— Ну, ну!.. Але ж, здаецца, вы не нарвежац?..
Незнаёмы гаварыў без акцэнту ды і з твару не быў падобны на скандынава. Ён быў высокага росту, даволі малады, фігуру меў прыгожую. Элегантны гарнітур быў крыху памяты.
— Прабачце! Я не нарвежац па паходжанні, але нарвежскі падданы…
— А жывяце ў Бергене?
— У Трамсё, на Лафатэнскіх астравах.
— Вы — камерсант?
— У мяне завод па перапрацоўцы адходаў траскі.
— Такіх, як ікра, напрыклад?
— Ікра і ўсё астатняе. Робім з галоў і печані рыбін тлушч, з касцей — угнаенне…
— Выдатна! Проста выдатна! Застаецца толькі высветліць, што вы рабілі ў Вістрэаме ў ноч з шаснаццатага на семнаццатае верасня…
Незнаёмы не разгубіўся, паволі азірнуўся і адказаў:
— Мяне не было ў Вістрэаме.
— Дзе ж вы былі?
— А вы?
Усміхнуўшыся, ён растлумачыў свой адказ:
— Я хачу сказаць: ці б маглі вы самі вось гэтак раптоўна сказаць, што вы рабілі ў які-небудзь дзень, гадзіну, калі з тае пары прайшло ўжо больш за месяц?
— Вы былі ў Нарвегіі?
— Магчыма.
— Трымайце!
І Мэгрэ працягнуў субяседніку асадку з залатым пяром, якую нарвежац, падзякаваўшы, спакойна паклаў у кішэню.
Дальбог, прыгожы мужчына! Прыкладна таго ж узросту і росту, што і мэр, але больш статны і дужы. У яго цёмных вачах можна было ўгадаць напружанае ўнутранае жыццё. А ўсмешка тонкіх вуснаў казала пра вялікую ўпэўненасць чалавека ў сабе.
На камісаравы пытанні ён адказваў пачціва.
— Мяркую, — сказаў ён, — наша сустрэча — простая памылка, і быў бы рады зноў адправіцца ў дарогу…
— Гэта ўжо іншае пытанне. Дзе вы пазнаёміліся з Вялікім Луі?
Але незнаёмы, насуперак чаканню Мэгрэ, і не паглядзеў на матроса.
— Вялікім Луі? — перапытаў нарвежац.
— Вы пазнаёміліся з капітанам Жарысам, калі ён яшчэ плаваў?
— Прабачце. Я не разумею.
— Вядома! А калі я спытаю ў вас, чаму вы начуеце на борце разваліны-драгі замест таго, каб уладкавацца ў гатэлі, вы таксама будзеце здзіўлены?
— А як вы думаеце? Згадзіцеся, што на маім месцы…
— І, аднак, учора вы прыбылі ў Вістрэам на борце «Сэн-Мішэля». Пры ўваходзе ў порт пераселі са шхуны ў шлюпку. Потым перабраліся на драгу і правялі там ноч. Сёння пасля абеду абышлі вілу, у якой мы цяпер знаходзімся, потым узялі ровар і паехалі ў Кан. Купілі там машыну. Выехалі ў Парыж. І ці не з пані Гранмэзон вы павінны былі сустрэцца ў гатэлі «Лютэцыя»? У такім выпадку няма патрэбы нікуды ехаць. Або я дужа памыляюся, або яна будзе тут сёння ноччу.
Маўчанне. Мэр ператварыўся ў статую. Позірк у яго быў настолькі нерухомы, што ў ім не адчувалася ніякага жыцця. Вялікі Луі пачэсваў раз-пораз патыліцу і пазяхаў, усё яшчэ седзячы, тым часам як усе астатнія стаялі.
— Вас завуць Марціно?
— Але, Жан Марціно.
— Ну дык вось, пан Жан Марціно, падумайце! Ці сапраўды вам няма чаго паведаміць нам? Вельмі нават магчыма, што адзін з тых, хто тут прысутнічае, хутка ўстане перад судом.
— Мне не толькі няма чаго вам сказаць, але і хочацца папрасіць вашага дазволу папярэдзіць нарвежскага консула, каб ён прыняў неабходныя меры.
І гэты туды ж! Гранмэзон пагражаў ужо, што паскардзіцца, цяпер і Марціно збіраецца зрабіць тое самае! Хіба што адзін Вялікі Луі нікому нічым не пагражаў, згодзен цярпець што хочаш, было б толькі што выпіць.
Чуваць было, як бушаваў шторм, які з прылівам дасягнуў свайго піку.
Позірк у Люка быў вельмі красамоўны. Канечне, ён думаў: «Ну і ўліплі ж мы ў гісторыю! Хоць бы што-небудзь высветлілася!..»
Мэгрэ хадзіў па пакоі, сердаваў, паліў.
— Значыць, вы нічога не ведаеце, ні адзін, ні другі, пра знікненне капітана Жарыса і яго смерць?
Абодва моўчкі пакруцілі галавою. Раз-пораз Мэгрэ спыняў свой позірк на Марціно.
У гэты момант звонку пачуліся хуткія крокі і стук у дзверы. Пасля кароткіх ваганняў Люка пайшоў адчыняць. Убегла Жулі. Яна цяжка дыхала. Спыніўшыся, ледзь вымавіла:
— Камісар, мой брат…
І адразу ж здзіўлена змоўкнула, убачыўшы перад сабою гіганцкую постаць Вялікага Луі, які ўстаў з крэсла.
— Ваш брат?.. — перапытаў Мэгрэ.
— Нічога… Я…
Яна паспрабавала ўсміхнуцца, усё яшчэ цяжка дыхаючы. Адступаючы спінаю назад, наткнулася на Марціно, павярнулася да яго.
— Прабачце, пан…
Стала ясна, што яна не знаёмая з ім.
Праз адчыненыя дзверы ў пакой урываўся вецер.
Жулі спяшалася ўсё расказаць:
— Я была дома зусім адна… Мне было страшна… Легла спаць не раздзеўшыся. Раптам у дзверы моцна пастукалі… Прыйшоў Ланэк, братаў капітан…
Читать дальше