Рэкс Стаўт
Крылаты рэвальвер
Маладая жанчына вынула з рыдыкюля паперчыну ружовага колеру, устала з чырвонага скуранога крэсла, паклала яе на стол Ніра Вулфа і зноў села. Паколькі я лічыў сваім абавязкам быць у курсе спраў, ды і каб Вулф не нагінаўся, бо да паперкі не так лёгка было дацягнуцца, я ўстаў, падышоў да стала і перадаў яе Вулфу, папярэдне прачытаўшы, што там было напісана.
Гэта быў чэк на пяць тысяч даляраў, выпісаны таго ж дня, чатырнаццатага жніўня, на яго прозвішча і падпісаны Маргарэт Міён. Вулф зірнуў на чэк і кінуў яго на стол.
— Я падумала, — сказала жанчына, — што, можа, гэта будзе найбольш зручны шлях пачаць размову.
Разглядаючы жанчыну з-за свайго стала, я пачаў паволі мяняць свае адносіны да яе. Калі яна патэлефанавала раней, у нядзелю адразу папалудні, і папрасіла аб сустрэчы, я адшукаў у памяці цьмяны ўспамін пра яе фота, надрукаванае ў газеце некалькі тыдняў таму, і падумаў, што сустрэча з ёй не будзе ў радасць, але цяпер уяўленне аб ёй пачынала паступова мяняцца.
Знешнія дадзеныя былі не самае галоўнае з таго, што яна мела, бо яны былі так сабе, важна — як яна імі карысталася. Я не маю на ўвазе розныя там выкрутасы і хітрыкі. Вусны не былі прывабныя, нават калі яна ўсміхалася, а вось усмешка была прыгожая. Карычневыя вочы як вочы, нічога незвычайнага, але я з асалодаю пазіраў, як яна пераводзіла іх з Вулфа на мяне, потым на мужчыну, што прыйшоў з ёю і цяпер сядзеў злева. На маю думку, трыццаць ёй будзе недзе гады праз тры.
— Ці не думаеш, — спытаўся ў яе мужчына, — што мы спачатку павінны атрымаць адказ на некаторыя пытанні?
Мужчына сказаў гэта напружаным і крыху суровым тонам, з адпаведным выразам твару. Ён быў устрывожаны і не хаваў гэтага. Глыбока пасаджаныя шэрыя вочы, моцны падбародак — у лепшы час яго можна было б прыняць за якога-небудзь лідэра, але толькі не цяпер. Нешта яго мучыла. Калі місіс Міён прадставіла яго як містэра Фрэдэрыка Ўэплера, я ўспомніў, што гэта прозвішча музычнага крытыка «Гэзэт», але не мог прыпомніць, ці ішла аб ім гаворка ў інфармацыі пра падзею, у сувязі з якой у газеце з'явілася фатаграфія місіс Міён.
У адказ жанчына пакруціла галавой, зрабіўшы гэта невыпадкова.
— Гэта не дапаможа, Фрэд, праўда. Нам трэба будзе ўсё расказаць і паслухаць, што ён скажа. — Яна ўсміхнулася, зірнуўшы на Вулфа, — ці, можа, на самай справе гэта была не ўсмешка, а звычайны для яе рух вуснаў. — Містэр Уэплер быў не зусім упэўнены ў неабходнасці звяртацца да вас, і мне прыйшлося яго ўгаворваць. Мужчыны асцеражнейшыя за жанчын, ці не так?
— Так, — пагадзіўся Вулф і дадаў: — Дзякуй Богу.
Яна кіўнула галавой, выказваючы згоду.
— Я думаю, што так, — і прадоўжыла гаворку, дапаўняючы яе жэстамі. — Я прынесла чэк у доказ таго, што ставімся да гэтага сур'ёзна. Мы трапілі ў непрыемнае становішча і хацелі б, каб вы дапамаглі з яго выбрацца. Мы хочам уступіць у шлюб, але не можам гэтага зрабіць. Прынамсі, калі гаварыць толькі за сябе, я хачу выйсці за яго замуж. — Яна зірнула на Ўэплера, і цяпер на яе твары сапраўды была ўсмешка. — Ты хочаш жаніцца са мной, Фрэд?
— Ага, — прамармытаў той. Потым нечакана крутануў падбародкам і задзірліва глянуў на Вулфа. — Вы разумееце — справа далікатная. І не хацелася б, каб у яе лезлі чужыя, але мы ўсё-такі прыйшлі да вас па дапамогу. Мне трыццаць чатыры гады, і першы раз у жыцці я… — Ён змоўк. І праз хвіліну зноў загаварыў здаўленым голасам: — Я закаханы ў місіс Міён і больш за ўсё на свеце хачу, каб яна была маёй жонкай. — Ён перавёў вочы на аб'ект кахання і прамармытаў нешта падобнае на заклік: — Пегі!
— Лічу гэта даказаным, — прабурчаў Вулф. — Вы абое хочаце ўступіць у шлюб. Ну, дык у чым справа?
— Справа ў тым, што мы не можам, — сказала Пегі. — Проста не можам гэтага зрабіць. І толькі таму, што… Вы, можа, памятаеце, што здарылася ў красавіку, чатыры месяцы назад, калі чыталі пра смерць Альберта Міёна, опернага спевака?
— Нешта такое чытаў. Але вы лепш мне напомніце.
— Ну, ён скончыў самагубствам. — Гэты раз на яе твары не было нават падабенства на ўсмешку. — Мы знайшлі яго з Фрэдам — містэрам Уэплерам. У сем гадзін вечара, у адзін з аўторкаў красавіка, у нашай кватэры на Іст-Энд-авеню. Якраз таго ж дня высветлілася, што мы з Фрэдам кахаем адно аднаго, і…
— Пегі! — раптам звярнуўся да яе Ўэплер.
Тая зірнула на яго, потым зноў перавяла вочы на Вулфа.
— Відаць, я павінна параіцца з вамі, містэр Вулф. Як лічыць Фрэд, мы павінны расказаць вам толькі тое, без чаго нельга зразумець праблему, а я лічу, што вы не зразумееце сітуацыі, калі мы не раскажам вам усяго. Як вы думаеце?
Читать дальше