— Не ведаю… Можа, крыху пазней…
Камісара чакалі ў машыне мэр з жонкаю.
— Думаеце, дакапаемся ўрэшце да праўды? — спытаўся Люка.
І, паколькі Мэгрэ не адказваў, інспектар дадаў:
— Асабіста я пачынаю думаць, што не. Усе маняць! А тыя, што не маняць, маўчаць, хоць і ведаюць сёе-тое. Можна падумаць, што ў смерці Жарыса вінаваты ўвесь гарадок…
Але камісар адно паціснуў плячыма і пайшоў да машыны.
— Да сустрачы! — толькі і сказаў на хаду.
У машыне ён вельмі здзівіў шафёра, загадаўшы:
— Дамоў!
Нібыта гаворка ішла пра яго ўласны дом, гаспадаром якога быў ён сам.
— Дамоў у Кан?
Па праўдзе кажучы, Мэгрэ яшчэ пра гэта не думаў, але словы шафёра навялі яго на думку.
— Але, у Кан!
Гранмэзон нахмурыўся. Што да яго жонкі, дык тая, здавалася, скарыўшыся, плыла па цячэнні.
* * *
Па дарозе ад гарадскіх варот да вуліцы Дзюфур з Гранмэзонамі павіталіся чалавек пяцьдзесят. Відаць, мэраву машыну ведалі ўсе. Віталіся вельмі пачціва. Суднаўладальнік быў падобны на сеньёра, што аб'язджае свае землі.
— Простая фармальнасць! — сказаў Мэгрэ праз зубы, калі машына спынілася. — Выбачайце, што прывёз вас сюды. Але, як я ўжо вам казаў, неабходна, каб сёння вечарам усё было скончана…
Паабапал ціхай вуліцы стаялі прыватныя дамы, якія цяпер можна ўбачыць толькі ў правінцыі. Перад домам з пачарнелага каменю ўзвышалася вежа. На агароджы перад уваходам вісела медная шыльда з надпісам: «Ангельска-Нармандская навігацыйная кампанія».
У двары стаяў указальнік: «Каса». На дзвярах вісела яшчэ адна шыльда: «Кантора адчынена з 9 да 16 гадзін».
Было крыху больш за дванаццаць. Дарога да Кана заняла ўсяго толькі дзесяць хвілін. У гэты час большасць служачых абедала, але некаторыя сядзелі яшчэ за сваімі сталамі. У пакоях было змрочна. Тоўстыя дываны і мэбля ў стылі Луі-Філіпа надавалі канторы ўрачысты выгляд.
— Пані, зрабіце ласку, падыміцеся да сябе. Праз нейкі час я, напэўна, папрашу вас знайсці для мяне колькі хвілін.
Першы паверх быў цалкам адведзены пад памяшканні кампаніі. У вялізным вестыбюлі па баках стаялі свяцільні з каванага жалеза. На другі паверх, які займалі муж і жонка Гранмэзон, вяла мармуровая лесвіца.
Мэр Вістрэама, пахмурны, злосны, чакаў, што скажа яму Мэгрэ.
— Што вы яшчэ хочаце ведаць? — ціха спытаў ён і, падняўшы каўнер паліто, насунуў капялюш на вочы, каб служачыя не бачылі яго твару, спляжанага кулакамі Вялікага Луі.
— Нічога асаблівага. Я толькі прашу ў вас дазволу пахадзіць тут, падыхаць паветрам дома.
— Я вам патрэбен?
— Не.
— У такім выпадку дазвольце мне падняцца да пані Гранмэзон.
Пачцівы тон, з якім ён гаварыў пра сваю жонку, ніяк не вязаўся з ранішняй сцэнаю ў халупе ў старой. Мэгрэ пачакаў, пакуль мэр падымецца па лесвіцы. Пасля прайшоў у канец калідора і пераканаўся, што ў доме быў толькі адзін выхад. Выйшаў на вуліцу, знайшоў непадалёк паліцэйскага і загадаў яму стаяць каля агароджы.
— Зразумелі? Выпускаць усіх, апроч суднаўладальніка. Вы яго ведаеце?
— Ну, як не ведаць!.. Але… што ён нарабіў? Такі чалавек!.. Вы знаеце, што ён старшыня гандлёвай палаты?
— Тым лепш!
Кабінет справа ў вестыбюлі «Генеральны сакратарыят». Мэгрэ пастукаў, адчыніў дзверы, удыхнуў пах цыгары, але нікога не ўбачыў.
Кабінет злева: «Дырэктар». Тая ж самавітая, урачыстая атмасфера, тыя ж цёмна-чырвоныя дываны, шпалеры з пазалотаю, столі з мудрагелістай лепкаю.
Уражанне такое, што ніхто не асмеліўся б размаўляць тут уголас. Камісар уявіў сабе перапоўненых годнасцю паноў, у візітках і штанах у палоску, з тоўстымі цыгарамі ў зубах, за дзелавой размоваю.
Самавітая кампанія! З традыцыямі, якія перадаюцца тут, у правінцыі, праз стагоддзі з пакалення ў пакаленне. «Пан Гранмэзон?.. Яго подпіс надзейны, як золата ў злітках».
Мэбля ў кабінеце была ў стылі ампір, які больш падыходзіў для галоўнага пакоя кампаніі. На сценах — фатаграфіі караблёў, статыстычныя табліцы, каляровыя графікі.
Мэгрэ хадзіў па кабінеце, засунуўшы рукі ў кішэні, калі ў дзвярах з'явіўся нейкі стары.
— Што гэта такое?! — разгубіўся ён.
— Паліцыя! — кінуў Мэгрэ такім сухім тонам, што збоку можна было падумаць: ён кажа так, любячы кантрасты.
Стары, збянтажаны ўжо дазвання, мала не закалаціўся.
— Не хвалюйцеся. Я расследую справу па даручэнні вашага патрона. Вы ж…
— Галоўны касір, — спешна пацвердзіў стары.
— Гэта вы служыце ў кампаніі вось ужо… вось ужо…
— Сорак два гады. Я пачынаў тут яшчэ пры пане Шарлі.
Читать дальше