Лічбы нібыта ў тумане паплылі ў яго перад вачыма, яго хіліла на сон. Адзінкі, сямёркі, дзесяткі ператварыліся ў дробныя вострыя зубы Экмана. Шасцёркі, пяцёркі, тройкі, нібыта ў фантастычным фільме, ператварыліся ў чорныя бліскучыя вочы Экмана. Камісійныя аддзякі ў выглядзе каляровых паветраных шарыкаў лёталі ўздоўж вагона, памеры іх усё павялічваліся, і Майет шукаў шпільку, каб пракалоць іх адзін за адным. Ён поўнасцю прачнуўся ад тупату ног — нехта хадзіў туды-сюды на калідоры. «Бедалага», — падумаў ён, убачыўшы, як карычневы плашч і сашчэпленыя за спіной рукі зніклі за акном.
Аднак у яго не было літасці да Экмана, у думках ён ішоў следам за ім з канторы ў кватэру ў сучасным будынку, у зіхатлівы туалет, у серабрыстую з пазалотай ванную, у залітую святлом, застаўленую моднай мяккай мэбляю гасцёўню, дзе яго жонка бесперапынна шые куртачкі, штонікі, каптурыкі і вяжа шкарпэткі англіканскай місіі: Экман — узорны хрысціянін.
Шкляныя сцены купэ дрэнна захоўвалі цеплыню. Быў страшэнны холад, красавіцкая ноч нагадвала старамодную калядную віншавальную паштоўку, якая зіхаціць інеем. Майет зняў з кручка футру і выйшаў на калідор. Цягнік стаіць у Кёльне амаль сорак пяць хвілін — даволі часу, каб выпіць кубачак гарачай кавы ці келіх каньяку. А пакуль што ён можа, як і чалавек у плашчы, пагуляць па калідоры.
Пакуль знешні свет не адцягнуў яго ўвагу, Майет ведаў, што ў шпацыры па калідоры з ім будуць нябачныя прывіды Экмана і Стэйна. «У Экмана, — думаў ён, абмываючы гарачай вадой брудны ўмывальнік, — да ўнітаза ланцужком прыкавана Біблія». Так, прынамсі, яму казалі. «Вялікая, пашарпаная і па-сапраўднаму сямейная кніга сярод срэбных з пазалотай кранаў і затычак, і гэтая Біблія сведчыла кожнаму, хто абедаў у Экманаў, што гаспадар — добры хрысціянін. Не трэба было рабіць ускосных намёкаў пра наведванне царквы, на пасольскага святара, варта было толькі яго жонцы спытаць: «Можа, вы хочаце памыць рукі, дарагая?» — ці яму самому па-сяброўску задаць тое самае пытанне мужчынам пасля кавы з каньяком. Аднак пра Стэйна Майет нічога не ведаў.
— Вельмі шкада, што вы не выходзіце ў Будзе, калі вы так цікавіцеся крыкетам. Мне надта цяжка набраць адзінаццаць ігракоў на дзве каманды ў нашым пасольстве, — гаварыў чалавек, ківаючы галавой і махаючы рукамі, з тварам бледным і невыразным, як каўнер у святара, звяртаючыся да невялікага, падобнага на пацука мужчыны, які, скурчыўшыся, сядзеў насупраць. Гэты голас быў без жывых чалавечых інтанацый, бо гучаў на калідоры праз шкляныя зачыненыя дзверы купэ, калі Майет праходзіў міма. Гэта быў той самы прывід голасу, што зноў нагадаў Майету пра Стэйна, які гаварыў па правадах даўжынёй у дзве тысячы міль, пра той голас, які выказваў надзею, што калі-небудзь будзе мець гонар прымаць містэра Карлтана Майета ў Канстанцінопалі, пра той самы голас — прыемны, гасцінны і невыразны.
Ён ішоў міма купэ з сядзячымі месцамі ў вагоне другога класа. Мужчыны, зняўшы камізэлькі, ляжалі на лавах, шчокі ў іх абраслі шчэццю. Жанчыны з лінялымі валасамі, пакрытымі вязанымі сеткамі, такімі самымі, як вязаныя з саломы карзіны на паліцах, раскінуліся ў нязграбных позах: поўныя грудзі і вузкія клубы, шырокія клубы і худыя грудзі — усё безнадзейна пераблыталася. Высокая хударлявая жанчына прачнулася на імгненне і жаласна паскардзілася: «Піва, якім ты мяне пачаставаў, было проста жахлівае. Страўнік у мяне буркоча — ладу няма як». Насупраць сядзеў яе муж, з ухмылкай сачыў за яе заплюшчанымі ў сне вачамі, кідаючы зрэдку позірк на дзяўчыну ў белым плашчы, якая ляжала на лаўцы побач з ім. Адной рукой ён паціраў няголеную шчаку, а другую крадком паклаў каля ног дзяўчыны. Майет запаволіў крок і запаліў цыгарэту. Яму падабалася зграбная постаць і твар дзяўчыны, крыху падфарбаваныя губы. Не скажаш, каб яна выглядала нейкай незвычайнай прыгажуняй, аднак тонкія рысы твару, маленькая галоўка, вытанчаныя нос і вушы надавалі ёй асаблівую вясёлую прывабнасць, якая нагадвае вітрыну вясковай крамы на Каляды, поўную бліскучай мішуры і немудрагелістых квяцістых сувеніраў. Майет успомніў, як яна ўважліва глядзела на яго з другога канца калідора, і яму захацелася даведацца, каго ён ёй нагадаў. Ён быў удзячны дзяўчыне за тое, што ў яе позірку не было ніякай варожасці — яна не здагадвалася, як няёмка пачуваў ён сябе ў шыкоўнай вопратцы, якую можна купіць толькі ў самых дарагіх крамах.
Мужчына, які сядзеў побач з дзяўчынай, употай паклаў руку на яе шчыкалатку і пачаў вельмі асцярожна перамяшчаць яе да калена. Адначасова ён сачыў за жонкай. Дзяўчына прачнулася і расплюшчыла вочы. Майет пачуў, як яна сказала: «Надта холадна», — і зразумеў па яе знешне ветлівым, але насцярожаным тоне, што яна заўважыла толькі што адхопленую руку. Потым яна ўзняла вочы і ўбачыла, што Майет назірае за ёй. Дзяўчына была тактоўная і цярплівая, але, на думку Майета, ёй не ставала хітрасці. Ён разумеў, што цяпер яна ацэньвае ў думках яго якасці і параўноўвае яго са сваім спадарожнікам, як бы прыкідваючы, з кім бы ёй было лепей: яна хацела пазбегнуць непрыемнасцей, — гэта прачытаў у яе на твары. І яго прывялі ў захапленне яе смеласць, кемлівасць і рашучасць.
Читать дальше