— Акела прамахнуўся, — сказала яму пантэра. — Яны забілі б яго ўчора ўночы, але ім патрэбен яшчэ і ты. Яны шукалі цябе на ўзгорку.
— Я быў на ўзараных палетках. Я гатовы. Глядзі! — Маўглі падняў над галавою гаршчок з вугалямі.
— Добра! Вось што: мне даводзілася бачыць, як людзі соваюць туды сухую галіну, і на яе канцы расцвітае Чырвоная Кветка. Ты не баішся?
— Не! Чаго мне баяцца? Цяпер я прыпамінаю, калі толькі гэта не сон: як я яшчэ не быў ваўком, я часта ляжаў каля Чырвонай Кветкі, і мне было добра і цёпла.
Увесь гэты дзень Маўглі правёў у пячоры; ён пільнаваў гаршчок з агнём і соваў у яго сухія галінкі, правяраючы, што атрымаецца. Ён знайшоў такую галіну, якою застаўся задаволены, і ўвечары, калі Табакі падышоў да пячоры і вельмі груба сказаў, што Маўглі патрабуюць на Скалу Рады, ён засмяяўся і смяяўся гэтак доўга, што Табакі ўцёк. Тады Маўглі, усё яшчэ смеючыся, падаўся на Раду.
Акела, воўк-адзінец, ляжаў каля сваёй скалы ў знак таго, што месца важака Чарады вольнае, а Шэр-Хан са зграяй сваіх прыхвасняў разгульваў узад і ўперад, яўна задаволены. Багіра ляжала побач з Маўглі, а Маўглі трымаў паміж каленяў гаршчок з вугалямі. Калі ўсе сабраліся, Шэр-Хан пачаў гаварыць, на што ён ніколі б не адважыўся, калі б Акела быў у росквіце сілы.
— Ён не мае права! — шапнула Багіра. — Так і скажы. Ён сабачы сын, ён спалохаецца.
Маўглі ўсхапіўся на ногі.
— Вольны Народ! — крыкнуў ён. — Хіба Шэр-Хан Важак Чарады? Хіба тыгр можа быць нашым важаком?
— Месца ж важака яшчэ не занята, а мяне прасілі гаварыць… — пачаў Шэр-Хан.
— Хто цябе прасіў? — сказаў Маўглі. — Няўжо мы ўсе шакалы, каб поўзаць перад гэтым мясніком? Чарада сама выбера важака, гэта чужых не датычыцца.
Пачуліся крыкі:
— Маўчы, чалавечае дзіцяня!
— Не, няхай гаворыць! Маўглі захоўваў наш Закон!
І нарэшце старыя гыркнулі:
— Няхай гаворыць Мёртвы Воўк!
Калі Важак Чарады выпусціў сваю здабычу, яго называюць Мёртвым Ваўком да самай смерці, якой не даводзіцца доўга чакаць.
Акела нехаця падняў сівую галаву:
— Вольны Народ і вы, шакалы Шэр-Хана! Дванаццаць гадоў я вадзіў вас на паляванне і з палявання, і за гэты час ніводзін з вас не трапіў у пастку і не быў пакалечаны. А цяпер я прамахнуўся. Вы ведаеце, як гэта было падстроена. Вы ведаеце, што мне падвялі свежага аленя для таго, каб мая слабасць стала відавочнай. Гэта было ўмела зроблена. Вы маеце права забіць мяне тут, на Скале Рады. І таму я пытаюся: хто з вас падыдзе і прыкончыць ваўка-адзінца? Паводле Закону Джунгляў я маю права патрабаваць, каб вы падыходзілі па адным.
Настала доўгае маўчанне. Ніводзін воўк не асмельваўся распачаць смяртэльны бой з Акелам.
Потым Шэр-Хан зароў:
— Навошта нам гэты бяззубы дурань? Ён і так памрэ! А вось чалавечае дзіцяня зажылося на свеце. Вольны Народ, яно з самага пачатку было маёй здабычай. Аддайце яго мне. Мне агідна бачыць, што ўсе вы быццам страцілі розум з ім. Яно дзесяць гадоў баламуціла джунглі. Аддайце яго мне, інакш я заўсёды буду паляваць тут, а вам не пакіну нават голай косткі. Яно чалавек і дзіця чалавека, і я ўсім сэрцам ненавіджу яго!
Тады больш за палову Чарады завыла:
— Чалавек! Чалавек! Навошта нам чалавек! Няхай ідзе да сваіх!
— І ўзніме супраць нас усіх людзей у вёсках! — крыкнуў Шэр-Хан. — Не, аддайце яго мне! Гэта чалавек, і ніхто з нас не асмельваецца глядзець яму ў вочы.
Акела зноў падняў галаву і сказаў:
— Ён еў разам з намі. Ён спаў разам з намі. Ён заганяў для нас дзічыну. Ён ні разу не парушыў Закону Джунгляў.
— Мала таго: калі яго прымалі ў Чараду, у плату за яго я аддала буйвала. Буйвал каштуе не дужа шмат, але гонар Багіры, магчыма, каштуе таго, каб за яго біцца, — правуркатала Багіра сама мяккім голасам.
— Буйвал, аддадзены дзесяць гадоў назад! — агрызнулася Чарада. — Што нам да костак, якім ужо дзесяць гадоў?
— Або да таго, каб трымаць сваё слова? — сказала Багіра і ашчэрыла белыя зубы. — Нездарма вы называецеся Вольным Народам!
— Ніводная чалавечае дзіцяня не можа жыць з Народам Джунгляў! — завыў Шэр-Хан. — Аддайце яго мне!
— Ён наш брат па ўсім, апрача крыві, — гаварыў далей Акела, — а вы хочаце забіць яго тут! І праўда, зажыўся я на свеце! Адны з вас нападаюць на свойскую жывёлу, а другія, падвучаныя Шэр-Ханам, як я чуў, бадзяюцца цёмнай ноччу па вёсках і крадуць дзяцей з парогаў хацін. Таму я ведаю, што вы баязліўцы, і да баязліўцаў звяртаюся цяпер. Я хутка памру, і жыццё маё не мае цаны, а не — дык я аддаў бы яго за жыццё чалавечага дзіцяняці. Але дзеля гонару Чарады, пра які вы паспелі забыцца без важака, я абяцаю вам, што не ўкушу вас ні разу, як прыйдзе мой час паміраць, калі толькі вы дасце чалавечаму дзіцяняці спакойна пайсці да сваіх. Я памру без бою. Гэта ўратуе для Чарады не менш чым тры жыцці. Больш я нічога не магу зрабіць, але, калі хочаце, пазбаўлю вас ад ганьбы — забіць брата, за якім няма віны, брата, якога прынялі ў Чараду, паводле Закону Джунгляў.
Читать дальше