Як жа ён памыляўся.
Доўгачаканы і неспакойны сон ужо прыняў у свае абдымкі Містэра Дурсля — кошка, што сядзела на ягоным плоце, спаць зусім не збіралася. Яна сядзела нерухома, як статуя, і, не міргаючы, глядзела ў канец Прайвет Драйв. Яна нават не зварухнулася, калі на суседняй вуліцы гучна пляснула дзвярыма машыны, і не міргнула вокам, калі над яе галавой пранесліся дзве савы. Толькі каля апоўначы, бы скамянелая, кошка нарэшце ажыла.
У далёкім канцы вуліцы — як раз там, куды неадрыўна глядзела кошка — з'явіўся чалавек. З'явіўся нечакана і бясшумна, быццам вырас з-пад зямлі або матэрыялізаваўся з паветра. Кошкін хвост тузануўся з боку ў бок, а вочы яе звузіліся.
Ніхто на Прайвет Драйв ніколі не бачыў гэтага чалавека. Ён быў высокі, худы і вельмі стары, мяркуючы па срэбры яго барады і валасоў — такіх доўгіх, што іх можна было заправіць за пояс. Ён быў апрануты ў доўгі сурдут, па-над якім была накінутая ліловая мантыя, а на яго нагах красаваліся чаравікі на высокім абцасе, упрыгожаныя спражкамі. Вочы за прыцемненымі акулярамі былі блакітныя, вельмі жывыя, яркія і іскрыстыя, а нос — вельмі доўгі і крывы, нібы яго ламалі не меней за два разы. Звалі гэтага чалавека Альбус Дамблдор.
Падавалася, Альбус Дамблдор абсалютна не разумее, што з'явіўся на вуліцы, дзе яму не радыя — не радыя ўсяму, звязанаму з ім, пачынаючы ад ягонага імя і заканчваючы чаравікамі. Аднак яго, па ўсім, гэта не турбавала, і ён рыўся ў кішэнях сваёй мантыі, спрабуючы нешта адшукаць. ён відавочна адчуваў, што за ім сочаць, таму што раптам узняў вочы і паглядзеў на кошку, якая назірала за ім з іншага канца вуліцы. Дзіўна, але выгляд кошкі чамусьці развесяліў яго.
— Гэтага вартра было чакаць, — сказаў ён, усміхнуўшыся.
Нарэшце ва ўнутранай кішэні ён знайшоў тое, што шукаў. Гэта быў прадмет, падобны да срэбнай запальніцы. Альбус Дамблдор адкінуў срэбнае вечка, падняў запальніцу і пстрыкнуў. Блізкі да яго вулічны ліхтар зараз жа згас. Ён зноў пстрыкнуў запальніцай — і наступны ліхтар знік у цемры. Пасля дванаццаці пстрычак на Прайвет Драйв згасла ўсё, акрамя двух далёкіх, малюсенькіх калючых агеньчыкаў — вачэй кошкі, што сачыла за Дамблдорам. І калі б у гэты момант хто-небудзь зірнуў з свайго акна — нават місіс Дурслі, ад чыіх вачэй-пацерак нішто не магло выслізнуць, — гэты чалавек не змог бы ўбачыць, што адбываецца на вуліцы.
Дамблдор засунуў сваю запальніцу — дакладней, гасілку — назад ва ўнутранюю кішэню мантыі і рушыў да дома нумар 4. А дайшоўшы да яго, сеў на плот побач з кошкай і, нават не зірнуўшы на яе, сказаў:
— Дзіўна бачыць вас тут, прафесар МакГонагал.
Ён усміхнуўся і павярнуўся да паласатай кошкі, але тая ўжо знікла. Замест яе на плоце сядзела даволі суворага выгляду жанчына ў акулярах, форма якіх была на дзіва падобная да метак вакол каціных вачэй. Жанчына таксама была ў мантыі, толькі ізумруднай. Яе чорныя валасы былі сабраныя ў пруткі вузел на патыліцы. І адразу было прыкметна, што выгляд у яе раздражнёны.
— Як вы мяне пазналі? — спытала яна.
— Мой дарагі прафесар, я ў жыцці не бачыў кошкі, якая б сядзела гэтак нерухома.
— Станеш тут нерухомай — цэлы дзень праседзець на цагляным плоце, — парыравала прафесар МакГонагал.
— Цэлы дзень? У той час як вы маглі святкаваць разам з іншымі? На шляху сюды я стаў сведкай, як мінімум, тузіна вечарынак і гулянак.
Прафесар МакГонагал злосна чмыхнула.
— Так, сапраўды, усё святкуюць, — незадаволена вымавіла яна . — Ім варта было б быць крыху асцярожней. Але не — нават маглы прыкмецілі, што нешта адбываецца. Гэта было ў іхніх навінах,— яна рэзка кіўнула галавой у бок цёмнага акна, за якім знаходзілася гасціная сям’і Дурслі. — Я чула. Зграі соў.. знічкі… Што ж, яны не поўныя ідыёты. Яны проста абавязаныя былі нешта прыкмеціць. Падумаць толькі — зоркапад у Кенце! Не сумняваюся, гэта праца Дзедалуса Дзінгла: ён ніколі не адрозніваўся адмысловым розумам.
— Вы не павінны сердаваць, — мякка ўпікнуў Дамблдор. — За апошнія адзінаццаць гадоў нам рэдка прыходзілася радавацца.
— Ведаю, — раздражнёна сказала прафесар МакГонагал. — Але гэта яшчэ не значыць, што трэба з’язджаць з глузду. Усе папросту страцілі пільнасць! Падумаць толькі, сярод белага дня, збіраюцца ў натоўпы, абменьваюцца чуткамі. І пры гэтым нават не спрабуюць апрануцца, як маглы!
Яна зірнула на Дамблдора, нібы чакаючы пярэчанняў, але ён нічога не сказаў, і тады яна працягнула:
— Будзе проста цудоўна, калі ў той самы дзень, калі Самі-Ведаеце-Хто нарэшце знік, маглы пазнаюць аб нашым існаванні. Мяркую, ён і праўда знік, гэта так, Дамблдор?
Читать дальше