіцяня разам з іншымі. Я сам буду вучыць яго.
— Нам трэба яшчэ хто-небудзь, — сказаў Акела. — Балу сказаў сваё слова, а ён жа настаўнік нашых ваўчанят. Хто яшчэ будзе гаварыць, апрача Балу?
Читать дальше