— «Сэн-Мішэль» у порце?
— Ён быў у шлюзе, калі я праходзіла міма… Ланэк хацеў тэрмінова пабачыць брата… Здаецца, яны спяшаюцца адплыць… Я сказала яму, што Луі нават не заходзіў да мяне… І ўстрывожылася за яго, бо ён плёў нешта дзіўнае, я нават не разабрала нічога…
— Чаму вы прыйшлі сюды? — спытаўся Мэгрэ.
— Хацела даведацца, ці няма для Луі якой небяспекі… Ланэк сказаў, што небяспека ёсць і што, мажліва, нічым ужо не паможаш… А ў порце мне перадалі, што вы тут…
Незадаволены матрос паціснуў плячыма, быццам казаў тым самым, што жанчыны часта хвалююцца праз любую драбязу.
— Вам пагражае небяспека? — спытаўся Мэгрэ, спрабуючы злавіць яго позірк.
Вялікі Луі засмяяўся. Смех у яго быў штучны і здаўся ідыёцкім.
— Чым устрывожаны Ланэк?
— А я адкуль ведаю?
Агледзеўшы прысутных, камісар задуменна, з горыччу вымавіў:
— Значыцца, вы нічога не ведаеце! І ўсе ў аднолькавым становішчы. Вы, пан мэр, не знаёмы з панам Марціно і не ведаеце, чаму Вялікі Луі, якога вы прымаеце, як добрага знаёмага, гуляеце з ім у шашкі, корміце і поіце, пачынае раптам біць вас па твары кулакамі, проста м а л а ц і ц ь…
Ні слова ў адказ.
— І гэта яшчэ не ўсё! Вы лічыце такія паводзіны матроса натуральнымі! Не бароніцеся! Адмаўляецеся нават падаць на яго скаргу. Ды што там — і не думаеце выставіць «вашага сябра» за дзверы!
Камісар павярнуўся да Вялікага Луі.
— Вы таксама нічога не ведаеце! Праводзіце ноч на дразе, але хто там быў з вамі — сказаць не можаце… Вас прымаюць у гэтым доме, як дарагога госця, а за гасціннасць вы плаціце гаспадару лупцоўкаю… І, вядома, вы, як і ўсе, ніколі не сустракаліся з панам Марціно!..
Ніхто нават не ўздрыгнуў. Усе ўпарта разглядвалі карункі на сурвэце.
— І вы, пан Марціно, таксама ведаеце не больш за іншых. Вам вядома хоць, на чым вы прыбылі з Нарвегіі ў Францыю? Не?.. Вам ямчэй спаць на старой канапе на борце драгі, чым у мяккім ложку ў гатэлі… У Парыж вы едзеце спачатку на ровары, пасля купляеце машыну… Але вы не ведаеце нічога і нікога! Ні пана Гранмэзона, ні Луі, ні капітана Жарыса… Ну, а вы, Жулі, натуральна, ведаеце пра ўсё гэта яшчэ менш за іншых!..
Камісар разгублена зірнуў на Люка. Той зразумеў: і думаць нават не прыходзілася, каб арыштаваць усіх.
Кожны з іх паводзіў сябе вельмі дзіўна, маніў і сам сабе пярэчыў. Але ж і ніхто не даваў сапраўднага доказу!
Гадзіннік паказваў адзінаццаць вечара. Мэгрэ выбіў люльку ў камін.
— Я вымушаны прасіць вас усіх заставацца ў руках правасуддзя. Мне, несумненна, прыйдзецца яшчэ задаць вам некалькі пытанняў, нягледзячы на тое, што вы нічога не ведаеце… Мяркую, пан мэр, вы не маеце намеру пакінуць Вістрэам?
— Не!
— Я вам удзячны… Вы, пан Марціно, маглі б зняць нумар у гатэлі «Універсаль», дзе спыніўся і я…
Нарвежац пачціва нахіліў галаву.
— Люка, правядзі пана ў гатэль, — сказаў камісар памочніку і павярнуўся да Вялікага Луі і Жулі. — Вы абое ідзіце за мною…
Выйшаўшы з вілы, Мэгрэ рушыў спачатку ў шынок. У перапынку паміж шлюзаваннямі партавікі пілі там гарачы грог, грэліся. Камісар адпусціў жандараў, што чакалі яго тут, як ён загадаў. На дварэ зірнуў услед Люка і Марціно. У гатэлі яшчэ гарэла святло: гаспадар не клаўся спаць, чакаў пастаяльцаў.
Жулі была без паліто і дрыжала цяпер ад холаду. Луі зняў куртку і сілаю накінуў яе дзяўчыне на плечы.
Дзьмуў такі моцны вецер, што амаль немагчыма было гаварыць. Закладвала вушы. Халоднае паветра апякала твар, балелі павекі. Ішлі, нахіляючыся ўперад. Партавікі ў шынку глядзелі ім у спіну.
— Гэта «Сэн-Мішэль»? — спытаўся камісар, убачыўшы паруснік, які выходзіў са шлюза ў порт. Судна здалося Мэгрэ вышэйшым, чым тады, калі ён убачыў яго ўпершыню.
Матрос нешта прабурчаў. Камісар ледзь зразумеў, што той хацеў сказаць: судна выгрузілася ў Кане і цяпер ішло ўлегцы па новы груз.
Яны падыходзілі ўжо да доміка Жарыса, калі да іх наблізіўся чыйсьці цень. Каб пазнаць адно аднаго, трэба было стаць твар у твар. Чалавек, што падышоў да іх, не надта ўпэўнена сказаў Вялікаму Луі:
— А, вось і ты… Спяшайся, адплываем…
Мэгрэ паглядзеў на недарослага капітана-брэтонца, пасля на мора, якое з грукатам кідала свае магутныя хвалі на пірсы. Неба, скрозь у хмарах, якія плылі і плылі, было трывожнае.
«Сэн-Мішэль» стаяў на якары каля паляў, у поўнай цемры, калі не лічыць маленькае лямпачкі, што гарэла пад рубкаю.
— Хочаце адплываць? — спытаўся камісар.
— А што ж нам рабіць?
— Куды курс?
Читать дальше