Яны не ажывіліся нават тады, калі Вулф паказаў сведчанне, падпісанае прозвішчам Клары Джэймс. Яны чыталі яго разам, яна — седзячы ў чырвоным скураным крэсле, ён — прысеўшы побач на падлакотнік.
Прачытаўшы, яны адначасова зірнулі на Вулфа.
— Ну, дык і што? — спытаў Фрэд.
— Шаноўны пан, — сказаў Вулф, адсунуўшы кубак са сподкам. — Шаноўная пані. Чаму вы прыйшлі да мяне? Таму, што тая акалічнасць, што рэвальвера не было на падлозе, калі вы абое зайшлі ў студыю, упэўніла вас у тым, што Міён не скончыў самагубствам, а яго забілі. Калі гэта акалічнасць дазволіла б вам паверыць, што гэта было самазабойства, вы б ужо пажаніліся і я не быў бы вам патрэбны. Выдатна. Цяпер абставіны, як высветлілася, сведчаць менавіта аб гэтым. Чаго яшчэ вы хочаце? Вы хацелі вызваліць свае думкі ад падазронасці. Я іх вызваліў.
Фрэд моцна сцяў скрыўленыя вусны.
— Я гэтаму не веру, — пахмурна сказала Пегі.
— Вы не верыце гэтаму сведчанню? — Вулф узяў дакумент і паклаў у шуфляду стала, такі ўчынак прыемна здзівіў мяне як разумная перасцярога, бо набліжалася дзевятая гадзіна.
— Вы лічыце, што міс Джэймс падпісала б такі вось дакумент, калі б гэта не была праўда? Навошта тады…
— Я маю на ўвазе не гэта, — перапыніла яго Пегі. — А тое, што я не веру, каб мой муж скончыў самагубствам, незалежна ад таго, дзе знаходзіўся рэвальвер. Я занадта добра яго ведала. Ён бы ніколі не налажыў на сябе рукі — ніколі. — Пегі ўзняла галаву і глянула на свайго спадарожніка. — Ці не так, Фрэд?
— Гэтаму цяжка паверыць, — неахвотна пагадзіўся Фрэд.
— Вось як! — з'едліва заўважыў Вулф. — Тады заданне, якое вы мне даручылі, не адпавядае вашаму ранейшаму апісанню. Зрэшты, вы павінны пагадзіцца наконт таго, што я задаволіў вашу просьбу высветліць пра рэвальвер; тут ужо вам ніяк не выкруціцца. Такім чынам, даручэнне выканана, але цяпер вы хочаце яшчэ нешта. Вы хочаце, каб было раскрыта забойства, што азначае, у выпадку неабходнасці, і арышт забойцы. Вы хочаце…
— Я маю на ўвазе, — настойвала ў поўным адчаі Пегі, — што не веру, каб ён мог скончыць самагубствам, і нішто не прымусіць мяне паверыць у гэта. Цяпер я разумею, што я сапраўды…
У гэты момант пачуўся званок, і я пайшоў адчыняць дзверы.
Так нашы кліенты засталіся на сустрэчу. Усяго на ёй прысутнічала дзесяць запрошаных: шасцёра тых, хто быў тут у панядзелак вечарам, двое кліентаў, інспектар Крэймер і мой стары знаёмы і праціўнік сяржант Перлі Стэбінс. Незвычайнасць сустрэчы была ў тым, што толькі самая абмежаваная з усіх прысутных — Клара Джэймс разумела, у чым справа, праўда, калі не прагаварылася бацьку, у чым я сумняваўся. Яна мела перавагу над астатнімі дзякуючы намёку, які пачула ад мяне ў бары «Чэрчыль».
У Адэлі Бослі, доктара Лойда, Руперта Гроўва, суддзі Арнольда і Джыфарда Джэймса, да таго як яны зайшлі ў кабінет і пазнаёміліся з інспектарам Крэймерам і сяржантам Стэбінсам, не было падстаў лічыць, што на сустрэчы магло быць штосьці іншае, апрача пытання аб іску да Джэймса. Адзін Бог ведаў, што яны падумалі: дастаткова было зірнуць на іх твары, каб упэўніцца, што менавіта яны нічога не ведаюць.
Што датычыцца Крэймера і Стэбінса, то ў іх быў дастатковы вопыт супрацоўніцтва з Ніра Вулфам: каб разумець, што ёсць амаль усе падставы быць упэўненым — пер'е пасыплецца, толькі вось з каго, як і калі?
Што ж датычыцца Фрэда і Пегі, то нават пасля прыходу прадстаўнікоў праваахоўных органаў яны, відаць, лічылі, што Вулф збіраецца канчаткова зацвердзіць версію аб самазабойстве Міёна, азнаёміўшы прысутных з сведчаннем Клары і паведаміўшы аб тым, што Фрэд расказаў нам, як рэвальвер перанёсся з бюста на падлогу — відаць, таму ў іх на тварах быў выраз адчаю і зацкаванасці. Гэты раз яны адчувалі сябе нібыта ў пастцы.
Вулф звярнуўся да інспектара, які сядзеў ззаду каля вялікага глобуса:
— Калі вы не супраць, містэр Крэймер, перш я высветлю адно невялікае пытанне, якое выходзіць за межы вашых інтарэсаў.
Крэймер кіўнуў галавой і паправіў тырчаўшую з рота сігару.
Вулф перавёў позірк на іншых прысутных.
— Я ўпэўнены, вам будзе прыемна пачуць наступнае. Але трэба сказаць, што я прыйшоў да такой высновы не таму, каб спецыяльна парадаваць вас. Я вывучыў толькі сутнасць справы. Не кранаючы юрыдычнага статуса місіс Міён, я лічу, што маральна яна не мае падстаў для іску супраць містэра Джэймса. Як я сцвярджаў раней, місіс Міён пагаджаецца з маёй думкай. Яна не прад'яўляе іску і не патрабуе кампенсацыі. Вы пацвярджаеце гэта ў прысутнасці сведак, місіс Міён?
Читать дальше