— Безумоўна, — Пегі збіралася нешта дадаць, але ў самы апошні момант спынілася.
— Цудоўна! — ускочыла з крэсла Адэль Бослі. — Магу я патэлефанаваць з вашага тэлефона?
— Пазней, — асек як Вулф. — Сядайце, калі ласка.
— Мне здаецца, — заўважыў суддзя Арнольд, — што гэта можна было паведаміць нам і па тэлефоне. Я мусіў адмяніць важную сустрэчу. — Адвакатам цяжка дагадзіць.
— Даволі слушная заўвага, — пагадзіўся Вулф памяркоўным тонам, — калі б гэта было ўсё. Але застаецца пытанне, звязанае са смерцю Міёна. Калі я…
— Якое яна мае да гэтага дачыненне?
— Якраз гэта я і збіраюся вам паведаміць. Безумоўна, гэта не старонняе пытанне, бо яго смерць была вынікам, хоць і ўскосным, гвалтоўных дзеянняў з боку містэра Джэймса. Але сфера маіх інтарэсаў не абмяжоўваецца толькі гэтым. Місіс Міён звярнулася да маіх паслуг не толькі таму, каб вырашыць пытанне аб іску, прад'яўленым яе мужам містэру Джэймсу — гэтае пытанне ўжо закрыта, — але і таму, каб расследаваць справу аб смерці мужа. Яна была ўпэўнена, што ён не скончыў самагубствам. І не магла паверыць, улічваючы характар містэра Міёна, што ён быў здольны на самагубства. Я правёў расследаванне і гатовы паведаміць ёй вынікі.
— Навошта мы тут? — віскнуў Руперт Тлушч.
— Мне патрэбен нехта адзін. Патрэбен забойца.
— І ўсё ж менавіта мы не патрэбны, — сурова заўважыў Арнольд.
— Чорт! — раўкнуў Вулф. — Ідзіце! Усе, акрамя аднаго. Ідзіце.
Ніхто не зварухнуўся.
Вулф пачакаў пяць секунд.
— Ну, тады будзем працягваць, — суха прамовіў ён. — Як я ўжо казаў, я гатовы паведаміць вынікі, але расследаванне пакуль не завершана. Для высвятлення адной вельмі важнай дэталі патрэбна афіцыйная санкцыя, і таму тут прысутнічае інспектар Крэймер. Адначасова спатрэбіцца садзейнічанне з боку місіс Міён, акрамя таго, лічу мэтазгодным атрымаць кансультацыю ад доктара Лойда, бо менавіта ён падпісаў пасведчанне аб смерці. — Вулф перавёў позірк на Пегі. — Пачнём з вас, мадам. Вы дадзіцё згоду на эксгумацыю цела вашага мужа?
— Навошта? — спытала місіс Міён, здзіўлена глянуўшы на Вулфа.
— Каб атрымаць доказы таго, што яго забілі, і высветліць, хто быў забойца. І на гэта ёсць даволі важкія падставы.
— Так. Мне ўсё роўна, — сказала Пегі ўжо без здзіўлення ў голасе. Яна падумала, што ён сказаў гэта проста так.
Вулф перавёў позірк улева.
— Вы не супраць, доктар Лойд?
Лойд разгубіўся.
— Не ведаю, — паволі і выразна адказаў ён, — куды вы хіліце, але як бы там ні было, ад мяне нічога не залежыць, я проста выпісаў пасведчанне.
— Значыць, вы не будзеце супраць. Містэр Крэймер, падстава для просьбы аб афіцыйнай санкцыі з'явіцца праз момант, але павінен вам сказаць, што абследаванне і даклад павінен зрабіць доктар Абрахам Рэнтнер са шпіталя «Гара Сінай».
— Эксгумацыя не праводзіцца толькі таму, што вам гэта цікава, — прабурчаў Крэймер.
— Вядома. Але справа не ў маёй асабістай цікаўнасці. — Вулф абвёў позіркам прысутных. — Усе вы, я лічу, ведаеце, што адна з асноўных прычын, і, відаць, нават галоўная, што легла ў аснову заключэння паліцыі наконт таго, што Міён скончыў самагубствам, былі абставіны надыходу смерці. Безумоўна, неабходнай была наяўнасць і іншых дэталяў — напрыклад, прысутнасць рэвальвера каля цела, — і ўсе гэтыя дэталі аказаліся адпаведнымі. Але вырашальным фактарам было тое меркаванне, што чалавека нельга забіць, засунуўшы яму ў рот дула і націснуўшы на курок, не пазбавіўшы перш прытомнасці, а ніякіх прыкмет таго, што быў нанесены ўдар ці ўжываліся лекавыя прэпараты — не было. Такое меркаванне звычайна аказваецца абгрунтаваным, але менавіта гэты выпадак аказаўся выключэннем. Гэта мне прыйшло ў галаву адразу пасля таго, як місіс Міён першы раз прыйшла да мяне па кансультацыю. Паколькі там прысутнічала… але я прадэманструю вам гэта шляхам простага эксперыменту. Арчы, дайце мне рэвальвер.
Я выцягнуў трэцюю шуфляду стала і ўзяў адтуль рэвальвер.
— Зараджаны?
— Не, сэр, — адказаў я, шчоўкнуўшы затворам.
Вулф зноў звярнуўся да прысутных.
— Думаю — вось вы, містэр Джэймс. Як оперны спявак вы павінны ўмець выконваць аўтарскія рэмаркі. Устаньце, калі ласка. Справа сур'ёзная, так што рабіце ўсё належным чынам. Вы — пацыент, у якога баліць горла, а містэр Гудвін — ваш доктар. Ён папросіць вас адкрыць рот, каб мець магчымасць агледзець горла. Вы павінны зрабіць тое, што на самай справе зрабілі б у такіх абставінах. Калі ласка.
— Але ж гэта і так ясна, — сказаў з пахмурным выглядам Джэймс, падымаючыся з крэсла. — Лічу, што няма ніякай патрэбы.
Читать дальше