I зноў усё было зроблена ў самы час! Страшны рык ажно скалануў ваду ў рацэ, i ягуары высыпалi на бераг.
Iх было шмат - здавалася, што ўсе мiсьёнэскiя ягуары сабралiся тут, ля ракi. Але i рака Явэвiры ўся вiравала ад скатаў, якiя сабралiся ля берага з рашучасцю абараняць пераход любою цаной.
- Дарогу ягуарам! - зараўлi драпежнiкi.
- Няма вам дарогi! - адказалi скаты.
- Паўтараем - дайце дарогу!
- Не дамо!
- Глядзiце ж! Калi не дасце нам прайсцi, не застанецца нi ската, нi скатавага дзiцяцi, нi скатавага ўнука!
- Можа быць! - адказалi скаты. - Але нi ягуары, нi ягуаравы дзецi, нi ягуаравы ўнукi - нiводзiн ягуар у свеце не пройдзе тут!
Так адказалi iм скаты. Тады ягуары зараўлi апошнi раз:
- Патрабуем нас прапусцiць!
- Нi, нiколi!
I тады пачалася сапраўдная бiтва. Гiганцкiм скачком ягуары кiнулiся ў ваду! Але яны ўпалi на суцэльны подсцiл са скатаў. Скаты пачалi бiць iх, працiнаць iм лапы ўдарамi сваiх вострых шыпоў, i на кожную рану ягуары азывалiся страшным рыкам ад болю. Але ж i яны адбiвалiся лапамi, з усяе сiлы лупцуючы iмi ў вадзе. I скаты, распаласаваныя кiпцюрамi ягуараў, узляталi ў паветра.
Уся Явэвiры ператварылася ў крывавую раку. Скаты гiнулi сотнямi... Але ж i ў ягуараў былi жахлiвыя раны, i яны, рыкаючы, адступалi, каб са страшна апухлымi лапамi адлежацца на пяску. А скаты, растаптаныя, разарваныя кiпцюрамi ягуараў, не адступалi. Яны нi на хвiлiну не пакiдалi абараняць пераход. Шмат хто з iх узлятаў у паветра i зноў падаў у раку, але ўсе яны зноў i зноў кiдалiся на ворага.
Паўгадзiны доўжылася гэтая жахлiвая бойка. А праз паўгадзiны ўсе ягуары зноў, стомленыя, сядзелi на беразе i раўлi ад болю: нiводзiн з iх не прайшоў. Праўда, i скаты стамiлiся да знямогi. Шмат хто загiнуў. I тады тыя, што засталiся жывыя, сказалi:
- Другой такой атакi нам болей не вытрываць. Хай дарады пашукаюць падмацавання. Хай неадкладна сюды прыплывуць усе скаты, якiя ёсць у Явэвiры!
I дарады зноў разбеглiся ўверх i ўнiз па рацэ, i плылi яны ўсе так шпарка, што пасля iх у вадзе, як пасля тарпедаў, заставалiся барозны.
А скаты тым часам паплылi да чалавека.
- Мы болей не вытрываем! - сказалi са смуткам скаты. I сёй-той са скатаў заплакаў, убачыўшы, што яны не могуць выратаваць свайго сябра.
- Iдзiце, скаты! - сказаў паранены чалавек. - Пакiньце мяне аднаго. Вы ўжо вельмi шмат для мяне зрабiлi. Хай ягуары пройдуць!
- Нi, нiколi! - у адзiн голас крыкнулi скаты. - Пакуль у нашай рацэ Явэвiры ёсць хоць адзiн жывы скат, мы заўсёды будзем абараняць добрага чалавека, якi некалi абаранiў нас!
Тады паранены задаволена прамовiў:
- Скаты! Я амаль памiраю, i мне цяжка гаварыць, але будзьце ўпэўненыя, што, калi толькi мне прынясуць вiнчэстэр, мы добра пажартуем, i гэта я вам абяцаю.
- Так, мы ведаем! - падбадзёрыўшыся, адказалi скаты.
Але скончыць гамонку яны не змаглi, таму што зноў усчыналася бойка. Ягуары, перадыхнуўшы, ужо ўскочылi на ногi i, выгнуўшы спiны, як для скачка, рыкнулi:
- Апошнi раз i раз назаўжды патрабуем: дарогу!
- Нi, нiколi! - адказалi скаты i зноў сабралiся ля берага.
Але i ягуары ўжо скочылi ў ваду, i страшная бойка пачалася зноў. Уся рака Явэвiры ад берага да берага была чырвоная ад крывi. Кроў пенiлася хвалямi на пяску. Ляцелi ў паветра разарваныя скаты, раўлi ад болю ягуары, але нiхто не адступаў нi на крок.
I ягуары ўжо не толькi не адступалi, але пачалi прасоўвацца наперад. Марна войска дарадаў сноўдала ўверх i ўнiз па рацэ, склiкаючы скатаў: скатаў больш не было, яны ўсе ўжо змагалiся перад востравам, i палова iх ужо загiнула. А тыя, што заставалiся, былi ўсе параненыя i знямоглыя. I тады яны зразумелi, што не здолеюць пратрымацца больш нi хвiлiны i што ягуары пройдуць. I няшчасныя скаты, якiя лiчылi, што лепей памерiц, чым аддаць свайго сябра, з астатнiмi сiламi кiнулiся на ягуараў. Але ўсё было марна. Пяць ягуараў плылi ўжо да вострава i былi недалёка ад берага. У роспачы скаты крыкнулi:
- Да вострава! Усе на той бераг!
Ды было ўжо позна - яшчэ два ягуары кiнулiся плыць, а праз хвiлiну ўсе яны ўжо былi пасярод ракi, i з вады высоўвалiся толькi iх галовы.
Але ў гэтае самае iмгненне адзiн звярок, непрыкметны рудаваты звярок, колькi ставала сiлы плыў праз Явэвiры: гэта быў капiбара, якi дабiраўся да вострава, несучы на галаве, каб не намачыць, вiнчэстэр з набоямi.
Чалавек закрычаў ад радасцi, яму яшчэ заставаўся час, каб заступiцца за скатаў. Ён папрасiў капiбару, каб той галавою дапамог яму легчы на бок, бо сам ён не мог, i лёгшы, ён маланкава зарадзiў вiнчэстэр. I якраз у той момант, калi распаласаваныя, раздушаныя, скрываўленыя скаты з адчаем убачылi, што прайгралi бiтву i што ягуары зараз разарвуць iх няшчаснага параненага сябра на шматкi - якраз у гэты момант яны пачулi аглушальны стрэл! I ўбачылi, што пярэднi ягуар, якi ступiў ужо на пясок, раптам падскочыў i павалiўся мёртвы з прабiтаю галавой.
Читать дальше