— Вельмі прыемна. Значыць, гэта ваш кабінет справа? Па сутнасці цяпер усё тут трымаецца на вас, праўда? Ва ўсякім выпадку мне так казалі.
Тут усё ў Мэгрэ ішло як па масле. Дастаткова было ўбачыць дом, пасля гэтага старога слугу, каб здагадацца пра ўсё.
— Гэта ж натуральна, вы не згодны? Калі пан Эрнэст адсутнічае…
— Пан Эрнэст?
— Пан Гранмэзон. Я ведаў яго, калі ён быў яшчэ зусім дзіця, вось і называю яго панам Эрнэстам.
Мэгрэ нібыта між іншым увайшоў у канторку старога. Гэта быў сціплы пакой, адчувалася, што наведнікаў тут не бывае. Затое стол быў завалены папкамі. Сярод іх ляжалі загорнутыя ў паперу бутэрброды. На спіртоўцы дыміўся маленькі кафейнік.
— Вы тут і абедаеце, пан… Вось табе і на, забыў раптам ваша імя…
— Бернардэн… Але ўсе завуць мяне «дзядзька Бернар»… Я жыву адзін, так што і на абед дамоў хадзіць няма чаго… Вось… А пан Эрнэст запрасіў вас з нагоды дробнага крадзяжу на тым тыдні?.. Трэба было яму мяне папярэдзіць… Усё ўжо ў парадку… Адзін малады чалавек узяў у касе дзве тысячы франкаў… Але яго дзядзька вярнуў грошы… Малады чалавек даў слова… Вы разумееце?.. У такім узросце!.. Ды столькі ў нас дрэнных прыкладаў перад вачыма!..
— Мы пра гэта яшчэ пагаворым… Прашу вас, не звяртайце на мяне ўвагі, абедайце… Словам, вы былі даверанай асобай спачатку пана Шарля, а потым ужо яго сына, пана Эрнэста…
— Спачатку я быў касірам… Тады ў іх яшчэ не было галоўнага касіра… Можна нават сказаць, што гэтую пасаду ўвялі спецыяльна для мяне…
— Пан Эрнэст адзіны сын у пана Шарля?
— Але, адзіны. Была яшчэ дачка, якая выйшла замуж за прамыслоўца з Ліля, але яна памерла пры родах разам з дзіцёнкам…
— А пан Раймон?
Стары здзіўлена ўскінуў галаву.
— Як? Пан Эрнэст казаў вам?..
«Дзядзька Бернар» адразу ж насцярожыўся.
— Ён не належаў да гэтай сям'і?
— Стрыечны брат. Таксама Гранмэзон… Только спадчыны ён не атрымаў… Яго бацька памёр недзе ў калоніях… Такое ж часта здараецца ва ўсіх сем'ях, праўда?..
— Ва ўсіх сем'ях! — пацвердзіў не маргнуўшы вокам Мэгрэ.
— Бацька пана Эрнэста ўсё роўна як усынавіў яго… Карацей кажучы, знайшоў тут яму месца…
Мэгрэ патрабаваліся факты больш дакладныя, і ён перастаў хітраваць.
— Хвілінку, пан Бернар! Дазвольце, я збяруся з думкамі… Заснавальнік «Ангельска-Нармандскай кампаніі» — пан Шарль Гранмэзон, так?.. У пана Шарля Гранмэзона — адзіны сын, пан Эрнэст, сённяшні дырэктар кампаніі…
— Але…
Стары зноў разгубіўся. Яго бянтэжыў такі дапытлівы тон.
— Так! У пана Шарля быў брат, які памёр у калоніях, таксама пакінуўшы адзінага сына — Раймона Гранмэзона.
— Але… Я не…
— Чакайце! Ды ешце, прашу вас. Пана Раймона, сірату без грошай, прымаюць у дом дзядзькі, даюць месца ў кампаніі. Якое?
— Гм, — запнуўся стары. — Яго назначылі ў аддзел фрахтавання нейкім начальнікам.
— Так! Пан Шарль памірае і пакідае спадчыну пану Эрнэсту. Пан Раймон усё яшчэ тут.
— Але.
— І раптам яны сварацца. Хвілінку! У момант сваркі пан Эрнэст быў жанаты?
— Не ведаю, ці магу я…
— Я раіў бы вам гаварыць, калі вы не хочаце мець на старасці гадоў непрыемнасці з правасуддзем.
— Правасуддзем? Пан Раймон вярнуўся?
— Няважна. Пан Эрнэст быў ужо жанаты?
— Не. Яшчэ не быў.
— Так! Пан Эрнэст — дырэктар кампаніі. Яго стрыечны брат — начальнік аддзела. Што адбываецца пасля?
— Я не думаю, што маю права…
— Я даю вам гэтае права.
— Такое бывае ва ўсякіх сем'ях… Пан Эрнэст быў чалавек сур'ёзны, як яго бацька… Нават у тым узросце, калі яшчэ робяць звычайна глупствы, ён быў такі, як цяпер…
— А пан Раймон?
— Поўная процілегласць!
— Ну і?..
— Пра гэта ведаю толькі я і сам пан Эрнэст… Былі выяўлены парушэнні ў справаздачнасці… Сур'ёзныя парушэнні…
— І?..
— Пан Раймон знік… Інакш кажучы, замест таго каб аддаць яго ў рукі правасуддзя, пан Эрнэст папрасіў яго выехаць за мяжу…
— У Нарвегію?
— Не ведаю… Я пра яго больш нічога не чуў…
— Пан Эрнэст ажаніўся неўзабаве пасля таго?
— Але… Прайшло колькі месяцаў…
Уздоўж сцен цягнуліся паліцы з папкамі непрыемнага зялёнага колеру. Стары клерк еў без усялякага апетыту. Ён быў устрывожаны і злаваўся на сябе, што міжволі столькі ўжо расказаў.
— Калі гэта здарылася?
— Чакайце… Гэта было ў той год, калі пашыралі канал… Пятнаццаць гадоў таму… Не, крыху меней…
Ужо некалькі хвілін над галавою чуліся чыесьці крокі.
— Гэта ў сталовай? — спытаў Мэгрэ.
— Але…
Читать дальше